Сёння ў музеі-дачы народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава ў пасёлку Ждановічы-6 пройдзе сустрэча, прысвечаная 70-годдзю вызвалення Украіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пад назвай «Жывуць, як подзвіг, іх імёны».
Арганізатары — пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, грамадскае аб'яднанне ўкраінцаў «Ватра». Месца для размовы пра гістарычную памяць, ушанаванне герояў і подзвігаў часоў Вялікай Айчыннай вайны выбрана не выпадкова. Ва Украіне шануюць памяць пра Васіля Быкава, які ўдзельнічаў у баях за Крывы Рог, Александрыю, Знаменку. Каля сяла Вялікая Севярынка на Кіраваградчыне будучы пісьменнік ледзьве не загінуў пад гусеніцамі танка. У мясцовай школе сёння працуе музей Васіля Быкава. У пачатку 1944 года тры месяцы ён знаходзіўся ў шпіталі, лічыўся пахаваным у адной з брацкіх магіл. Улетку 1944 года бацькі Васіля Уладзіміравіча атрымалі пахаванку. Падзеі пад Севярынкай знайшлі адлюстраванне ў найбольш вядомай аповесці класіка — «Мёртвым не баліць»(1965), публікацыя якой выклікала шырокі розгалас літаральна ва ўсім свеце. Толькі зусім нядаўна быў выдадзены поўны непадцэнзурны тэкст гэтага твора — з узнаўленнем 200 купюр.
Нагадаем, што музей-дача Васіля Быкава ў Ждановічах адкрыты сёлета як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.
Мікола Берлеж.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/22-28.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhdanovichy
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-bykau