Сувязь — як паветра. Яе не заўважаеш, але існаваць без яе немагчыма. Асабліва ў арміі. Наладжаваючы сувязь пад аўтаматныя чэргі і выбухі снарадаў, салдаты Вялікай Айчыннай забяспечвалі інфармацыяй цэлыя падраздзяленні. Своечасова атрыманыя звесткі часам вырашалі ход шматлікіх баёў і аперацый. 303 ваенныя сувязісты былі ўдастоены Зоркі Героя Савецкага Саюза, 12 чалавек сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Каля 600 часцей сувязі ўзнагародзілі ордэнамі, 58 з іх набылі статус гвардзейскіх.
[caption id="attachment_58833" align="alignnone" width="600"] [3] Камандзір узвода сувязі, начальнік радыёрэлейнай станцыі старшы лейтэнант Сяргей КЛАЧКО асвойвае новую тэхніку.[/caption]
Сёння ваенная сувязь па-ранейшаму застаецца неад'емнай часткай кіравання войскамі, яго матэрыяльнай асновай. Нерв арміі — так называюць войскі сувязі. І сапраўды, вузлы і лініі сувязі, быццам нервовыя валокны, звязваюць увесь арганізм вайсковага жыцця.
За сваю гісторыю — а гэта 95 гадоў — ваенная сувязь прайшла нялёгкі шлях развіцця. З найпрасцейшых гукавых і зрокавых сродкаў сувязі для перадачы сігналаў і камандаў непасрэдна на полі бою яна пераўтварылася ў шырока разгалінаваныя шматканальныя аўтаматызаваныя сістэмы, здольныя забяспечыць сувязь амаль на неабмежаваную адлегласць. І гэта ўдаецца як пры дапамозе стацыянарных, так і рухомых аб'ектаў, якія знаходзяцца на зямлі, у паветры, на вадзе і нават пад вадой.
Выконваючы рэальныя практычныя задачы ў мірны час, ваенныя сувязісты знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці. Аператыўнасць кіравання злучэннямі і воінскімі часцямі, своечасовасць і эфектыўнасць прымянення баявых сродкаў і зброі залежаць ад стану і функцыянавання ваеннай сувязі. А з гэтым, на шчасце, якраз усё ў парадку. Ужо амаль завершана аснашчэнне стацыянарнай сеткі сувязі Узброеных Сіл лічбавымі сістэмамі перадачы, інтэнсіўна выконваюцца работы па абсталяванні міжгарнізоннай аўтаматычнай сеткі засакрэчанай сувязі, скончана будаўніцтва лічбавай радыёрэлейнай сувязі.
— Сіламі прадпрыемстваў Рэспублікі Беларусь мы ствараем сродкі радыё-, радыёрэлейнай, трапасфернай сувязі і забяспечваем імі нашы злучэнні і воінскія часці. Станцыі спадарожнікавай сувязі пакуль закупляем у Расійскай Федэрацыі, — расказаў начальнік сувязі Узброеных Сіл — начальнік упраўлення сувязі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Генадзь КАЗАКОЎ. — У нашай краіне ўжо завяршаецца стварэнне нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі. Пакуль мы выкарыстоўваем рэсурс расійскіх касмічных апаратаў, але, стварыўшы сваю нацыянальную сістэму, пяройдзем да рэсурсу нашых спадарожнікаў. Прычым будзе наладжана сумеснае выкарыстанне арбітальных груповак.
У нагу з сучаснымі тэхналогіямі — менавіта так развіваецца ваенная сувязь. Не сакрэт, што якраз ад першых і залежыць, наколькі хуткай і якаснай яна будзе. Новыя інфакамунікацыйныя тэхналогіі прымяняюцца не толькі пры мадэрнізацыі вузлоў сувязі і асобных рухомых комплексаў, але і ўкараняюцца ў структуру сістэмы кіравання сувяззю. Сучасны аўтаматызаваны пункт кіравання дазваляе ажыццяўляць маніторынг стану ўсіх лічбавых сістэм сувязі, дыягностыку аўтаматычных тэлефонных станцый, змены ў параметрах апаратуры, відэасувязь з абанентамі і відэаназіранне за найбольш важнымі аб'ектамі сувязі. Прычым лічбавыя сродкі сувязі не абмежаваны далёкасцю распаўсюджання: часам інфармацыя за лічаныя хвіліны пераадольвае сотні ці нават тысячы кіламетраў.
Дарэчы, большасць гэтых рэалізаваных задум належыць беларускім распрацоўшчыкам. Толькі ў гэтым годзе звыш 50 рухомых апаратных і станцый сувязі айчыннай вытворчасці паступіла ў войскі сувязі. Новымі пераноснымі радыёстанцыямі апошняга пакалення да канца года будуць таксама забяспечаны агульнавайсковыя часці і падраздзяленні беларускай арміі. Як адзначыў начальнік аддзела ААТ «Агат-сістэм» Яўген КРЭЙДЗІК, прадукцыя ўласнай вытворчасці прызначана для аснашчэння лічбавымі сродкамі сувязі ўсіх сілавых ведамстваў. «Беларуская тэхніка знаходзіцца на ўзроўні перадавых сусветных узораў, — падкрэсліў прадстаўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта. — Яна праходзіць шлях ад распрацоўкі, вытворчасці да пастаўкі патэнцыяльным спажыўцам. Вельмі радуе, што гэтым у асноўным займаецца моладзь, яны — былыя студэнты вядучых ВНУ краіны».
Натуральна, сучасная тэхніка сувязі патрабуе высокага прафесіяналізму і ў ваенных сувязістаў. Невыпадкова падрыхтоўка вайскоўцаў ажыццяўляецца з улікам паступлення на ўзбраенне новых і мадэрнізаваных сродкаў і комплексаў.
— Новая тэхніка значна пашырыла магчымасці ў забеспячэнні сувяззю кіраўніцтва Узброеных Сіл, — мяркуе камандзір батальёна 86-й брыгады сувязі падпалкоўнік Дзмітрый ГРЫГАРОВІЧ. — У прыватнасці, рухомы мабільны вузел сувязі дазволіў замяніць сёння дзесяць машын на дзве, а колькасць асабовага складу паменшылася ў 10 разоў. Рухомыя радыёрэлейныя лічбавыя станцыі, больш вядомыя пад назвай «Цытрус», разгортваюцца ў аўтаматычным рэжыме, што значна зніжае працаёмкасць і скарачае час на яе ўладкаванне. Напрыклад, ранейшая аналагічная станцыя разгортвалася на працягу гадзіны і 45 хвілін. Сёння на гэта затрачваецца 55 хвілін, нават улічваючы тое, што экіпаж з дзесяці чалавек зменшыўся да шасці. Нельга не адзначыць, што павялічылася і далёкасць сувязі. Калі раней гэта было 40 кіламетраў, то цяпер максімальны інтэрвал — 50-70 кіламетраў. Вырасла і колькасць каналаў, якую стварае такая станцыя: больш як 300 каналаў замест ранейшага 21. Цяпер воінам-сувязістам не патрэбны спецыяльныя палаткі, месца для харчавання: усё гэта знаходзіцца ў бытавым адсеку, размешчаным на станцыі.
Радыёрэлейная станцыя «Ярус» адносіцца да менш магутных і малаканальных. Станцыя «Мегатрон» замяніла шматканальныя рухомыя апаратныя, якія забяспечвалі сувязь па кабельных лініях. Яшчэ адна ўнікальная канструктарская распрацоўка — «Мускат». Гэта мабільны вузел сувязі, які дазволіў замяніць звыш 10 машын, якія раней забяспечвалі сувяззю камандныя пункты Узброеных Сіл. Адным словам, створаны ўсе ўмовы, каб нават у полі сувязь была, як той казаў, на вышэйшым узроўні.
Усе новыя ўзоры прайшлі эксплуатацыю і ўжо знаходзяцца на ўзбраенні больш за год, а некаторыя — і за два. Тэхніка сувязі нават прайшла выпрабаваннем боем: яна актыўна выкарыстоўвалася падчас вучэнняў «Захад-2013» і нядаўна, у ходзе тактыка-спецыяльных вучэнняў злучэнняў і вайсковых часцей сувязі.
— Сёння вынікі баявой і аператыўнай падрыхтоўкі войск сувязі высокія, — падсумаваў Генадзь Казакоў. — На ўзбраенне пастаўлена каля сотні асобных узораў, 11 з якіх — рухомыя комплексы сувязі. Ідзе падрыхтоўка кадраў: мы прад'явілі сур'ёзныя патрабаванні да нашых спецыялістаў. Аднак спыняцца мы не будзем. З кожным днём бачым, што тэхніка мяняецца, таму перыядычна ўносім карэктывы ў навучанне. Не магу не адзначыць, што і афіцэры, і прапаршчыкі, і нават сяржанты — высокападрыхтаваныя спецыялісты. У войсках сувязі сёння няма чалавека, які не мае адукацыі. Нават салдат тэрміновай службы — практычна выхадзец з каледжа сувязі.
Такім чынам, можна спадзявацца, што не толькі армія, а і ўвогуле краіна будзе заўсёды на сувязі. А калі раптам і ўзнікнуць непаладкі, то іх будзе каму ліквідаваць.
Вераніка КАНЮТА.
Фота Аляксандра ШАБЛЮКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/28-28.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/28-30.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/placdarm
[6] https://zviazda.by/be/tags/zorka-geroya-saveckaga-sayuza
[7] https://zviazda.by/be/tags/aat-agat-sistem
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shablyuk-0