У бацькоў павінна быць магчымасць вучыць сваіх дзяцей па-беларуску.
"Беларускі сегмент у адукацыйнай прасторы сталіцы трэба пашыраць", — заявіў з трыбуны гарадскога форуму педагагічных работнікаў старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл МІРОНЧЫК.
Традыцыйна на жнівеньскім форуме работнікаў сістэмы сталічнай адукацыі вызначаюцца прыярытэтныя кірункі адукацыйнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах адукацыі і задачы на наступны год.
— Адзін з элементаў выхавання грамадзяніна і патрыёта — гэта фарміраванне ў маладога пакалення нацыянальнай самасвядомасці. А з гэтым у нас пакуль усё не так адназначна. Давайце паглядзім на вынікі выпускных экзаменаў, — прапанаваў Міхаіл Мірончык. — Адзінаццацікласнікі могуць выбіраць, якую з дзвюх дзяржаўных моў яны будуць здаваць на выпускных экзаменах: рускую ці беларускую (або і тую, і другую — ад рэд). У гэтым годзе 65% выпускнікоў здавалі на экзамене беларускую мову і 91% — рускую. Што цікава: на высокім і дастатковым узроўні абавязковы экзамен па замежных мовах здалі 76% выпускнікоў, экзамен па рускай мове здалі на высокім і дастатковым узроўні 63,9% выпускнікоў, а па беларускай мове — толькі 45,8%. І гэта пры тым, што, згодна з апошнім перапісам, большасць мінчан усведамляюць сябе беларусамі. Як кажуць, за дзяржаву крыўдна!
204915-02
У Мінску дзейнічаюць пяць гімназій з беларускай мовай навучання, якія вельмі годна выконваюць місію па адраджэнні і захаванні не толькі беларускай мовы, але і культурных традыцый. На іх базе працуюць музеі і цэнтры нацыянальнай культуры. Разам з тым, у апошнім навучальным годзе ў 148 класах з беларускай мовай у сталіцы навучаліся ўсяго 1,6% ад агульнай колькасці мінскіх школьнікаў. За апошнія пяць гадоў гэты паказчык скараціўся ў 1,5 раза. За апошнія тры гады ў асобных раёнах у дашкольных установах, школах і гімназіях увогуле зніклі беларускамоўныя класы і групы.
— Нам не хацелася б даваць ідэалагічную ацэнку такой рабоце кіраўнікоў, але гэта, з кіраўніцкага пункту погляду, неэфектыўны адукацыйны менеджмент. Безумоўна, значна прасцей скараціць, закрыць, ліквідаваць... Між іншым, маладых бацькоў, якія хацелі б вучыць дзяцей па-беларуску, у горадзе шмат. І з імі трэба працаваць. Тады менш будзе выпадаў у бок дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўнай ідэалогіі. Не варта забываць і пра пераемнасць у навучанні. У горадзе дзейнічае дастаткова развітая сетка беларускамоўных груп у дзіцячых садках. Але бацькі, аддаючы дзіця ў беларускамоўны садок, павінны быць упэўненымі, што затым іх дзіця зможа прадоўжыць навучанне на беларускай мове ў школе, ліцэі, каледжы, ВНУ. Лічу, што ў гэтым пытанні вельмі шмат залежыць ад асабістай пазіцыі кіраўніка ўстановы адукацыі, але, на жаль, кіраўнікоў апантаных ідэяй беларускасці, беларускамоўнага навучання, у нас пакуль вельмі мала, — дадаў старшыня Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.
На думку Міхаіла Мірончыка, рашэнне перанесці здачу экзамену па гісторыі Беларусі ў 11-ы клас было вельмі правільным. Калі дзевяцікласнікі засвойваюць вучэбны матэрыял на ўзроўні механічнага запамінання, то адзінаццацікласнікі ўжо здольны ўсведамляць гістарычныя факты, праводзіць паралелі, выстройваць лагічныя ланцужкі і ў далейшым накладваць "гістарычную матрыцу" мінулага на сучаснасць. Задача настаўніка — не проста дапамагчы вучням падрыхтавацца па экзаменацыйных білетах, а сфарміраваць у іх усвядомленае стаўленне да гісторыі сваёй краіны.
Па традыцыі, удзел у гарадскім форуме педагагічных работнікаў узяў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай ЛАДУЦЬКА, які, звяртаючыся да дэлегатаў форуму, заявіў, што "высокую планку сталічнай сістэме адукацыі трэба абавязкова ўтрымаць".
— Новы час ставіць перад намі новыя пытанні і задачы. Мінулы навучальны год, трэба прызнаць, аказаўся для ўсіх нас вельмі складаным. Сур'ёзнай праблемай, з якой мы не змаглі справіцца, стала распаўсюджванне ў маладзёжным асяродку наркатычных рэчываў. Гэтай навале мы павінны сказаць рашучае "не", — падкрэсліў старшыня Мінгарвыканкама. — І тым больш мы не можам дапусціць распаўсюджванне спайсаў і іншых наркатычных рэчываў ва ўстановах адукацыі. Яшчэ адна праблема — пагаршэнне стану здароўя падрастаючага пакалення. Вынікі медыцынскіх аглядаў школьнікаў не могуць нас не насцярожваць. Прычым медыкі сцвярджаюць, што большасць захворванняў, якія выяўляюцца ў дзяцей, было набыта падчас навучання. Узнікае пытанне: а навошта мы вызвалялі ад урокаў суботу? Шосты школьны дзень павінен быць прысвечаны заняткам спортам і фізкультурай. Усе нашы гарадскія спартыўныя збудаванні павінны быць адкрыты для наведвання школьнікамі. Ствараць умовы для вядзення здаровага актыўнага ладу жыцця вучняў — задача не толькі бацькоў, але і педагагічнага калектыву. Дырэктарам і школ і класным кіраўнікам трэба надаваць больш увагі гэтаму пытанню.
Мікалай Ладуцька паведаміў, што ў Мінску ўжо ёсць некалькі новых школ, якія маюць уласныя басейны. "І ў будучым мы абавязкова будзем улічваць гэты момант. Абсталяванне басейна ў школе, безумоўна, вымагае дадатковых выдаткаў, але гэта і інвестыцыі ў здароўе школьнікаў", — дадаў Мікалай Ладуцька.
Да новага навучальнага года ў сталіцы будзе ўведзена ў строй яшчэ адна новая суперсучасная школа на тэрыторыі новага сталічнага комплексу "Маяк Мінска". А да канца каляндарнага года павінна сустрэць сваіх вучняў новая школа ў мікрараёне Каменная Горка, якая дазволіць разгрузіць суседнія школы. "Разам з тым, праблемы з дэфіцытам месцаў у дзіцячых садках пакуль застаюцца", — канстатаваў Мікалай Ладуцька. І ў першую чаргу гэтыя праблемы тычацца новабудоўляў у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах сталіцы. "Да канца года нам трэба абавязкова закласці яшчэ два дзіцячыя садкі", — падзяліўся сваімі планамі мэр сталіцы.
Старшыня Мінгарвыканкама з задавальненнем адзначыў, што колькасць першых класаў у новым навучальным годзе ў сталіцы павялічыцца, а гэта значыць, што мы выбіраемся з дэмаграфічнай ямы. Як станоўчы факт ён вылучыў таксама і тэндэнцыю да напаўнення устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі выпускнікамі мінскіх школ. Значыць, пачала прыносіць плён праведзеная ва ўстановах адукацыі прафарыентацыйная работа. Не сакрэт, што рабочыя рукі сталіцы вельмі патрэбны...
Надзея НІКАЛАЕВА.
У апошнім навучальным годзе ў 148 класах з беларускай мовай ў сталіцы навучаліся ўсяго 1,6% ад агульнай колькасці мінскіх школьнікаў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/08/204915-02.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-mova
[5] https://zviazda.by/be/tags/mihail-mironchyk