Партызанскі рух заўсёды быў і застаецца адной з самых папулярных і невычарпальных тэм у Беларусі. Дагэтуль вельмі шматлікае злучае нас з тым часам і, на жаль, вельмі мала засталося сёння ветэранаў. Часам маладое пакаленне пазнае пра змагароў той вайны ўжо толькі з газет, фільмаў і кніг. Сённяшні наш расказ пра Міхаіла Герасімава, аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Піншчыне.
Нарадзіўся Міхаіл Герасімаў у вёсцы Старына Валдайскага раёна Наўгародскай вобласці. Там жа скончыў сярэднюю школу і паступіў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію імя С. Кірава. Вучобу перапыніла служба ў Чырвонай Арміі. Да вайны Міхаіл Герасімаў служыў у 46-м асобным сапёрным батальёне. Пачалася вайна, і ў цяжкіх абарончых баях батальён панёс вялікія страты. У архіўных дакументах ёсць упамінанне аб тым, што Герасімаў падчас бою сам падняў у атаку байцоў са свайго батальёна. У адным з баёў ён быў паранены, трапіў у палон у ліпені 1941 года. Спачатку быў у лагеры каля Мінска, потым яго перавялі ў Кобрын. Там ён і падабраў групу для ўцёкаў.
Група з 15 ваеннапалонных пад камандаваннем Міхаіла Герасімава ўцякла з кобрынскага лагера. З гэтага дня і пачаўся адлік партызанскага жыцця для былых чырвонаармейцаў. Група Герасімава ўвайшла ў склад мясцовай партызанскай групы, якой камандаваў былы оперупаўнаважаны НКУС Мікалай Шыш.
У красавіку 1942 года партызаны трымалі бой каля вёскі Дзеткавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Не ўсе партызаны мелі зброю, быў толькі адзін кулямёт Дзегцярова, які пераносілі з аднаго фланга на другі. Пазіцыя аказалася ўдалай, бо ззаду з двух бакоў падыходзіла балота і немцы не маглі іх акружыць поўнасцю. Увесь дзень партызаны адбівалі нямецкія атакі, а ўначы змаглі адарвацца ад ворага.
Далей шлях атрада ляжаў за Днепра-Бугскі канал. У адным з баёў Герасімаў атрымаў раненне ў нагу, а камандзір атрада, Мікалай Шыш, быў забіты. Байцы выбралі камандзірам Міхаіла Герасімава, назваўшы атрад іменем Шыша.
Партызанскі рух толькі разгортваўся, а атрад Шыша ўжо граміў нямецкія гарнізоны на Палессі. Праз некаторы час вырашылі вывесці атрад на ўсход, за лінію фронту. На шляху разграмілі немцаў у Парэччы, Бастыні, Гаўрыльчыцах, каля Баранняй Гары. Асабліва запамінальным атрымаўся пераход атрада сярод белага дня цераз Днепра-Бугскі канал у раёне шлюза Дубое. Тут група партызан з 12 чалавек пераапранулася ў нямецкую форму, захопленую падчас бою на баржы, а потым адкрыта, на чале з «нямецкім маёрам Удовікавым» падышла да аховы і абясшкодзіла яе, тым самым забяспечыўшы пераправу цераз канал партызанскаму атраду з абозам і параненымі.
Партызаны з баямі набліжаліся да лініі фронту, пакуль не сустрэлі ў раёне Хорастава атрад Васіля Каржа. Ён і пераканаў Герасімава застацца ў тыле ворага для сумеснай барацьбы. На старой фатаграфіі, зробленай восенню 1942 года, Міхаіл Герасімаў стаіць каля Васіля Каржа справа. Так яно і было: ён быў правай рукой і незаменным памочнікам камандзіра Пінскага партызанскага злучэння.
Аб'яднанымі сіламі партызаны правялі некалькі ўдалых аперацый супраць немцаў. 12 верасня 1942 года раптоўным ударам разграмілі нямецкі гарнізон у раённым цэнтры Ленін. Тады было вызвалена яўрэйскае гета, сярод уцалелых вязняў была і будучая жонка Міхаіла Іванавіча, тады васямнаццацігадовая дзяўчына Роза. Пасля Роза Герасімава ўспамінала: «...Хтосьці з мясцовых жыхароў пад раніцу пастукаў нам у акно і крыкнуў: «Уцякайце, у горадзе партызаны!» Ахова гета разбеглася. Тым часам ужо ішоў бой і чуліся стрэлы. Я хутка апранулася, абула лёгкія туфлі. Нічога не брала з сабой, хоць ведала, што назад у гета не вярнуся. Потым выбегла і пайшла шукаць партызан. Калі знайшла, яны ўжо выходзілі з горада і ўзялі мяне з сабой...»
Адной з найбольш значных аперацый, праведзеных партызанамі атрада Шыша, быў напад і разгром чыгуначнай станцыі Сінкевічы 30 кастрычніка 1942 года. У ёй удзельнічала каля 200 партызан з атрадаў Шыша і Савіцкага. Кіраваў аб'яднанымі атрадамі Герасімаў. Ён жа папярэдне распрацаваў план усёй аперацыі, мэтай якой быў зрыў руху цягнікоў па чыгунцы Брэст—Гомель і разгром станцыі Сінкевічы. Бой пачаўся раніцай нападам на паліцэйскі ўчастак. Адначасова партызаны знішчылі ахову лесапільнага завода і спалілі яго, разграмілі немцаў на чыгуначнай станцыі, дзе ў той час стаяў эшалон з боепрыпасамі. Яго і падпалілі народныя мсціўцы. Ад выбухаў снарадаў і бомбаў быў знішчаны будынак станцыі і чыгуначнае палатно. Таксама партызаны атакавалі і знішчылі ахову моста ў дзотах. 70-метровы мост цераз раку Лань быў падарваны, рух па чыгунцы на доўгі час спыніўся. У выніку аперацыі былі забіты 74 салдаты ворага. Сярод партызан былі 3 чалавекі забітыя і 4 параненыя.
Чытаючы захаваную ў Нацыянальным архіве перапіску таго часу, можна пераканацца, што Васіль Корж вельмі высока цаніў і паважаў Міхаіла Герасімава як умелага камандзіра і арганізатара. Хоць на момант прызначэння камбрыгам Міхаілу Іванавічу было ўсяго 23 гады. Таму многія партызаны тады звалі яго проста — Міша.
Увосень 1943 года брыгаду наведаў сакратар ЦК ЛКСМБ Кірыл Мазураў, які пасля напісаў пра Герасімава наступнае: «...Хударлявы, сярэдняга росту, цёмнавалосы, з жывымі шэрымі вачамі, ён прыцягваў да сябе ўвагу. Малады камандзір карыстаўся ўсеагульнай павагай. Партызаны верылі яму, любілі за адвагу і розум. Сяляне і байцы звалі атрад любоўна: «атрад Мішы»...»
Увесну 1944 года немцы вырашылі аднавіць суднаходства па Днепра-Бугскім канале, знішчыць партызанскую зону каля яго, а таксама захапіць і разбурыць партызанскі аэрадром каля вёскі Сварынь. Тады абарону ўздоўж канала на працягу каля 50 кіламетраў трымалі брыгады імя Молатава, імя Языковіча, імя Сталіна, Пінская і іншыя. Немцы накіравалі сюды армейскія часці з артылерыяй і мінамётамі, прыцягнуўшы да гэтай аперацыі 8-ю мадзьярскую дывізію і 57-ы полк уласаўцаў. Гэтая бітва ўвайшла ў гісторыю як 40-дзённая абарона Днепра-Бугскага канала.
Партызанская вайна для Міхаіла Герасімава скончылася ў Кухоцкай Волі на мітынгу, прысвечаным сустрэчы з Чырвонай Арміяй. Тады ж, у ліпені 1944 года, Міхаіл Герасімаў быў прадстаўлены сваім непасрэдным камандзірам Васілём Каржом да звання Героя Савецкага Саюза. Падчас пасяджэння камісіі ўсе выступоўцы падтрымалі прапанову, і, здавалася, пытанне было вырашана. Але апошнім выступіў прадстаўнік органаў і сказаў: «Паглядзіце, каго вы прадстаўляеце да звання Героя: яго бацьку раскулачылі, і сам ён быў у палоне...» Гэта ўсё і вырашала: зоркі Героя Герасімаў так і не атрымаў. Шматлікія партызаны, якія ведалі баявыя справы свайго камбрыга, лічылі, што ён яе дастойны, бо заслужыў за два гады ў тыле ворага, асабліва сваім удзелам у разгортванні партызанскага руху ў пачатковы перыяд вайны.
Пасля вайны Міхаіл Герасімаў працаваў старшынёй Іванаўскага райвыканкама, потым — у будаўнічым упраўленні ў Пінску. Затым яго пераводзяць у сталіцу. У Мінску Герасімаў працаваў на пасадзе начальніка ўпраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва, у Мінскім гарсавеце. На любой працы Міхаіл Іванавіч прымяняў свае арганізатарскія здольнасці, заўсёды яго шанавалі і паважалі людзі. Гады партызанскай вайны і раненні не прайшлі дарма: Міхаіл Герасімаў заўчасна памёр 5 лістапада 1971 года.
Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ,
г. Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/20-22.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/20-23.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/20-21.jpg