Беларускага класіка Льва Голуба паставілі ў адзін шэраг з Сафі Ларэн
Прапануем звярнуць увагу на праграму рэтраспектыў Музея гісторыі беларускага кіно на верасень.
На парадку дня некалькі юбілеяў: 80 гадоў нязменна прыгожай і таленавітай італьянцы Сафі Ларэн; 110 гадоў з дня нараджэння класіка беларускага кіно, майстра стварэння дзіцячага фільма Льва Голуба; 120 гадоў класіку ўкраінскага кіно, авангардысту Аляксандру Даўжэнку. З гэтай нагоды мы можам далучыцца да той кінатворчасці, у стварэнні якой усе яны ўдзельнічалі. Хоць назваць гэта проста творчасцю — неяк дробна, бо кожны з іх — талент, які назаўжды ўпісаўся ў гісторыю (нават сусветную) кінематографа.
Па аўторках з 9 верасня ў Музеі гісторыі беларускага кіно будуць паказвацца фільмы Аляксандра Даўжэнкі. Рэжысёра, іменем якога Украіна па праве можа ганарыцца і робіць гэта. Хоць маштаб такіх асоб неяк складана ўмясціць у рамкі нацыянальнасці, бо яго ўнёсак — не проста імя ўкраінскаму кінематографу, але і немалая лепта ў кінематограф увогуле.
Яго фільмамі захаплялася сусветная грамадскасць, міжнародныя кінафестывалі і Сталін. У свой час кіраўнік савецкай дзяржавы нават прапанаваў Даўжэнку зняць украінскага «Чапаева» (савецкі фільм братоў Васільевых). І рэжысёр стварыў карціну «Шчорс» (яна ёсць у рэтраспектыве), якая ў выніку атрымала Сталінскую прэмію.
А раней былі першыя фільмы рэжысёра «Звенігара» і «Арсенал», якімі ён заняўся пасля таго, як паспеў папрацаваць настаўнікам, чыноўнікам, мастаком і ілюстратарам.
Потым была «Зямля» аб пераўтварэнні савецкай вёскі, настолькі незвычайная па форме, што многія не змаглі зразумець карціну. Аднак Еўропа фільм палюбіла, а Брусельскі кінафестываль нават уключыў «Зямлю» ў спіс 12 найлепшых фільмаў свету (у адным спісе з карцінай Эйзенштэйна).
Аляксандр Даўжэнка быў неардынарным чалавекам не толькі ў сваёй творчасці, але і ў жыцці. Прыхільнік савецкай улады (хоць за карціну «Зямля» яго ўмудрыліся абвінаваціць у контррэвалюцыйнасці), ён па ўспамінах сястры 15 гадоў насіў адно і тое ж футра і зацыраваны шэры касцюм. Каментуючы гэта, ён казаў, што стаць мільянерам, ведаючы пра беднасць народа, злачынна. У той жа час Даўжэнка быў чалавекам, які нязменна змагаўся за прыгажосць і, словамі рэжысёра Сяргея Герасімава: «Калі на вуліцы з'яўляўся пачварны дом, гэта было для яго трагедыяй...».
Па серадах і пятніцах, пачынаючы з 3 верасня, мы зможам убачыць падборку лепшых карцін, дзе галоўную ролю выконвала непараўнальная Сафі Ларэн. Акрамя таго, што мы можам любавацца яе прыгажосцю ў вобразах простых жанчын з народа, маці ці нават у ролі прастытуткі, можна захапіцца невычэрпным талентам і тэмпераментам праўдзівай італьянкі.
Вядомая аматарка спагеці, маці дваіх сыноў (дырыжора аркестра і рэжысёра) у свой час трапіла ў зняволенне за нявыплату падаткаў. Але хутчэй за ўсё яна проста ўсіх зачаравала і паспяхова адтуль выйшла. Некалькі гадоў таму (сёння ёй 80, звярніце на гэта ўвагу) яна знялася для вядомага календара кампаніі Пірэлі, які друкуецца абмежаваным тыражом і, калі пашанцуе, яго можна знайсці на аўкцыёне. Але «фішка» ў тым, што здымалася яна ў жанры «ню». Вечна прыгожая Сафі Ларэн (кажа, што ў дзень з'ядае па ананасе і нікуды без спагеці, бяром на заметку).
Шыкоўная фігура, пышная прычоска, італьянская імпульсіўнасць і неверагодная прыгажосць нават у самых па-чалавечы непрыемных сцэнах — гэта Сафі Ларэн. У праграме восем фільмаў, якія могуць паказаць гледачу яшчэ адну знакавую кінематаграфічную адзінку — дуэт Сафі Ларэн і Марчэла Мастраяні, якія з фільма ў фільм то любілі адно аднаго, то ненавідзелі, то адчувалі абыякавасць. У любым выпадку праграма складаецца з карцін лепшых італьянскіх рэжысёраў і не толькі італьянскіх: Віторыа дэ Сіка (чатыры фільмы з васьмі), Эторэ Скола (у яго фільме «Незвычайны дзень» можна ўбачыць два супрацьлеглыя бакі: тыя, хто захапляюцца Дучэ, і тыя, што ненавідзяць яго).
У любым выпадку неверагодная гульня актрысы, выдатныя рэжысёры і сапраўднае італьянскае кіно павінны прыцягнуць увагу да рэтраспектывы.
І апошняе. З 4 верасня па чацвяргах і суботах можна ўбачыць карціны класіка беларускага кінематографа Льва Голуба. Сярод магчымасцяў убачыць узоры беларускага кіно выбіраць не прыходзіцца. Нам вядома, што Леў Голуб у свой час скончыў Дзяржаўны тэхнікум кінематаграфіі (цяпер — УДІК) і перш чым прыйсці працаваць на кінастудыю «Беларусьфільм» паспеў адзначыцца ў якасці рэжысёра ў Адэсе, Кіеве, Маскве і Алма-Аце (магчыма, спіс можна дапоўніць).
Назву сферы дзейнасці рэжысёра трэба звузіць: ён класік менавіта дзіцячага кіно, у якім працаваў пастаянна, а персанажамі сваіх карцін рабіў герояў рэвалюцыі і вайны. Адсюль у праграме «Міколка-паравоз», «Дзяўчынка шукае бацьку», «Маленькі сяржант» і іншыя карціны.
Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura-0
[2] https://zviazda.by/be/kino
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/2-321.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/09/2-31.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/kino
[7] https://zviazda.by/be/tags/tragedyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/muzey-gistoryi-belaruskaga-kino
[9] https://zviazda.by/be/tags/pachvarny-dom
[10] https://zviazda.by/be/tags/leu-golub