...На двары ў суседа нечакана завішчала свіння. Гэты гук мог азначаць толькі адно... Але мы здзіўлена пераглянуліся паміж сабой з іншай нагоды: справа ішла да вечара, ды і не сезон яшчэ быццам бы... Праўда, потым прыгадалі, што яшчэ адну свінню Саша «апрыходаваў» увогуле ў маі, калі было ўжо дастаткова цёпла. Але цяпер, пры наяўнасці сучасных маразільнікаў, гэтыя абставіны ўжо не падаюцца невырашальнымі, як некалі. Калі па краіне пракацілася хваля боязі з-за магчымых наступстваў афрыканскай чумы, свіней білі ці не ў 40-градусную ліпеньскую спёку і тыя ж маразільнікі днём з ліхтаром было не адшукаць. А што бліжэй да вечара — дык ці доўга яе разабраць, калі ўмееш? І падхапілі ўспаміны...
Неяк патэлефанавала даўняя чытачка з вёскі Волма Дзяржынскага раёна і паскардзілася, што ў маім пасёлку на Чэрвеньшчыне знік імправізаваны рынак, куды яны раней гадамі ездзілі набываць парсючкоў. Так, на тым месцы ўжо даўно стаяць шматпавярховыя дамы. А яшчэ жанчына вельмі здзівілася, калі пачула, што я ніколі не быў на той пляцоўцы, а толькі ведаў пра яе. А чаго здзіўляцца?
Усё пачыналася ўвесну. Маці з бацькам выпраўляліся з дому, калі мы з братам яшчэ бачылі салодкія сны. І вярталіся таксама ў прыцемках — з мехам. У ім нас, калі нарэшце мы прачыналіся, сустракалі рохканнем звычайна два (зрэдку адзін) парсючкі. Як правіла, яны былі белымі, толькі раз ці два памятаю плямістых жывёл — чорна-белых (Аднойчы летам у самую спёку дзве такія вялікія свінкі з нейкай прычыны «адкінулі капыты». Памятаю заклапочаных маці і бацьку, якія тэрмінова «сарваліся» з працы: трэба было хутка вывозіць на жывёльны могільнік плямістыя тушы...) Бацькі спецыяльна па нашай просьбе пакідалі ў верандзе пакупку, каб паказаць нам, а потым тут жа пераводзілі яе на пастой у хлеў. Вядома ж, першыя дні было цікава бегаць туды да парсючкоў, каб кінуць ім спецыяльна нарванай канюшыны, пачухаць за вухам (увосень мы бегалі ў завулак побач да велізарнага дуба, каб сабраць свінкам жменьку-другую жалудоў). Але ўжо вельмі хутка станавілася зразумелым, што забаўныя «пятачкі» — не такія і бяскрыўдныя, асабліва калі яны з віскам кідаліся да карыта з ежай і маглі папросту збіць цябе, малога, з ног... Калі яны падрасталі, а бацькі прасілі пакарміць парсюкоў, бывала так, што частка варыва з вядра «раскладвалася» па іх вушах: унутр чамусьці заходзіць не хацелася, а карыта з-за загарадкі не было відаць з-за лычоў, якія цягнуліся насустрач табе. А пра небяспеку дарослых свіней (прынамсі, галодных) сведчылі добра пакусаныя дошкі загарадзі... Ці шкадавалі мы гэтую хатнюю жывёлу, калі прыходзіў, як той казаў, яе час? Напэўна, асабліва калі ў хаце чулі той самы віск... Але, у прынцыпе, вясковыя дзеці здагадваліся: хто, што і для каго.
Размовы пра свежыну і пра тое, каго трэба запрасіць на дапамогу, мы пачыналі чуць ад дарослых звычайна ў пачатку-сярэдзіне снежня. Гэта азначала, што ўжо ў бліжэўшую суботу ўсё і адбудзецца. Забіць свінню мог далёка не кожны мужчына. Калі хто глядзеў фільм «Лета ваўкоў», дзеянне якога адбываецца ў канцы вайны, там па вызваленых вёсках хадзіў адзін з адмоўных герояў, які зарабляў якраз тым, што біў свіней. Ды і спосабы з прыладамі, як і ў той самай стужцы, былі розныя. Нехта, як расказвалі, выкарыстоўваў для гэтага стары чатырохгранны штык ад «мосінкі», хтосьці аддаваў перавагу шырокаму добра наточанаму нямецкаму штыку ці нават трафейнаму кінжалу. Звычайна прыладу называлі шылам. Бацька вырабіў з трывалага дроту ў палец таўшчынёй некалькі самаробных прыстасаванняў розных памераў, якія нагадвалі велізарныя іголкі для чысткі прымуса. Карыстаўся імі стрыечны брат, здаровы дзяцюк, які, да таго ж, меў ветэрынарныя веды. Зрабіць усё трэба было дакладна, хаця здаралася рознае нават у спрактыкаваных людзей...
Патрабавалася як мінімум двое мужчын, каб намечанае атрымалася і прайшло як мага хутчэй. Вядома, усё залежала ад памеру свінні. У любым выпадку не абыходзілася без трывалай вяроўкі ці лейцаў. Апошнія заўсёды віселі ў нас у хляве на цвіку і, як мне падавалася, выкарыстоўваліся толькі адзін раз у год і толькі па адным прызначэнні. Вяроўка ці лейцы былі патрэбны, каб, перахапіўшы імі заднюю нагу, абезруховіць на кароткі час жывёлу...
Мужчыны, цяжка дыхаючы, пасля звычайна закурвалі. Праз нейкі час, крыху перавёўшы дух, нехта даставаў шыла з сэрца жывёліны і ўстаўляў у адтуліну драўляную затычку — каб не выцякала кроў. Свінню напачатку маглі абкласці саломай і падпаліць яе. Тым часам рыхтавалі памост. Нехта на драўляныя цуркі клаў дошкі, але звычайна рабілі прасцей. У вясковай гаспадарцы кожная рэч — утылітарная па сваім прызначэнні. Папросту здымалі дзверы з таго самага хлява, дзе яшчэ паўгадзіны таму рохкала жывёла, і клалі яе ўнутраным бокам уверх на цуркі. А на яе — тушу. Калі дзверы пасля вярталі на месца, увесь год абпаленыя адмеціны кожны раз кідаліся ў вочы, калі тыя дзверы адчынялі...
Зараз свіней смаляць пераважна гарэлкай, падключанай да газавага балона. На нашым падворку гэта некалі рабілі пры дапамозе бензінавых. Мужчыны падпампоўвалі ў бачок паветра, распальвалі іх. Трэба было дачакацца, пакуль машынка перастане чадзіць і плявацца палаючым бензінам на снег, — падкруціць фарсунку. Агонь павінен быў стаць празрыста-сіні і з характэрным гулам вырывацца з сапла гарэлкі. Як толькі з'яўляўся гэты роўны гук, можна было пачынаць. Смалілі, як правіла, удвух. Напачатку «па-чарнавому». Потым жанчыны выносілі гарачую ваду і ў ход ішлі анучы, якімі адціралі пачарнелыя бакі свінні, і вострыя нажы (некаторыя выкарыстоўвалі лязо касы). Памятаю счарнелыя звонку капыткі, якія моцна награвалі полымем лямпы і потым збівалі; яны, кінутыя ў снег ці на лёд, плавілі іх...
Далей злівалі кроў і пачыналі разбор тушы. Дарэчы, некаторыя з мужчын пілі гарачую свежую кроў, сам гэта бачыў. Больш за тое, у некаторых была і, напэўна, застанецца яшчэ адна маленькая забаўка — пакаштаваць і сырога мяса. «З нажа», як казалі стрыечныя браты, жартам прапаноўваючы нам, дзятве, далучыцца да іх. Але на што мы з задавальненнем пагаджаліся, дык гэта дапамагаць пераносіць у хату кавалкі сала і мяса. Перад гэтым у зале падлогу засцілалі чыстым цэлафанам і зносілі на яго пэўную частку разабранай тушы, каб яна паляжала дзень-другі.
У нейкі момант да працы далучаліся і жанчыны. Яны і перад гэтым не заставаліся ўбаку (тапілі печы, грэлі ваду, чысцілі бульбу для вячэры і г.д), але тут пачыналі займацца непасрэдна свежыной. Адны пачыналі смажыць мяса, пячонку, рэбры для агульнага стала, іншыя займаліся вантробамі. Самай непрыемнай была, напэўна, праца з кішкамі, з якіх трэба было напачатку рукамі выціснуць «змесціва» (хаця свінню напярэдадні і не кармілі), а потым прамыць, паскрэбці нажом... Складзеныя ў слоічак і залітыя алеем, падрыхтаваныя кішкі потым выкарыстоўвалі для прыгатавання розных прысмакаў: пальцам пханых каўбас, сальцісону, крывянкі. Для гаспадыні гэты быў каштоўны здабытак. Як і «посік», які потым ішоў на трыбух (маці расказвала, што раней яго бераглі для касцоў падчас нарыхтоўкі сена, але я, па шчырасці, гэтага ўжо не застаў). Праўда, аднойчы бацька чамусьці вырашыў зрабіць для нас з братам забаўку з яго. Ён добра прамыў пузыр, крыху прасушыў, кінуў унутр гарошыну і надзьмуў. Карычневы «паветраны шарык» неўзабаве падсох і нагадваў сабой нешта кшталту футбольнага мячыка, толькі з бразготкай.
Нарэшце ўся запрошаная талака садзілася за стол. Мужчыны паспявалі ўжо выпіць сваю першую законную чарку яшчэ на марозе. Хата была гарачая ад натопленых печак (хаця дзверы расчыняліся туды-сюды ад мноства снуючых людзей) і ад паху прыгатаваных страў... Да свежыны дадавалася ўсё, што было нарыхтавана з агарода: салёныя агуркі і памідоры, квашаная капуста, яблычны сок. Рабіліся немудрагелістыя па тым часе салаты кшталту вінегрэту, селядца пад колцамі цыбулі. Памятаю, заўжды прысутнічала велізарная патэльня з яечняй і скваркамі. Пілі і «казёнку», але пераважна — сваю... Маёй любімай стравай за гэтым сталом заўсёды былі... смажаныя свіныя мазгі. Не паверыце, я толькі нядаўна выпадкова высветліў, што мая маладая калега ў свой час таксама была ахвочая да іх. Дагэтуль, акрамя цёткі-«канкурэнткі» (калі яна таксама прыходзіла да сваякоў на свежыну), я чамусьці такіх аматараў не сустракаў. І тады з цёткай Соняй нам даводзілася дзяліць «порцыю» на дваіх. Насамрэч, свіныя мазгі, пасмажаныя на тлушчы з невялікай колькасцю цыбулі, — гэта ма-лю-се-нькая талерачка. Але якое гэта было смакоцце, якое я ўжо «-наццаць» гадоў як не спрабаваў!..
Пасля некалькі тыдняў запар па вечарах маці з бацькам варылі свіныя вантробы, перакручвалі іх на мясарубцы, секлі ўручную нажамі на днушках, піхалі ў тыя самы кішкі, салілі сала, складваючы яго ў новы кубел, спецыяльна з гэтай нагоды змайстраваны бацькам, перасыпаючы буйной соллю... Атрымліваліся цудоўныя духмяныя «пальцам пханыя» каўбасы, паляндвіцы, кумпяк, зрэдку — той жа трыбух... Увогуле, неаднойчы спрабуючы прыгадаць, чым нас бацькі кармілі ў дзяцінстве, нічога, апроч прадуктаў са свінні, я з братам прыгадаць не магу (хаця яны, бясспрэчна, былі). Але помніцца толькі тое, як вось прыкладна гэтым часам (тады, праўда, звычайна былі большыя і маразы, і покрыва снегу) нашы маладыя бацькі для нас, малечы, гатавалі смажанку з яечняй, мучныя або бульбяныя бліны, мачанку з хатнімі каўбаскамі ці рабрынкамі, бабку, халадзец. Цяпло печы і незабыўны смак...
Пра тое, якой цаной у выніку часам даваліся гэтыя «дармавыя», на думку некаторых гарадскіх сваякоў, прысмакі, сёння гаварыць не хацелася б. Дастаць камбікорм, запарыць бульбу ў вялікіх чыгунах... Проста хацелася прыгадаць дзяцінства — шчаслівую пару, калі ўсе сваякі былі маладымі і жывымі, збіраліся з нагоды за адным агульным сталом, а бацькі рабілі ўсё дзеля нас — цяперашніх... Пару, пра якую цяперашняе пакаленне часам ведае толькі з аповедаў старэйшых...
Сяргей РАСОЛЬКА
Іншыя матэрыялы рубрыкі «Узровень-40″
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gazeta
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/3-16.jpg
[5] http://zviazda.by/2014/10/56254.html
[6] http://zviazda.by/2014/09/54643.html