«Мая музыка — гэта разважанні закаханага чалавека», — прызнаўся інтэлігентны хлопец у клятчастай кашулі, задумліва пацягваючы капучына. Міла? Нічога падобнага! Франтмен гурта HURMA Мікіта Найдзёнаў падчас размовы з карэспандэнтам «Літаратуры і мастацтва» расказваў пра рэчы зусім не банальныя: складанасць лёсу рок-музыкантаў у нашай краіне, касмічнасць беларускай мовы, нараджэнне вершаў у метро і «правіла мокрых маек». Ён проста і з гумарам ставіцца да сябе, уласнага голасу, імклівай змены складу гурта. І не баіцца раскрываць творчыя козыры!
— Мікіта, чым HURMA парадуе ў найбліжэйшы час?
— Наступным канцэртам, які адбудзецца 16 мая. HURMA будзе хэдлайнерам на фестывалі ў Маладзечне. У тую ж ноч мы адыграем у музеі Янкі Купалы ў Мінску. Да выхаду альбома таксама запланавана серыя выступаў — па Беларусі і, мабыць, у Польшчы і Літве.
— Хутка адсвяткуеце «нараджэнне» сольніка? Наконт назвы: чаму менавіта «Repeat»?
— Альбом мы рыхтуем ужо больш за год — і плённая праца ўрэшце на стадыі завяршэння! Засталося запісаць толькі адну песню. На дыску будзе прыкладна дзесяць кампазіцый, восем з якіх — абсалютна новыя, то бок прэм’ерныя. Чаму «Repeat»? Усё проста: песні, у якія ты ўклаўся цалкам, павінны быць на паўторы ў слухачоў. Увогуле, хочацца, каб людзі куплялі дыскі. Хоць гэта і не ўласціва апошнім часам беларускай музыцы. Мы нават плануем не ўсе трэкі з альбома выкладаць у інтэрнэт. Мала хто разумее, што ў музыкантаў няшмат заробкаў, бо ўсе бясплатна пампуюць песні з сеціва. Мы б хацелі крыху змяніць сітуацыю.
Парады пачаткоўцам:
як не застацца
ў невядомасці?
— Што рабіць маладым музыкантам, каб выбіцца «ў людзі»?
— Артыст павінен здзіўляць! Абавязкова выходзіць і паказваць сябе. Сустракацца са слухачамі. Пачынаць можна з дробных выступленняў, як мы, дарэчы. Ды і зараз наш гурт чуваць на розных пляцоўках: як у вялізным клубе ці на фестывалі, так і ў сценах факультэта. Маладому калектыву важна не перасядзець на рэпкропцы — згубіцца першасны энтузіязм, самы каштоўны. Для камерцыйнага поспеху музыканты павінны зыходзіць з жаданняў аўдыторыі. Мы ж нахабна робім тое, што нам падабаецца (Смяецца.) Увогуле, не трэба баяцца нешта мяняць — карэнна ці часткова. Музыкант абавязаны быць мабільным, але ў той жа час «гнуць сваю лінію».
— Як ты ацэньваеш беларускую «рок-арэну»?
— Беларуская рокавая сцэна — гэта энтузіясты, якія робяць музыку, таму што не могуць без яе жыць. Складана сказаць,
хто з рокераў зарабляе выключна творчасцю. Я такіх не ведаю. У асноўным шмат часу надаюць сваёй працы, а музыкай займаюцца ў вольныя хвіліны. Узровень нашых музыкантаў нармальны, але калі бім за гэта яшчэ і плацілі, то было б больш магчымасцей для ўдасканалення.
— Ці складана зрабіць эфектны канцэрт пры абмежаваных сродках?
— Галоўнае — напісаць матэрыял, які будзе гучаць якасна, а потым думаць пра шоу. Цудоўна, калі музыканты не стаяць як слупы, могуць паміж песнямі сказаць пару слоў — для гэтага грошы не патрэбныя. Толькі фантазія! Калі мы рабілі летась канцэрт у клубе «Піраты», замовілі вялікія паветраныя шары і пускалі іх у зале на лірычнай песні. Усё залежыць ад стылістыкі гурта і жанру музыкі. Аднойчы «Бі-2» выязджалі на сцэну ў труне. І гэта было эфектна. Нам, канечне, такі
рэквізіт не вельмі пасуе. Гэтабудзеўжоне HURMA, а HIM ці My Chemical Romance.
Пяцёра ў «лодцы»
і трохі жартаў
— Хто іграе з табой у камандзе зараз?
— Ведаеце, HURMA — калектыў, у якім вельмі часта мяняецца склад музыкантаў: больш за дзесяць чалавек за тры гады. Справа ў тым, што гурт — хутчэй творчасць у чыстым выглядзе, чым камерцыйны праект. І мне хочацца іграць з тымі, каму гэта сапраўды цікава. Сёння HURMA аб’ядноўвае пяць чалавек. Сярод іх, акрамя мяне, — басіст Максім Ганціеўскі, драмер Зміцер Рынейскі, бэк-вакаліст Аляксей Куляшоў, адзін са «старажылаў», і гітарыст Яўген Кунічкін. Ён, дарэчы, наша знаходка: можа выконваць што заўгодна — джаз, рок, поп.
— Што галоўнае для вашай каманды?
— Атмасфера. З аднаго боку, сур’ёзная, а з іншага — спакойная, лайтовая. На шчасце, я перайшоў той перыяд, калі хацеў з гуртом HURMA займець сусветную вядомасць. Зразумеў, што трэба проста класна рабіць сваю справу, ладзіць для слухачоў сюрпрызы, увесь час прывабліваць новымі адкрыццямі. Вось што самае важнае!
— Лідар ты? Ці ўсе на
роўных?
— Я тыран, аўтарытарыст і ўзурпатар (Смяецца.) Людзі, якія прыходзяць, прыносяць нешта сваё, але мы не завязаныя адзін на адным. Мая галоўная місія — быць мастацкім кіраўніком, пісаць песні, адказваць за аранжыроўку, канцэпцыю выступаў. HURMA — «жывы арганізм», бо кожны ў гурце мае права на меркаванне. Быў час, калі ў калектыве ігралі музыканты, старэйшыя за мяне, а зараз — я самы дарослы. Усе прыблізна аднаго ўзросту, таму нам вельмі камфортна! На рэпетыцыях хоць і працоўны настрой, але без жартаў не абыходзіцца ніколі.
— Былі смешныя выпадкі?
— Аднойчы нас паклікалі выступіць пад фанаграму на тэлеперадачы «Брэйн-рынг». Там жа галоўнае — карцінка! Вось мы і вырашылі пажартаваць. Драмер стаў ля мікрафона, гітарыст і басіст памяняліся інструментамі, а я ўзяў тамбурын і пераўтварыўся ў бэк-вакаліста. Ніхто з людзей, якія нас бачылі ўпершыню, не заўважыў падмены. Мы ж не зоркі, якіх усе ведаюць!
— З дысцыплінай у вас усё добра?
— Не зусім. У нас ёсць шэраг негалосных правілаў. На рэпэтыцыі публіку не прыводзім. Перад выступленнямі ніхто з музыкантаў не ўжывае алкаголь. Раней было «правіла мокрых маек» (трэба яго зноў увесці): калі ты адыгрываеш выступ, то не маеш права заставацца ў сухой саколцы. Прысуд будзе адназначны: халтурыў!
— У чым таямніца назвы HURMA?
— Яе ўвогуле няма. У першым складзе гурта гэта была проста абрэвіятура імёнаў удзельнікаў — Харытон, Уладзімір, Рома, Мікіта і Андрэй. З тых часоў і пайшло.
— Што самае цяжкае і прыемнае ў творчасці гурта?
— Вельмі складана зрабіць так, каб усе музыканты ставіліся да творчасці аднолькава сур’ёзна — і не было выпадковых людзей у камандзе. Цяжка было пераадолець момант невядомасці, але мы ўсё роўна рабілі сваю справу. Самае прыемнае — ведаць, што твае песні слухаюць, захоўваюць у плэйлістах, знаходзяць адказы на істотныя пытанні, робяць каверы.
Філасофскі «пачастунак»
— HURMA змяніла цябе? Ці можа ўвогуле мяняцца чалавек?
— Безумоўна, усе людзі ўплываюць адно на аднаго. Нават наша інтрэв’ю — гэта нейкая змена ў свядомасці. Вы адкрылі для мяне новую інфармацыю, я шмат нагаварыў вам. Калі зазірнуць у псіхалогію, то карэнныя змены адбываюцца пасля вельмі моцных і пераломных момантаў, трагедый.
Я за тое, каб у чалавеку была не рэвалюцыя, а эвалюцыя: пастаянна паляпшацца, расці.
— Ці праўда, што ты пішаш песні менавіта ў стане закаханасці?
— У гэты час усё вакол нат-
хняе. І не істотна: адрынулі мяне ці, наадварот, адказалі ўзаемнасцю. Ніколі не займаюся самаразбурэннем. Вакуум і пустэчу ўнутры трэба запаўняць карыснымі справамі. Станавіцца лепей. Па жыцці ўсё павінна ісці на ўздым. Мне падабаецца ў людзях імкненне да развіцця, жаданне не толькі зарабляць грошы, але і рабіць штосьці важнае. Апантанасць у творчай справе вельмі
падкупае!
Усё пачынаецца з…
— Мікіта, як ты захапіўся музыкай? Чаму гітара? Чаму рок?
— З васьмі гадоў я слухаў «Сектор Газа», ведаў усе песні на памяць. Матуля не вытрымала і прапанавала аддаць мяне ў музычную школу. Яна бачыла мяне піяністам, але я ўпарта сказаў: «Толькі на гітару!» З 16 гадоў пачаў пісаць песні. З таго часу музыка мяне не адпускае.
— Памятаеш свой дэбют?
— Гэта было ў Пінску ў тыя ж 16 гадоў. Мы з гуртом «Чубіньо» (таму што насілі высокія хаеры) выступалі на Дні мола-
дзі. Быў моцны дождж, драмер у апошні момант адмовіўся іграць… Але слухачам, здаецца, мы спадабаліся!
— Спачатку ты толькі граў на гітары?
— Так, спяваць я пачаў не адразу. Стаўлюся да сваіх вакальных дадзеных іранічна. Але голас паважаю: часам раблю для яго напоі з імбіру і не ем марожанае, хоць вельмі яго люблю. Без практыкаванняў таксама ніяк. Мне кажуць, што голас стаў трохі лепшы за тры гады — значыць, усё недарма!
Думкі вершамі
— Паэт Мікіта Найдзёнаў — які ён?
— Вельмі лірычны. Мае вершы, як і песні, прыходзяць разам з каханнем. Хутчэй за ўсё, я не дарос яшчэ да абмеркавання глабальных праблем накшталт азонавых дзірак ці беспрацоўя ў краінах Афрыкі. Думкі ў мяне — як у творы Маякоўскага:
«Я знаю — гвоздь у меня в сапоге кошмарней, чем фантазия у Гёте!». Мяне хвалюе толькі блізкае, тое, што ўнутры.
— Вершы прыходзяць часцей у людных месцах ці на самоце?
— Апошнім часам запісваю творы ў метро — на тэлефон. У будзённай мітусні няма часу пабыць сам насам з нататнікам, бо я не люблю пісаць, калі побач нехта знаходзіцца. Для мяне важна не проста адлюстраваць думкі, а яшчэ і адшу-
каць цікавую рыфму.
— Шлях да беларускай мовы быў доўгім?
— Пералом адбыўся ў 19 гадоў. Я адкрыў для сябе сапраўдны космас! І гэта была беларуская літаратура! З тых часоў стаў пісаць на роднай мове. Слухаць нашы песні. Хоць і пратэставала сэрца: бацька ў мяне рускі. Давялося прызвычаіцца да вершаванай «амбідэкстрыі» — пісаць адначасова на дзвюх мовах. Хаця ўсё гэта не істотна. Галоўнае — тое, што ты хочаш выказаць!
Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва". [3]
Марыя ВОЙЦІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] http://www.main.lim.by/
[4] https://zviazda.by/be/nadrukavana-u-lim