А ў наступным годзе Наваградку — 1010?..
Слаўны горад Навагрудак у выхадныя адсвяткаваў 970-годдзе з часу першага летапіснага ўпамінання. У гэтыя дні па вуліцах можна было пакатацца ў прыгожай брычцы з лёкаем, убачыць дырэктара дома-музея Адама Міцкевіча Мікалая Гайбу ў ролі самога паэта... А яшчэ пагартаць новую грунтоўную кнігу, прысвечаную мінуўшчыне і сучаснасці горада.
«Гісторыя Навагрудка — з глыбінь вякоў да нашых дзён» — так называецца выданне, зробленае супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі па ініцыятыве навагрудчан. Старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Маркевіч пракаментаваў рашэнне зрабіць такое выданне:
— Ідэя стварэння гэтай кнігі з'явілася ў нас яшчэ ў снежні 2012 года, калі мы гутарылі з нашым земляком Міхаілам Касцюком (прафесар, доктар гістарычных навук, ганаровы грамадзянін Навагрудка. — Аўт.). Тады мы ўпершыню абмеркавалі гэтую тэму і зразумелі, што Навагрудак — асаблівае месца на карце нашай дзяржавы, варты добрай кнігі. Менавіта тут цесна спалучаецца сучаснасць і мінуўшчына. Ходзячы па гэтай зямлі, мы на кожным кроку ўзгадваем пра яе багатую гісторыю. Наш горад мае вялікае значэнне ў маштабах усёй краіны, бо менавіта адсюль паходзіць наша дзяржаўнасць — гэта першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Мы ўслаўляем тыя імёны, дзякуючы якім Навагрудчыну ведаюць далёка за яе межамі. Яўхім Храптовіч — апошні канцлер Вялікага Княства Літоўскага і першы міністр замежных спраў Рэчы Паспалітай — ураджэнец вёскі Шчорсы Навагрудскага раёна. Цудоўныя паэты Адам Міцкевіч, Ян Чачот у сваіх вершах услаўляюць нашу зямлю. Мастак Язэп Драздовіч таксама выяўляў яе на сваіх палотнах. Мы зразумелі, што па драбніцах, з невялікіх цаглінак, трэба скласці ўсё ў адзінае цэлае. Каб пасля, разгарнуўшы кнігу, можна было ўбачыць найцікавейшую гісторыю нашай Навагрудчыны.
Можна з упэўненасцю сказаць, што кніга атрымалася. Яе аўтары, супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі на чале з дырэктарам Вячаславам Даніловічам, адзначылі, што мелі дастатковую прастору для навуковай творчасці. Нягледзячы на тое, што выпуск выдання быў прымеркаваны да юбілею, пра будучую працу было паведамлена загадзя, таму гісторыкі мелі прыблізна год на напісанне артыкулаў.
Паліграфічная якасць выдання таксама аказалася на вельмі высокім узроўні. Кнігу прыемна не толькі чытаць, але і проста гартаць глянцавыя старонкі, разглядваць шматлікія каляровыя малюнкі (пераважна архіўныя), змешчаныя ў ёй. У выніку атрымаўся той рэдкі выпадак, калі ўнутраны змест прадмета адпавядае яго знешняму выгляду.
Кніга змяшчае амаль 600 старонак, напісана паралельна на дзвюх мовах — рускай і беларускай. Яе наклад — крыху больш за 1000 экзэмпляраў — можна быць упэўненымі, з хуткасцю разыдзецца. Бо гэтая кніга, па-першае, прысвечана першай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, па-другое, напісана калектывам прафесійных гісторыкаў, па-трэцяе, выдадзена з выдатнай паліграфічнай якасцю. Таму яна, без сумнення, стане выдатным падарункам любому беларусу, чалавеку, які захапляецца гісторыяй.
Хаця і турысты, нашы суседзі з Польшчы і Літвы напэўна ж зацікавяцца выданнем, у якім мы нарэшце змаглі навукова абгрунтаваць і добра падаць пэўную частку нашай супольнай гісторыі.
Пакуль што, верагодна, кніга будзе прадавацца толькі ў Навагрудку — у кніжным салоне ў краме «Дзіцячы свет».
Сярод аўтараў гэтага выдання — супрацоўнікі Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч, Міхаіл Касцюк, Вадзім Лакіза, Андрэй Мяцельскі, Валянціна Яноўская, Валянцін Мазец, Ксенія Разуванава, Дзмітрый Крывашэй, а таксама старшы выкладчык Акадэміі МУС Андрэй Радаман, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Вячаслаў Чамярыцкі, дырэктар дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба і іншыя. Навукоўцамі напісаны артыкулы пра абсалютна ўсе перыяды развіцця Навагрудчыны: ад першабытных часоў да нашых дзён. Ёсць і такія раздзелы, як «Гісторыя горада ў асобах», «Іх імёнамі названы вуліцы»...
На канферэнцыі, прысвечанай прэзентацыі выдання, гучалі розныя слушныя ідэі. Напрыклад, Валянцін Мазец унёс прапанову змяніць сучасную назву горада (Навагрудак) на гістарычна больш правільную (Наваградак) — і гэтая прапанова большасцю была падтрымана. Кандыдат гістарычных навук Андрэй Мяцельскі ўвогуле адзначыў, што і ў наступным годзе будзе нагода для святкавання юбілею Навагрудка:
— Мы святкуем сёння
970-годдзе Навагрудка. Але я ўсё-такі лічу, што горад крыху старэйшы. Ёсць адна крыніца, якая даўно выкарыстоўваецца гісторыкамі царквы, — гэта грамата аб заснаванні Тураўскай епархіі, датуецца 1005 годам. У ёй пералічваюцца гарады і пагосты, якія пераходзяць Тураўскай епархіі. Сярод іх ёсць Ноўгарад — безумоўна, гэта не Ноўгарад вялікі, а наш сучасны Навагрудак. Гісторыкамі і крыніцаведамі праведзены аналіз граматы: яны прызналі, што яна крыху пазнейшая (XІV cтагоддзе), але, безумоўна, створана на падставе тых гістарычных крыніц, якія былі ў Тураўскай епархіі, таму можа быць шырока выкарыстана. Абапіраючыся на гэту грамату, у 2005 годзе Ваўкавыск адсвяткаваў сваё 1000-годдзе... Таму ў наступным годзе, каб не паспяшаліся, у Навагрудку маглі б адгуляць 1010-годдзе — ці то жартам, ці ўсур'ёз гаворыць навуковец.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Навагрудскі раён.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/7-21.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[4] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/navagrudak-2
[6] https://zviazda.by/be/tags/dom-muzey-adama-mickevicha