Гэта не сон, а заканамернасць — пры ўмове якаснага выканання праграмы імпартазамяшчэння
Летась у краіну з‑за межаў завезлі спажывецкіх тавараў на суму 7,7 млрд долараў, а за першае паўгоддзе 2014‑га — 3,7 млрд. Грошы вялікія. І хаця б частку з іх маглі зарабіць айчынныя вытворцы. Якім чынам прывабіць пакупніка да беларускага тавару, вывучала «Звязда».
[4]Каб купіць айчынную «малочку» ў крамах, людзі часам не тое што чэргамі, а нават натоўпамі ходзяць і стараюцца як мага хутчэй ухапіць любімае малако, смачны глазураваны сырок, свежую смятанку ці што іншае, але прымусіць беларуса купіць айчынны тэлевізар больш складана. З ахвотай налятаюць усе на сыры і цукеркі, а пральнай машыне айчыннага вытворцы аддае перавагу нашмат менш людзей. Аднак імпартазамяшчэнне ў нашай краіне выконваецца. Штогод з'яўляюцца новыя аналагі імпартнага. Прычым, як сцвярджаюць вытворцы, зусім не горшыя, а часам і лепшыя.
Я з гэтым спрачацца не буду, бо добра памятаю беларускі халадзільнік, які адпрацаваў у нашай сям'і каля 10 гадоў. І працаваў бы далей, але пасля невялікага рамонту на яго далі гарантыю толькі год. Давялося прадаваць праз інтэрнэт «у добрыя рукі» па невялікай цане з‑за рамонту і купляць новы. Аднак гэта толькі адзінкавы прыклад. Каб такое стала тэндэнцыяй, спатрэбіцца шмат працы.
Вязём тое, чаго няма
Як вядома, у асноўным завозяцца ў краіну тавары, якія не вырабляюцца айчыннай прамысловасцю ці выпуск якіх недастатковы. Гэта называецца крытычным імпартам. Зразумела, што шэраг тавараў нельга не імпартаваць. Перш за ўсё кава, чай, марская і акеанічная рыба, цытрусавыя, бананы, рыс і шмат іншага. Нагадаем, што харчовыя тавары складаюць у цэнавым выражэнні каля 20% крытычнага імпарту.
Таксама мы імпартуем шмат нехарчовых тавараў: бензінавыя газонакасілкі, бытавыя пыласосы, бензапілы, лічбавыя радыёпрыёмныя прыстасаванні, лічбавыя фотаапараты і кінакамеры, элементы сілкавання, мабільныя тэлефоны, адзенне з натуральнай скуры і джынсавых тканін, многія віды інструментаў, канцылярскіх і спартыўных тавараў і іншае.
Па многіх таварах аб'ёмы выпуску, асартымент, спажывецкія характарыстыкі не дазваляюць задаволіць спажывецкі попыт за кошт айчыннай прадукцыі (абутак, тэкстыльнае адзенне, сродкі для мыцця і чысткі, тэлевізары, шпалеры, керамічная плітка і іншыя), і таму доля іх імпарту ў структуры нехарчовых тавараў, якія завозяцца, найбольш адчувальная.
Замяняць — калі выгадна
[5]Аднак павелічэнне імпарту — гэта праблема. І яе трэба вырашаць адпаведным павелічэннем долі айчыннай прадукцыі на ўнутраным рынку. У той жа час замяшчаюцца толькі тыя пазіцыі, якія маюць эканамічна выгадны патэнцыял. «Немагчыма засвоіць усё. І ў гэтым няма неабходнасці, бо праграма імпартазамяшчэння — гэта нацэльванне вытворцы не нейкія навінкі, тое, што неабходна выпускаць у адпаведнасці з кан'юнктурай рынку. Зразумела, імпартазамяшчэнне накіравана як на аптымізацыю імпарту, так і на нарошчванне экспартных паставак», — гаворыць Святлана Слінько, начальнік упраўлення спажывецкага рынку харчовых тавараў Міністэрства гандлю.
Ведамства, са свайго боку, пастаянна ўзаемадзейнічае з галіновымі міністэрствамі і канцэрнамі па нарошчванні вытворчасці запатрабаванай імпартазамяшчальнай прадукцыі. Адбываюцца кан'юнктурныя нарады, рабочыя сустрэчы гандлю і прамысловасці, выставы-кірмашы. Мінгандаль (на аснове аналізу кан'юнктуры спажывецкага рынку, імпарту, узроўню продажаў) штогод уносіць прапановы для прапрацоўкі магчымасці стварэння новых вытворчасцяў спажывецкіх тавараў, павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі, якая ўжо выпускаецца. На 2014 год было 360 прапаноў (25 — харчовых, 335 — нехарчовых). А за 2009–2013 гады ў краіне засвоены выпуск каля 280 новых пазіцый спажывецкіх тавараў.
Сярод навінак апошніх гадоў — гіпаалергенныя дзіцячыя сухія сумесі, халадзільнікі з сістэмай «Nо Frоst» (без з'яўлення інею ў камерах), пральныя машыны з павялічанай максімальнай загрузкай бялізны да 7 кг, LСD-тэлевізары са святлодыёднай падсветкай, мультываркі, мікрахвалевыя печы, падгузнікі для дзяцей, новыя калекцыі адзення і абутку, новыя серыі парфумерна-касметычнай прадукцыі і іншыя тавары.
Сёлета прамысловасць прыняла да засваення яшчэ 63 пазіцыі імпартазамяшчальных прадуктаў. У першым паўгоддзі на ўнутраны рынак паступіла 55 новых тавараў, у тым ліку тыя, што ў Беларусі не вырабляліся: мяккая карамель, бісквітнае печыва, зменныя картрыджы для ёмістасцяў для фільтрацыі вады, напольнае ламініраванае пакрыццё.
Чалавечы фактар
[6]Як паказвае маніторынг продажаў новых тавараў, па асобных пазіцыях патрабуецца пашырэнне асартыменту, дапрацоўка па спажывецкіх характарыстыках (адзенне, абутак, шпалеры, офісная папера, туалетнае мыла, парасоны і іншыя). Неабходна, безумоўна, больш актыўнае прасоўванне, пазіцыянаванне новай прадукцыі, яе «масіраваная» рэклама.
«Кожны новы тавар не застаецца без увагі работнікаў Мінгадлю. Мы праводзім маніторынг, потым гэтыя пытанні разглядаюцца на камісіі па павышэнні канкурэнтаздольнасці эканомікі, якая створана пры Савеце Міністраў, — тлумачыць Ніна Пашко, начальнік упраўлення спажывецкага рынку нехарчовых тавараў Міністэрства гандлю. — Усе прапановы накіроўваюцца вытворцам. Ужо сёння адносіны нашых пакупнікоў да айчынных нехарчовых тавараў змяніліся. Але трэба яшчэ ўзмацніць рэкламу, змяніць упакоўку, палепшыць спажывецкія характарыстыкі».
Як бы там ні было, але айчынныя прадпрыемствы выпускаюць тавары, засваенне вытворчасці якіх некалі лічылася немэтазгодным: мантажная пена і герметыкі, падгузкі для дзяцей, энергазберагальныя люмінесцэнтныя лямпы, якія рэалізуюцца не толькі на ўнутраны, але і знешні рынак. Пакупнік заўсёды гатовы зрабіць выбар на карысць айчыннай прадукцыі пры ўмове яе канкурэнтаздольнасці ў параўнанні з замежнымі аналагамі. «Добрая якасць, брэнды, пазнавальнасць нашых тавараў — залог поспеху беларускіх вытворцаў», — лічаць у Міністэрстве гандлю. А хто ж спрачаецца? Так яно і ёсць. Вось толькі для людзей часта вялікую ролю адыгрывае цана. А беларускія тавары часам бываюць нават нашмат даражэйшымі за імпартныя. «Я думаю, што павінна быць разумнае спалучэнне цаны і якасці. Калі прадукт мае лепшыя тэхнічныя характарыстыкі, дызайн, чаму ён павінен быць таннейшы?» — пытаецца Ніна Пашко.
Асабіста мне здаецца, што нядрэнна было б падэмпінгаваць (зрабіць наўмысна нізкую цану, якую не прапануе ніводны канкурэнт) для таго, каб адваяваць унутраны рынак у імпарту. А потым ужо можна было б і цану дыктаваць сваю. Але ж не раней за той час, калі беларусы паверылі б у выключную якасць менавіта айчыннай прадукцыі. Чаму так лічу? Усё проста: чалавечы фактар — самы галоўны, самы непрадказальны, але і самы эфектыўны адносна рэкламавання прадукцыі. Калі нехта сказаў дрэннае пра той ці іншы тавар, то яго ніхто і купляць не будзе. Ці не так? У мяне адбылося тое самае з халадзільнікам, пра які расказваў напачатку. Мы хацелі купіць зноў айчынны. Але нейкія знаёмыя, а потым і пара-тройка гандляроў-кансультантаў у крамах шапнулі, быццам пайшлі апошнім часам нейкія дрэнныя партыі. У выніку купілі імпартны. Дык вось, калі на працягу некалькіх гадоў будуць толькі добрыя водгукі — беларускія вытворцы стануць больш прывабнымі ў вачах патэнцыйных пакупнікоў. Над гэтым і трэба працаваць і ствараць сапраўды якасны прадукт.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-kulecki
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/172.png
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/252.png
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/341.png
[7] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-gandlyu
[8] https://zviazda.by/be/tags/impart
[9] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[10] https://zviazda.by/be/tags/tavary
[11] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae
[12] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-slinko
[13] https://zviazda.by/be/tags/chergi
[14] https://zviazda.by/be/tags/nina-pashko-0