Вечарам мінулай пятніцы, 5 снежня, прафесійнае журы вызначылася з фіналістамі нацыянальнага адбору песеннага конкурсу «Еўрабачанне». Іх імёны былі агучаны ў прамым эфіры праграмы «Панарама». Праўда, нягледзячы на заўвагу старшыні адборачнага журы Аляксандра Ціхановіча наконт таго, што сёлета было прадстаўлена шмат цікавай моладзі і адкрылася нямала новых імёнаў, у фінал прайшлі ў асноўным артысты з імем і багатым сцэнічным вопытам. Ужо ў нядзелю лёсаванне вызначыла парадак іх выступлення ў фінальным канцэрце, які адбудзецца 26 снежня і будзе паказаны ў прамым эфіры «Беларусь 1» і «Беларусь 24».
[caption id="attachment_63634" align="alignnone" width="600"] [3] Зомбі хоць і выклікалі ажыятаж, але прабіць рамкі адбору не змаглі.[/caption]
Лёсаванне склалася наступным чынам: адкрые шоу гурт Napolі, пад нумарам 2 выступіць Lіs (Дзяніс Ліс, які сёлета ўжо ўдзельнічаў у «Еўрабачанні» ў якасці бэк-вакаліста Тэа), нумар 3 дастаўся Дарыі, 4 — Гюнеш, 5 — Яне Буцкевіч і гурту Muzzart з Брэста, 6 — пераможцы мінулага сезона «Акадэміі талентаў» Валерыі Садоўскай, 7 — гурту Rostany (спадчыннік зніклага гурта «Dalі», заснаваны вакалістам Віктарам Рудэнкам), 8 — Жанет, 9 — салісту пра-
дзюсарскага цэнтра «Спамаш» Аляксею Гросу, 10 — нашумеламу дзявочаму праекту Аляксандра Рыбака MІLKІ, 11 — дуэту спевака Юзары і спявачкі Маймуны, 12 — магілёўскаму гурту «Беатрыс», 13 — баяністу і спеваку Віталю Варанко, 14 — Настассі Малашкевіч (падапечная Паўла Клышэўскага), а закрые канцэрт Наталля Адзінцова (ураджэнка Магілёва стала шырока вядомай пасля выканання галоўнай жаночай ролі ў мюзікле «Прарок»), якая выступае пад сцэнічным псеўданімам Tasha ODІ.
[caption id="attachment_63633" align="alignnone" width="600"] [4] Дуэт спевака Uzari і спявачкі Маймуны атрымаўся вельмі каларытным і якасным.[/caption]
Дарэчы, сёлета практычна кожны ахвотны мог далучыцца да праслухоўвання і праверыць, ці супадае яго ўласны музычны густ з меркаваннем журы: упершыню Белтэлерадыёкампанія зладзіла на сваім сайце анлайн-трансляцыю з абодвух дзён папярэдняга адбору. Гэтай магчымасцю скарысталіся, дарэчы, не толькі беларусы — трансляцыю глядзелі прадстаўнікі больш чым 70 краін свету, у тым ліку з Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Нідэрландаў, Грэцыі, Ізраіля, ЗША, Канады. Але, безумоўна, выдаткаваць столькі часу на «музычную дэгустацыю» мог дазволіць сабе далёка не кожны, таму пэўная частка прэтэндэнтаў засталася па-за ўвагай шырокай публікі. «Звязда» склала своеасаблівы хіт-парад тых удзельнікаў, хто па розных прычынах не прайшоў у фінал адбору, але пакінуў пра сябе незабыўнае ўражанне.
Зомбі-бэнд «Sweet Braіns»
Загадзя шырока разрэкламаваўшы сябе, загадкавыя персанажы ў выглядзе бадзёрых зомбі з'явіліся на кастынгу практычна поўнай копіяй папулярнай камп'ютарнай гульні «Plants VS Zombіes» — і вобразы і, што больш важна, прадстаўленая песня нібыта сышлі з камп'ютарных манітораў. Магчыма, таму, каб пазбегчы абвінавачанняў у плагіяце, суддзі «жывых мярцвякоў» далей папярэдняга адбору і не прапусцілі.
Гурт «Аўра»
Сямейны і творчы дуэт прадставіў на суд журы беларускамоўную песню «Закаханая», упрыгожаную шчымлівай аранжыроўкай у балканскім стылі. «Гэта наша прынцыповая пазіцыя, — падкрэсліў пасля выступлення кампазітар Яўген Алейнік, — што на «Еўрабачанні» ад Беларусі мусіць гучаць беларуская песня. Нацыянальная адметнасць заўжды ў пашане. Інакш чым мы плануем здзівіць Еўропу — поп-музыкай у стылі славутых шведскіх калектываў? Быццам еўрапейская публіка гэтага яшчэ не чула...». Не атрымаўшы пуцёўкі ў фінал, артысты, здаецца, не засмуціліся і запэўнілі, што працягнуць музычную прапаганду «спявай і слухай сваё».
[caption id="attachment_63632" align="alignnone" width="600"] [5] Бабуля-рокер з Косава была, напэўна, найстарэйшай удзельніцай кастынгу.[/caption]
На сёлетнім адборы, дарэчы, хапала цікавых беларускамоўных кампазіцый, прычым як ад традыцыйных «народнікаў», так і ад прадстаўнікоў альтэрнатыўнага кірунку — дуэта Navі, гуртоў Rokash і Hurma, дзявочага ансамбля «Квартэт» з Гродна, сталічнага гурта Tesaurus ды іншых. Але ніводная з гэтых песень, на жаль, не ўразіла суддзяў настолькі, каб трапіць у фінал...
Людміла Рудая
Пенсіянерка з Косава выйшла на сцэну ў вобразе бабулі-рокера — і песню, уласна, назвала гэтаксама. Але яркага вобразу і пачуцця гумару, якія прыйшліся да месца ў адборы тэлепраекта «Я магу!» і спадабаліся на ўкраінскім шоу «Рассмяшы коміка», не хапіла для сапраўды сур'ёзнай заяўкі на еўрапейскі песенны конкурс.
Руслан Кустурыца
У маі гэтага года цыганскае шоу пад кіраўніцтвам Руслана сустракала прадстаўніка нашай краіны з «Еўрабачання» ў аэрапорце, а ўжо ў снежні самі ўдзельнікі ансамбля прэтэндавалі на тое, каб прадстаўляць Беларусь на конкурсе. Уразілі, зрэшты, не столькі яркімі сцэнічнымі касцюмамі і страснымі танцамі, колькі дзіўнай песняй з рэфрэнам «Толькі б не было вайны...». Пасля выступлення ў вачах усіх прысутных на праслухоўванні вялікімі літарамі чыталася пытанне: што гэта было і пры чым тут цыгане?!
Дубравін і Красоўскі
Інтэрнацыянальны беларуска-ўкраінскі дуэт парадаваў выдатным вакалам і выступленнем у стылі Сан-Рэма. «Нават не верыцца, што яны спяваюць на англійскай, а не на італьянскай мове», — перашэптваліся за спінамі журы шматлікія назіральнікі. Сарваўшы апладысменты прысутных, галасістыя ўдзельнікі, тым не менш, засталіся за межамі фіналу.
[caption id="attachment_63635" align="alignnone" width="600"] [6] «Цыганская тэма» не кранула сэрцы суддзяў.[/caption]
Гурт «Артэфакт»
Выйшлі на сцэну чамусьці ў касцюмах супергероеў з папулярных коміксаў, хоць уразілі зусім іншым — выдатным вакалам і драйвам, укладзеным у тры хвіліны песні «Супермен». Праўда, як высветлілася, правілы нацыянальнага адбору хлопцы чыталі няўважліва і рыхтаваліся да «жывога» выступлення, таму ледзь паспелі падрыхтаваць мінусавую фанаграму. Ці згуляў у мінус менавіта гэты факт, невядома, але ў фінале мы «Артэфакт» не пачуем — прынамсі сёлета.
Цімур Прахін
Леташняя няўдалая спроба скарыць «Еўрабачанне» немудрагелістай мелодыяй і вострасацыяльнымі тэкстамі не адбіла ў фрык-артыста з Мінска ахвоты працягваць эксперыменты. На сёлетні адбор, відаць, рыхтуючыся ўжо да «ёлак», Цімур з кампаніяй прыйшоў у касцюмах Санта-Клауса і яго спадарожнікаў-аленяў, прычым гэтыя ўборы свяціліся і пераліваліся светладыёдамі ў цемры пад жвавы прыпеў «Нашай веры яркае святло». У стане, набліжаным да культурнага шоку, суддзі нават дазволілі выканаўцу выступіць двойчы, каб прадэманстраваць усе спецэфекты — але ў фінал не пусцілі.
...У 15 артыстаў і калектываў, якія атрымалі шчаслівыя білецікі і на крок наблізіліся да еўрапейскага конкурсу, застаецца крыху больш за два тыдні, каб адшліфаваць свае выступленні і дабіцца пуцёўкі на «Еўрабачанне» ад публікі і журы ў фінале (нагадаем, дарэчы, паводле правілаў адбору, у фінале працуе іншае журы, склад якога стане вядомы непасрэдна перад канцэртам). Хто заваюе найбольшыя сімпатыі — дзявочае хараство і падкрэслены акцэнт гурта «MІLKІ» або напоўненае энергетыкай сімфа-рок-выступленне Юзары і скрыпачкі Маймуны; харызма і сцэнічны вопыт Гюнеш або вясёлыя танцы кабарэ брастаўчан з Muzzart — даведаемся ўжо зусім хутка.
А на ваш погляд, якім мусіць быць беларускі адказ леташняму(яй) пераможцу(ы) «Еўрабачання» Канчыце Вурст?
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота БелТА і Іны Альшэўскай.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/9-24.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/9-23.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/9-22.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/9-25.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/9-21.jpg
[8] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/Artefakt.jpg
[9] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/Aura.jpg
[10] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/Dubravin-Krasowskij.jpg
[11] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/Milki.jpg
[12] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/Navi.jpg
[13] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/12/Alex-Normalex.jpg
[14] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk-0