У дзясяты раз у вёсцы Загалле Любанскага раёна правялі адроджаны старажытны абрад Русалле. Па традыцыі ён адзначаецца ў нядзелю пасля Тройцы — у канцы Гранага, альбо Русальнага тыдня. Энтузіястамі захавання фальклорнай спадчыны любанскага краю, якія вывучалі сведчанні старажылаў-носьбітаў, па сутнасці адроджаны ўнікальны абрад, што бытаваў на паўночнай мяжы Палесся яшчэ 70-100 гадоў таму. І ў наш час ёсць цудоўная магчымасць паглядзець (а лепш паўдзельнічаць) у фантастычным ігрышчы, якое ладзілі нашыя прашчуры, каб Русалкі — гэтыя прыгожыя містычныя істоты, не выходзілі з рэк і азёраў, не чынілі людзям шкоды, не наведваліся ў вёскі, не гулялі па палетках і не завівалі жытнёвае калоссе.
На свята ў Загалле прыехалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці суседніх вёсак — Соснаў, Палічына, Малых Гарадзячыц, каб рабіць абыход вуліц на чале з дзяўчынай у вянку — «русалкай», вадзіць кагароды, выбіраць галоўную гераіню свята і праводзіць яе за вёску на рэчку. А яшчэ смажыць на вогнішчы яечню і частаваць ёю вяскоўцаў.
— Мы робім увесь абрад — ад пачатку і да канца, як рабілі нашы продкі, не ўпускаючы цікавых, важных абрадных нюансаў, — кажа мастацкі кіраўнік Загальскага Дома культуры Надзея Бычанок. — Незважаючы на тое, што мы жывём у іншы час і ў іншым прасторавым вымярэнні, у іншых абставінах, усё роўна хочам, каб кожны ўдзельнік адчуваў сябе адказным за захаванне самабытнай традыцыі, яе паўнавартасным прадаўжальнікам.
Правяду русалку да бору,
А сама вярнуся да дому.
Правяду русалку да мяжы,
А сама вярнуся да дзяжы...
Спачатку гурты ідуць па вуліцах, з песнямі абыходзяць двары, быццам забіраюць усё дрэннае з вёскі — спрэчкі, сваркі, нагаворы, сурокі, ідуць на выган. Там сустракаюцца з іншымі гуртамі, водзяць карагоды вакол сваіх «русалачак». Тут і праходзіць асноўнае абраднае дзейства. Па традыцыі падрыхтаваны «калодзеж» для вогнішча, у якое дзяўчаты кідаюць вянкі. Толькі чатыры вясковыя прыгажуні застаюцца ў сваіх вянках — яны спаборнічаюць за права быць у ролі галоўнай русалкі. Паказваюць сваё ўменне прыгожа танчыць, высока і далёка кідаць вянкі — каб іх схапілі хлопцы-кавалеры, ліць ваду ў гарлачык, які трымае завадарка ігрышча Мая — старажытная багіня Вясны. Яна і вызначае прыгажуню-пераможцу, якую павядуць на поле, за вёску. Гэтым разам галоўнай «русалкай» выбралі 16-гадовую Ірыну Заяц з вёскі Палічын. Школьніца ўжо чацвёрты раз удзельнічае ў Русаллі.
— Мне гэты абрад вельмі падабаецца, — кажа шчаслівая «русалка». — Тым больш што ў іншых месцах такога не ўбачыш, не адчуеш, подых стагоддзяў і такіх песняў больш не пачуеш.
У вёсцы Загалле добрая навіна — «русалку» праводзілі да ракі: вясковыя падлеткі «пагналі» яе далёка, каб больш не прыходзіла да паселішча. Паплылі па вадзе русалчыны вянкі! Гэта кульмінацыя загальскага Русалля.
— Абрад паказвае, як нашы продкі шукалі паразуменне з сіламі прыроды, яны часам не маглі патлумачыць усіх з'яў і сваімі песнямі і гульнямі настройвалі добра да сябе матулю-прыроду, — кажа ідэйны натхніцель аднаўлення абрадаў і звычаяў на Любаншчыне, загадчык аддзела раённага Цэнтра культуры Сяргей Выскварка.
Па завяршэнні абраду ўдзельніцы абавязкова спяваюць традыцыйную русальную песню:
Ой, яблынька наша, Божа мілы!
Дакуль ты стаяла?
Ой, дзевачка наша, Божа мілы!
Дакуль ты гуляла?..
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
Любанскі раён
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[2] https://zviazda.by/be/kultura-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/10-371.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/10-311.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/10-351.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/10-361.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/kultura