Заліхвацкія віражы, роў магутных матораў, экстрэмальная хуткасць, захапляльныя кадры з кабіны пілота... Ралі пануе на спартыўных тэлеканалах у цёплы час года. У жыхароў Беларусі сёлета зноў з'явіцца магчымасць паназіраць за аўтамабільным спортам у межах краіны.
— Год таму прапанова аб правядзенні спаборніцтваў «Баха Беларусь» паступіла да нас за два з паловай месяцы да іх пачатку, — згадвае намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў. — Яна здавалася крыху авантурнай, але ўсё-такі вырашылі ад такой магчымасці не адмаўляцца. І эфект ад аўтагонак пераўзышоў усе нашы чаканні. Гледачы тады з'ехаліся з усёй Беларусі. Сёлета ж траса гонак будзе больш складанай і даўжэйшай. Пройдзе яна па лясных, няходжаных месцах, якія мусяць быць прывабнымі для гоншчыкаў.
Аўтамабілі павышанай праходнасці — грузавікі і пазадарожнікі — выйдуць з 29 па 31 мая на трасы былога воінскага палігона Дрэтунь у Полацкім раёне. Зрэшты, пад звыклае паняцце трасы дыстанцыя спаборніцтваў «Баха Беларусь» даўжынёй у 220 кіламетраў, якая складаецца з двух кругоў, зусім не падпадае.
— Пясок, грунт, гравійныя дарогі, разбітыя ад часу асфальтавыя ўчасткі, брады, масты — мы імкнуліся дасягнуць максімальнай разнастайнасці пакрыцця трасы, — расказвае старшыня Камітэта пазадарожных спаборніцтваў Беларускай Аўтамабільнай Федэрацыі Алег Мікалаеў. — Аднак на гэтым падрыхтоўка не заканчваецца. Перад намі стаяла задача знайсці велізарнае маланаселенае месца, пажадана з абсалютнай адсутнасцю інфраструктуры і мінімальнай колькасцю мясцовага насельніцтва. Самі разумееце, дадатковыя праблемы і прыгоды нікому не патрэбны. Адна з заган нашых трас — іх вузкасць. На лясных дарогах два грузавікі амаль не могуць раз'ехацца. Мы гэта прадугледзелі. Усе машыны будуць абсталяваны спецыяльнымі электроннымі прыборамі. Калі адзін экіпаж дагоніць іншы, ён падасць сігнал па радыёканале, і той, хто едзе наперадзе, будзе абавязаны яго прапусціць.
Сёлета 1-ы этап чэмпіянату Беларусі па ралі-рэйдзе і 3-ці этап аналагічнага чэмпіянату Расіі будуць сумешчаны і прымеркаваны да 70-годдзя Перамогі.
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] https://zviazda.by/be/sport-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik-0