Іх галасы сягаюць скрозь стагоддзі. Напоўненыя страснай жыццёвай прагай, яны нясуць прасвятленне, абуджаюць душу, выклікаюць эмацыйна вострыя перажыванні.
Галасы змагароў, як і палымяныя словы будзіцеляў, асветнікаў, глыбаказначна выяўляюць жыватворнае памкненне роднай зямлі, яе агульнапрыродны клопат — самааддана ўсталёўваць Мір і Згоду, нястомна наладжваць Справядлівасць і Роўнасць між народамі.
Песня «Ліст з 45-га», створаная Ігарам Лучанком і Міхаілам Ясенем у апошняй чвэрці мінулага стагоддзя, адразу ўвайшла ў залаты фонд савецкай песеннай культуры. Паэтычны тэкст усхвалявана-стрымана, па-салдацку сціпла ўзнаўляе драматычныя малюнкі баявых дзеянняў перад заканчэннем бязлітаснай сусветнай вайны. Напярэдадні доўгачаканай Перамогі надзвычай віхурна ўзмацняецца прага жыць... Але воля і незалежнасць заўсёды выбудоўваюцца на непахіснай самаахвярнасці. І развітальнае слова зусім юнага байца ўспрымаецца як пасланне ў будучыню, як наказ новым пакаленням мужна стаяць на ахове Міру і Свабоды.
Музыка Ігара Лучанка, у якой арганічна паядналіся лірычныя мелодыі беларускага краю і грамадзянска-патрыятычныя інтанацыі, утрымлівае магутны духоўны зарад. У рускамоўным варыянце песня «Ліст з 45-га» набыла інтэрнацыянальнае гучанне і выконваецца прафесійнымі і самадзейнымі спевакамі. На пачатку гэтага стагоддзя Міхаіл Ясень — удзельнік вызвалення Германіі ад фашызму — зрабіў песенны тэкст беларускамоўным. І вакальны твор, атрымаўшы свежы глыток духоўнасці ад роднай зямлі, яшчэ мацней заззяў, заіскрыўся вольналюбівымі, жыццестваральнымі праменьчыкамі.
Верш Міхаіла Ясеня Музыка Ігара Лучанка
Табе, равеснік, ліст мой з сорак пятага.
Глядзі на здымак: я такі тады!
На ім я разам з іншымі салдатамі.
Ты паглядзі, які я малады!
Спецкар газеты франтавой нас выглядзеў
І «лейкай» зняў нас: памяць на гады!
А мы пайшлі ізноў туды, дзе выстралы...
Ты паглядзі, які я малады!
Прыпеў:
На зямлі вайна,
А вакол вясна,
Сонца ў вочы б'е
І любіць заве...
Нам бы жыць ды жыць,
Жыць ды любіць
І любоў дарыць
На зямлі!
...А мы ізноў пашлі туды, дзе выстралы,
Дзе ўзрывы мін і бомб, дзе жаркі бой,
Пайшлі туды, каб вытрымаць, каб выстаяць
Хай нават самай цяжкай цаной.
Зямля стагнала ўся ў крыві, пажарышчах,
Мы за жыццё змагаліся тады,
А побач далоў падалі таварышы —
І кожны з іх такі быў малады!
Прыпеў:
А вакол вясна,
Неба сінява,
Сонца ў вочы б'е
І любіць заве.
Як жадалі жыць
І любімым быць,
І дзяцей расціць
На зямлі!
Я не пачуў, як злая куля свіснула,
Як я ўпаў і стаў сівы тады,
Як абеліскам стаў і песняй чыстаю.
Ты паглядзі, які я малады!
Я гавару з табою з сорак пятага!
Зірні на здымак: я на ім жывы!
Не дазваляй ізноў вайну праклятую!
Хай будуць мір і шчасце на зямлі!
Прыпеў:
А вакол вясна,
Неба сінява,
Сонца ў вочы б'е
І кахаць заве...
Нам бы жыць ды жыць,
Жыць бы ды любіць,
Берагчы наш мір
На зямлі!
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/04/25-8.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[6] https://zviazda.by/be/70-gadou-vyalikay-peramogi