Жыць багата — гэта не абавязкова атрымліваць самы высокі заробак. Рацыянальная аптымізацыя сваіх расходаў таксама робіць чалавека заможным. Гэта тычыцца і ўсёй нашай краіны. Не маючы вялікіх прыродных рэсурсаў і крыніц энергіі, Беларусь імкнецца правільна размяркоўваць і эфектыўна спажываць усё — і ваду, і газ, і электраэнергію. За гэтым сочыць адпаведны дзяржаўны орган — Дэпартамент па энергаэфектыўнасці. Сёння ён добра вядомы ў краіне як самастойнае структурнае падраздзяленне Дзяржстандарта. Дэпартамент рэалізуе дзяржаўную палітыку ў галіне энергазберажэння і аднаўляльных крыніц энергіі. Акрамя гэтага, ажыццяўляе нагляд за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.
Дэпартамент па энергаэфектыўнасці вядзе статыстыку з 1997 года. Валавы ўнутраны прадукт краіны за гэты час вырас больш, чым у 2,5 раза, а спажыванне паліўна-энергетычных рэсурсаў практычна засталося на ўзроўні 1997-га — рост 6-7%. Аднак эканомяць не толькі прадпрыемствы і арганізацыі. Агульны вынік залежыць і ад кожнага жыхара краіны. Як не выкідаць грошы на вецер пры ацяпленні кватэры? Па якіх характарыстыках выбіраць энергазберагальныя лямпачкі? Як гатаваць ежу эканомна? На гэтыя і іншыя пытанні падчас «прамой лініі» ў нашай газеце адказаў намеснік старшыні Дзяржстандарта — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Сяргей Сямашка.
Прэч з разеткі!
Ганна Асіповіч, г. Мінск:
— Мая матуля ў вёсцы заўсёды на ноч адключае ўсе электрапрыборы з разеткі, бо баіцца пажару. А я чула, што тэлевізары, камп’ютары і іншая тэхніка нават у рэжыме чакання спажываюць электраэнергію. Ці сапраўды гэта так? Няўжо на гэтым можна яшчэ і сэканоміць?
— У тым выпадку, калі «вілку» выцягваюць з разеткі, то, зразумела, спажыванне электраэнергіі будзе нулявым. Калі гэтага не рабіць, то нават выключаная шматлікая тэхніка будзе патроху з’ядаць электрычнасць, якая выдаткоўваецца на «сілкаванне» ўнутраных індыкатараў і працэсаў. На першы погляд, гэта невялікія лічбы, але калі падлічыць, колькі спажывае ваша быццам адключаная тэхніка за год, то можна рэальна сэканоміць.
— Я чула, што некаторыя людзі ўвогуле адключаюць кватэру агульным «рубільнікам», калі, напрыклад, з’язджаюць у адпачынак. Ці ёсць у гэтым сэнс?
— Зразумела, што калі вы цалкам абясточваеце сваё жыллё, то гэта гарантуе вам і бяспеку, і эканомію. Ці заўсёды гэта неабходна? Гэта вы рашаеце самі. Можа быць, вы захочаце пакінуць поўны халадзільнік. Без электрычнасці ён працаваць не будзе, і ўсе вашы запасы сапсуюцца.
Без праверкі — напоўніцу
Дзмітрый, г. Мінск:
— Я здымаю кватэру. Нядаўна да мяне прыходзіў спецыяліст з водаканала і раіў памяняць лічыльнік вады. Гаспадар кватэры адмахваецца. Чым можа пагражаць адмова ад замены лічыльніка?
— Верагодна, проста прыйшоў час праверкі лічыльніка. За гэта плаціць не трэба — прабор проста замяняюць на новы. Незразумела, чаму гаспадар кватэры не хоча гэтага зрабіць. Выкарыстанне неправеранага лічыльніка — усё роўна што выкарыстанне вады без лічыльніка. Значыць, расход вады будзе тарыфікавацца па сабекошце. Гэта практычна ў пяць разоў даражэй.
Карэспандэнт «Звязды»:
— Наўрад ці камусьці хочацца плаціць так шмат грошай. Чаму б не замяніць гэты лічыльнік?
— Звычайна людзі не даюць мяняць лічыльнікі з прычыны таго, што на ім ужо занадта шмат «набегла» неаплачаных кубоў. Шкада, але такія выпадкі бываюць.
Карэспандэнт «Звязды»:
— Наколькі можа адрознівацца расход рэсурсаў звычайнай сям’ёй нават пры мінімальнай эканоміі (выключэнне святла, калі яно не патрэбна; непусканне дарэмна вады і гэтак далей)?
— Спецыялістамі было падлічана, што на практыцы за кошт звычайных арганізацыйных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярэднестатыстычная беларуская сям’я з трох чалавек можа эканоміць прыкладна 5-7% энергарэсурсаў.
Антон Кузняцоў, г. Мінск:
— У нашай сям’і тры чалавекі — я, жонка і маленькі сын. Сёння норма спажывання па вадзе складае 4,3 куб. метра на чалавека. Так атрымалася, што гэтую норму мы перыядычна перакрываем на 2-3 «кубы». За такую ваду мы вымушаны плаціць па іншым тарыфе. Ці плануецца павялічыць альбо паменшыць такую льгатуемую норму?
— Гэта тэма не ўваходзіць у кампетэнцыю Дэпартамента па энергаэфектыўнасці, а хутчэй Мінжылкамгаса. Звярніцеся лепей у ЖЭС. Хаця, шчыра кажучы, эканомія вады апасродкавана тычыцца і нашага Дэпартамента. Яна вядзе да эканоміі электрычнасці на пад’ём і падачу вады, а таксама перакачку сцёкаў. Тут асобна варта падкрэсліць, што дзяржава не абмяжоўвае насельніцтва ў спажыванні вады. Калі сям’і патрэбна выкарыстаць больш за норму — калі ласка, толькі памятайце, што за яе трэба плаціць напоўніцу, па сабекошце.
Нагадаю, што плата за паслугі водазабеспячэння і каналізацыі з грамадзян, якія пражываюць у дамах (кватэрах), дзе ёсць прыборы індывідуальнага ўліку расходу вады, бярэцца штомесячна па агульна вызначаных тарыфах. Яны субсідзіруюцца дзяржавай у межах 140 літраў у суткі на чалавека. А водаспажыванне звыш гэтай нормы аплачваецца спажыўцамі па сабекошце. Для тых, хто не мае прыбораў уліку (за выключэннем выпадкаў, калі ўсталяванне лічыльніка эканамічна немэтазгодна або тэхнічна немагчыма), вада і каналізацыя выстаўляецца па сабекошце ў межах аб’ёмаў водаспажывання і водаадвядзення 260 літраў у суткі на чалавека.
«Кранік» на батарэю — за свой кошт…
Яраслаў Пальчык, г. Брэст:
— Мой сябар сем гадоў таму пабудаваў кватэру ў новым доме. У яго на батарэі ёсць спецыяльны кранік, які рэгулюе падачу цеплаэнергіі. Таму зімой яны плацяць за ацяпленне значна менш, чым мы. Ці магчыма такі кранік усталяваць у кватэры старога дома?
— Вы можаце звярнуцца ў ЖЭС і папрасіць усталяваць вам падобныя рэгулятары. Натуральна, гэта будзе праводзіцца за ваш кошт.
Антаніна Кузьмінічна, г. Мінск:
— Наш дом быў здадзены ў 1983 годзе. Зараз у ім праводзіцца цеплавая мадэрнізацыя. Лоджыя ўваходзіць у агульны метраж кватэры, зыходзячы з якога я аплачваю ацяпленне. Работнікі уцяплілі мне толькі сцены жылых памяшканняў, а лоджыя засталася «халоднай». Мне здаецца, што гэта не зусім правільна. Аднак, калі я звярнулася да спецыялістаў, мне адказалі, што каштарыс такіх работ не прадугледжвае. Таму лоджыю мне параілі ўцяпляць за свой кошт…
— Пры правядзенні цеплавой мадэрнізацыі галоўнай мэтай з’яўляецца ўтрыманне цяпла менавіта ў жылых памяшканнях кватэры, дзе ажыццяўляецца ацяпленне. А лоджыя да такіх не адносіцца. Я пераадрасую ваша пытанне ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Абяцаю, што яны вам адкажуць па сутнасці.
Даведка «Звязды»:
На момант публікацыі артыкула зварот Антаніны Кузьмінічны быў ва ўстаноўленым парадку разгледжаны «Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркай», і пісьмом ад 12.06.2015 года накіраваны ёй вычарпальны адказ.
…А лічыльнік на дом — за кошт дзяржавы
Мікалай Карповіч, г. Віцебск:
— У нас на доме лічыльніка цяпла няма. Да аплаты нам пастаянна выстаўляюць 1 ГКл кожны месяц. Гэтая лічба бярэцца літаральна са столі. Пераразліку ніякага не атрымліваем. Як нам вырашыць гэтую праблему?
— Патрабаваць устаноўкі лічыльніка. Урад прыняў рашэнне, што ўсе шматпавярховыя шматкватэрныя (болей за 20 кватэр) дамы павінны быць абсталяваны лічыльнікамі цяпла. У свой час усе далі справаздачу, што гэтыя лічыльнікі ўсталяваны. Летась мы правялі кампанію па праверцы жылых дамоў. Лічыльнікі альбо не ўсталяваны, альбо не працуюць, альбо састарэлі. Асабліва гэта характэрна для раённых цэнтраў. Зусім нядаўна прынята пастанова Савета Міністраў (ад 26 мая 2015 года №443 «Аб падрыхтоўцы да працы ў асенне-зімовы перыяд 2015-2016 гг.»), у якой абавязалі ўсе аблвыканкамы забяспечыць спраўнасць працы гэтых лічыльнікаў. Таму неабходна патрабаваць. Калі ёсць лічыльнік на дом, то ўсё, што прыйшло на яго, будзе аплачана людзьмі. Усе страты падчас транспарціроўкі для жыхароў дома не будуць мець ніякага значэння.
На любы густ і кашалёк
Аляксандр Анатольевіч, г. Пінск:
— Наколькі мне вядома, у краіны Заходняй Еўропы забаронена ўвозіць і выкарыстоўваць там лямпачкі напальвання. Ці плануюць забараніць гэтыя лямпачкі ў нашай краіне? Калі?
— Вы маеце рацыю — у Еўрасаюзе існуе такая забарона. Аднак у Беларусі нічога падобнага не плануецца. Тым не менш, ёсць планы па вывадзе такіх лямпачак з выкарыстання на прамысловых аб’ектах, пры асвятленні вуліц і гэтак далей.
Вольга, г. Мінск:
— Сёння ў крамах вялікі выбар энергазберагальных лямпачак. Яны адрозніваюцца паміж сабою краінай, у якой вырашаны: Заходняя Еўропа, Кітай, айчынныя. Адпаведна адрозніваецца і цана. Як правільна выбраць такую лямпачку, на што звяртаць увагу?
— Зразумела, што найперш мы заўсёды глядзім на цану. Калі яна нас задавальняе, то далей мы звяртаем увагу на магутнасць. Што нам трэба асвятляць: невялікае працоўнае месца ці цэлае памяшканне? Калі размова ідзе аб энергазберагальных люмінесцэнтных лямпачках, то трэба, акрамя магутнасці, глядзець на светлавы паток. У лямпачак з аднолькавай магутнасцю ён можа быць розным. На ўпакоўцы ўсё гэта пазначана.
— А ці ёсць розніца белага святла ці жоўтага гэтыя лямпачкі?
— А гэта ўжо на ваш густ — як больш падабаецца. Калі вы прызвычаіліся да жоўтага святла — калі ласка, да белага — няма праблем.
Выбіраем магутнасць і светлавы паток
Ганна Арлоўская, г. Мінск:
— Гавораць, што энергазберагальныя лямпачкі працуюць больш працяглы перыяд, калі іх не ўключаць і выключаць занадта хутка, а даваць ім разгарэцца. Ці праўда гэта?
— Я не спецыяліст у дадзенай сферы і гляджу на гэта, як звычайны спажывец: трэба ўсё рабіць згодна з інструкцыяй вытворцаў. Большасць з іх рэкамендуе даваць лямпачцы разгарэцца. Таму проста ўважліва чытайце інструкцыю.
— А ці ёсць нейкія абмежаванні па выкарыстанні энергазберагальных лямпачак, напрыклад, у ванне ці кухні?
— Абмежаванняў па люмінесцэнтных лямпачках сёння няма. А вось адносна святлодыёдных лямпаў ёсць некаторыя выключэнні. Іх не рэкамендуюць да выкарыстання ў навучальных установах у тых памяшканнях, дзе пастаянна знаходзяцца людзі.
Карэспандэнт «Звязды»:
— З прычыны чаго такая забарона?
— Пакуль што невядома, як уздзейнічае на арганізм чалавека святлодыёдная лямпа. А яшчэ у гэтых свяцільнікаў вузкая накіраванасць святла. Для атрымання больш аб’ёмнага святла прапрацоўваюцца розная форма лямпачак і шматлікія тэхналогіі. Спецыялісты стараюцца наблізіць святлодыёды па светлавым патоку да лямпачак напальвання. А ўвогуле, я б параіў выбіраць лямпачкі не па іх магутнасці, а згодна з неабходным светлавым патокам, які вызначаецца ў люменах (лм). Напрыклад, стандартная лямпачка напальвання ў 60 Вт мае светлавы паток каля 720 лм. Такі ж паток мае люмінесцэнтная лямпа ўжо пры магутнасці 12Вт. Менавіта гэтая розніца ў магутнасці і забяспечвае энергазберажэнне.
Карэспандэнт «Звязды»:
— А чым адрозніваюцца ў энергазберагальных лямпачках адценні святла?
— Стандартная лямпачка напальвання выпраменьвае белае святло з цёплым адценнем, а энергазберагальныя маюць больш шырокі дыяпазон каляровых светлавых патокаў. Самы распаўсюджаны від такіх лямп мае белае цёплае адценне і выпраменьвае мяккае камфортнае святло для любых тыпаў памяшканняў. Лампы з халодным белым патокам маюць даволі нейтральнае святло, якое больш падыходзіць для офісаў. Часта іх усталёўваюць у тэхнічных памяшканнях (гаражах, майстэрнях). Дапускаецца выкарыстанне на кухні. Лямпачкі з дзённым светлавым патокам маюць больш халоднае святло, якое будзе рэзкім, некамфортным і нават ненатуральным. Часцей іх выкарыстоўваюць у прыбіральнях і пральнях.
Асцярога залішняй не будзе
Аксана Болдуць, г. Гродна:
— Наша сям’я карыстаецца энергазберагальнымі лямпачкамі. І накапіўся поўны пакет адпрацаваных. Наколькі бяспечна трымаць іх дома, бо я ведаю, што выкідаць іх разам з астатнім смеццем нельга? Можа быць, трэба вызываць нейкіх спецыялістаў, каб іх утылізаваць?
— Ёсць два віды энергаэфектыўных лямпачак: люмінесцэнтныя (дзе выкарыстоўваецца ртуць) і святлодыёдныя. Першыя, калі яны не разбіты і не пашкоджаны, не ўяўляюць з сябе небяспеку. Апошнія таксама бяспечныя. У выпадку пашкоджання люмінесцэнтнай лямпачкі насамрэч яна будзе вельмі шкоднай, і дома яе трымаць нельга. Сёння Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі стварае службу па ўтылізацыі энергазберагальных лямпачак, а пакуль што вы можаце аднесці іх у ЖЭС.
Карэспандэнт «Звязды»:
— А якія лямпачкі лепшыя — святлодыёдныя ці ртутныя?
— Усе яны маюць і недахопы, і перавагі. Напрыклад, перавагі святлодыёдаў у вельмі нізкім спажыванні электраэнергіі. Нават узнікае пытанне: навошта ставіць аўтаматычныя выключальнікі ў пад’ездах, дзе ўсталяваны святлодыёдныя свяцільнікі? Энергаспажыванне настолькі нізкае, што ў выключальніках няма сэнсу.
Нават посуд мае значэнне
Аляўціна Жыга, г. Лепель, Віцебская вобласць:
— Прывітанне вам, Сяргей Аляксандравіч! Летась я гасцявала ў Швецыі. Некалькі разоў глядзела там тэлевізар і заўважыла, што на сацыяльных каналах ёсць спецыяльныя перадачы пра зберажэнне энергіі на практыцы. У іх спецыялісты расказвалі насельніцтву аб тым, на якім агні (калі газ), або магутнасці (калі электрычнасць) варыць пэўныя гатункі мяса, гародніны, рыбы. Ці існуе падобны лікбез для беларускіх хатніх гаспадынь?
— Так, існуе. Намі падрыхтаваны папулярныя памяткі па эканоміі энергіі ў побыце. Напрыклад, па прыгатаванні ежы. Для таго, каб ваша страва не толькі захавала вітаміны, але і прыгатавалася ў тры разы хутчэй, неабходна гатаваць пад накрыўкай. Яшчэ адзін сакрэт тычыцца матэрыялу посуду. Такое папулярнае сёння тэфлонавае пакрыццё, а таксама эмаліраваны посуд не з’яўляюцца энергаэканамічнымі. Лепей выкарыстоўваць сапраўды энергаэфектыўныя кухонныя прылады — посуд з нержавеючай сталі, які мае паліраванае дно, слой алюмінія ці медзі. Пэўныя грошы можна пакінуць у сямейным бюджэце і пры рацыянальным выкарыстанні газу. Для гэтага неабходна падтрымліваць полымя канфоркі такім чынам, каб яно не выходзіла за памеры дна вашага посуду. Такая простая аперацыя дае эканомію да 50% газу. А ўвогуле, на нашым сайце (energoeffekt.gov.by) можна адшукаць яшчэ шмат карыснай інфармацыі па хатняй эканоміі.
Новы тэлевізар рэкламы не баіцца…
Іван Мікалаевіч, Глускі раён:
— Паважаны Сяргей Аляксандравіч! Можа быць, пытанне і не зусім да вас, але яно мяне вельмі турбуе. Мне ўжо 84 гады, зразумела, што на пенсіі. Таму на электрычнасці я эканомлю, як і ўсе на вёсцы. Паглядзеў па тэлевізары цікавую для мяне перадачу ці фільм — і выключыў. Аднак апошнім часам глядзець тэлевізар стала невыносна: замест гадзіны, ты вымушаны сядзець паўтары, бо кожныя дзесяць хвілін устаўляюць рэкламу. А тэлевізар у гэты час працуе…
— Разумею вашу незадаволенасць, аднак гэта сапраўды не мая кампетэнцыя. Нашаму Дэпартаменту важна, каб усе тэлевізары ў краіне былі энергаэфектыўнымі. Сучасная тэхніка спажывае значна меншую колькасць энергіі нават пры кругласутачнай працы. Калі ў вас вельмі стары тэлевізар, то яго лепей замяніць. І яшчэ заўважу: менавіта за кошт рэкламы фінансуецца дзейнасць тэлеканалаў, таму тарыфы іх паслуг для насельніцтва яшчэ даволі прымальныя.
…А халадзільнік з «плюсам» — Пантагруэляў
Карэспандэнт «Звязды»:
— Ці насамрэч высокія класы энергаэфектыўнасці для бытавой тэхнікі даюць значную эканомію энергіі? Такая тэхніка звычайна даражэйшая, можа быць, тады чалавек нічога не выйграе?
— Давайце паставім сябе на месца пакупніка. Мне патрэбны халадзільнік. Я прыйшоў у краму, дзе стаіць цэлы шэраг халадзільнікаў. Яны ўсе розныя, аднак на кожным напісана А+. Што я буду рабіць? Я выберу той, які мяне задавальняе па колеры, памеры і цане. Нічога не зменіцца, калі на іх будзе вісець розны клас, бо выберуць самы танны халадзільнік. Я не бачыў у магазінах чалавека, які шукае толькі тэхніку класа А++. Кожны павінен сам для сябе вырашаць, што яму патрэбна. Пакуль што ў чалавека няма сур’ёзнага стымулу для эканоміі — тарыфы на электрычнасць нізкія. З цягам часу энергаэфектыўная тэхніка сама знойдзе свайго пакупніка.
Карэспандэнт «Звязды»:
— А ўвогуле, якія класы энергаэфектыўнасці існуюць?
— Клас энергаэфектыўнасці надаецца бытавой тэхніцы ў залежнасці ад магутнасці, якую яна спажывае. Адпаведна, кожная лічба гэтага класа адлюстроўваецца на пэўным каляровым фоне. Буква А на ярка-зялёным фоне паказвае высокую ступень энергаэфектыўнасці тэхнікі. Далейшая лічбавая маркіроўка ад В да G наносіцца на пашпарт або корпус электрапрыбора з больш нізкім класам. Разам з тым, сёння існуе яшчэ тры класы (А+, А++ і А+++), якія абазначаюць максімальную энергаэфектыўнасць.
Напрыклад: халадзільнік класа А+ спажывае электрычнасці менш за 42% ад стандартных паказчыкаў. А++ спажывае яшчэ менш — да 33%. Халадзільнік з найвышэйшым класам А+++ з’ядае толькі адну пятую частку стандартнага спажывання — да 22%. Энергаспажыванне той ці іншай бытавой прылады можа адрознівацца ў разы. Індэкс энергаэфектыўнасці халадзільніка разлічваецца па формулах з улікам тыпу прыбора, колькасці і аб’ёму камер, тэмператур, наяўнасці ў халадзільніку тых ці іншых функцый, кліматычнага класа і іншых параметраў. У сувязі з гэтым расход электраэнергіі халадзільнікамі класаў А++ і В можа адрознівацца больш чым у 2,5 раза.
Прапановы і заўвагі вітаюцца
Дзмітрый Лявошка, г. Брэст:
— У мяне дома стаіць бойлер для нагрэву вады. Некалькі гадоў таму мы паставілі яго замест газавай калонкі. Пакуль не ўвялі дыферэнцыраваную аплату, усё было нармальна. Потым бойлер стаў «накручваць» вельмі значныя сумы ў жыроўцы. Я ведаю, што для тых, у каго стаяць электрапліты, зрабілі выключэнне. Лагічна было б зрабіць гэта і ў маім выпадку…
— Я думаю, што ў гэтай сітуацыі можа нешта змяніць увод у эксплуатацыю атамнай электрастанцыі. Магчыма, пры вялікай колькасці электраэнергіі будуць уводзіць ільготы для пэўных катэгорый грамадзян.
Вера Паўлаўна, г. Мінск:
— Я жыву ў новым доме на вуліцы Багдановіча. І ў нашым пад’ездзе круглыя суткі гарыць святло. Ці ёсць нейкія абавязковыя нарматывы па ўсталяванні ў пад’ездах датчыкаў руху для ўключэння і выключэння святла?
— Асобных нарматываў няма. Аднак ва ўсіх новых праектах прадугледжваецца аўтаматычнае выключэнне святла. Урадам некалі была прынята адпаведная праграма па ўсталяванні такіх датчыкаў у тым жыллі, якое ўжо было пабудавана. А ў новых дамах яны павінны ўсталёўваца пры будаўніцтве.
— У нас таварыства ўласнікаў. Куды мы павінны звяртацца з гэтай праблемай?
— У такім выпадку вы павінны будзеце гэта зрабіць за свой кошт і узгадніць з Мінгарвыканкамам.
Арцём Муха, г. Орша:
— У нашым раёне часцяком узнікаюць праблемы з напружаннем у сетцы, калі лямпачкі працуюць толькі на палову магутнасці. У сувязі з гэтым могуць сапсавацца складаныя электрапрыборы. Парайце, што нам рабіць, каб такіх скачкоў напружання не было?
— Я б вам параіў звярнуцца ў мясцовую арганізацыю электразабеспячэння або ў Віцебскэнерга. Найлепш за ўсё — у пісьмовым выглядзе.
Нам бы сонца ў дапамогу
Антаніна Жук, г. Мінск:
— Мая сяброўка нядаўна была ў Германіі і паведаміла, што там актыўна ўсталёўваюць на дахах дамоў фотаэлементы, каб выкарыстоўваць энергію Сонца. Ці магчыма пры жаданні такое зрабіць, напрыклад, у сталіцы?
— Сёння няма на гэта забароны. Менавіта на ўстаноўку. Але ж вы разумееце, калі ідзе размова пра шматпавярховы дом, то гэта найперш пытанне да архітэктара. Другое пытанне: як вы будзеце выкарыстоўваць гэтую электрычнасць? Па заканадаўстве сёння атрыманне электрычнасці ад фізічных асоб у сістэму не прадугледжваецца. Законам аб аднаўляльнай энергетыцы рэгулюецца атрыманне энергіі ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Карэспандэнт «Звязды»:
— А калі раптам жыхары аднаго шматпавярховіка аб’ядналіся і стварылі юрыдычную асобу, якая будзе прымаць такую энергію?
— Тады трэба будзе звяртацца да энергетыкаў, якія запатрабуюць паставіць асобны лічыльнік, а ў момант, калі спажываеш асабістую электраэнергію, адключацца ад агульнай сеткі. А гэта практычна нерэальна.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ,
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/IMG_1315.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/1-2.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/1-3.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/solnechnaya-batareya-krishe.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-kulecki-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach-0