Папулярны спявак, кампазітар, аранжыроўшчык, кінаакцёр, тэле- і радыёвядучы Тарыел МАЙСУРАДЗЭ нарадзіўся ў Абхазіі. Пасля школы лёс закінуў яго на беларускую зямлю — тут, у Сцяпянцы пад Мінскам, давялося служыць у войску. Мінск Тарыелу спадабаўся, і пасля звальнення ў запас ён паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. А на яго радзіме пасля распаду Савецкага Саюза пачаліся драматычныя падзеі, і неўзабаве сям'я Майсурадзэ вымушана была пакінуць родны дом і перабрацца ў Грузію.
Тарыел настойліва авалодваў артыстычнай прафесіяй і рабіў у Беларусі свае першыя крокі на эстрадзе. У 1993 годзе ён выступіў на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і стаў дыпламантам конкурсу маладых выканаўцаў. А ў 1994-м спявак пачаў працаваць салістам аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Сёння імя Тарыела Майсурадзэ добра вядома аматарам эстраднай песні.
Шчаслівыя гады дзяцінства і юнацтва Тарыела прайшлі ў горадзе Гудаўта сярод шматлікай радні. У сям'і Майсурадзэ быў свой дом, прыгожы і ўтульны. Бацька вырошчваў і здаваў дзяржаве жывёлу, маці ж вяла ўсе жаночыя гаспадарчыя справы, найперш клапацілася пра сваіх чатырох любімых мужчын — мужа і трох сыноў. Яна працавала настаўніцай пачатковых класаў і, нягледзячы на вялікую нагрузку, паспяхова спраўлялася і ў школе, і дома.
— У нас дома заўсёды былі ў вялікай колькасці сыр сулугуні, мацоні, тварог, кукурузны хлеб (мчадзі называецца)... Мама ўсё сама гатавала. Я любіў есці мчадзі з малаком. Малака ў талерку наліваеш і туды крышыш хлеб. Вельмі смачна!.. Мацоні — гэта кісламалочны прадукт накшталт сыраквашы хатняга прыгатавання. У кожнай сям'і яго рабілі. Гаспадыні адна адной перадавалі загатоўку. У цёплае малако заліваюць лыжачку гэтай загатоўкі і настойваюць ноч. І ўранку мацоні ўжо можна есці — хочаш з варэннем, хочаш проста з хлебам... Ведаеце, у той час супермаркетаў не было, але быў кірмаш. І, калі не хапала малака, куплялі яго на кірмашы, а потым дома перапрацоўвалі. Напрыклад, мама сама рабіла сулугуні. У вядры заўсёды было некалькі галовак свежага сыру... І яшчэ ў доме заўсёды былі арэхі — у грузінскай кухні шмат страў імі прыпраўляецца.
У 18 гадоў Тарыел Майсурадзэ пайшоў служыць у войска. Прычым у армію папрасіўся сам — не чакаў прызыву, шчыра хацеў абараняць сваю савецкую Радзіму.
— Размеркавальнік, дзе збіраюць усіх навабранцаў... Туды з усяго Савецкага Саюза прыязджалі «перакупшчыкі», якія набіралі ў свае вайсковыя часці спецыялістаў. Дык вось... Выклікалі 15 чалавек, паставілі, і сярод нас стаў хадзіць адзін вельмі прыязны маёр з блакітнымі пагонамі і блакітнымі вачыма. Ходзіць і гаворыць: «Ну што, авіяцыю любіце? Мы дружна: «Любім!» — «Вось і будзем лятаць!» Загрузілі нас у самалёт ТУ-154... Калі мы прыляцелі ў Мінск, было 40 градусаў марозу! Тады яшчэ новага аэрапорта не было, стаяў вялікі металічны ангар, а аэрапорт яшчэ будаваўся — толькі-толькі сцены былі ўзведзены.
За час службы Тарыелу спадабаліся і Беларусь, і беларусы, вось толькі пазнаёміцца як след з беларускай кухняй адразу не давялося.
— Ведаеце, што такое салдацкая кухня, асабліва напрыканцы 1980-х гадоў, калі ў СССР ужо быў поўны хаос?.. На першае — вада з капустай, на другое — капуста без вады, на трэцяе — вада без капусты.
Беларускія стравы ён пакаштаваў, ужо калі вучыўся ва ўніверсітэце культуры, на агульнай кухні студэнцкага інтэрната.
— Я не здымаў кватэру, навошта, калі ва ўніверсітэцкім інтэрнаце жыць было весела і цікава: студэнты, студэнтачкі!.. І кожны цягне з дому сала, варэнне, дранікі, бульбу!
Зразумела, пасля салдацкага рацыёну яго ўжо нічым нельга было здзівіць, але ўсё ж такі часам такое здаралася.
— У мяне быў шок, калі ўбачыў, што студэнты разбаўляюць вадой з-пад крана варэнне з трускалак, называюць гэта «морс» і запіваюць ім гарэлку падчас застолляў. Варэнне з трускалак — гэта ж далікатэс! І як можна чым-небудзь запіваць гарэлку? Дарэчы, я да войска яе наогул не піў. Ну, дык вось увечары ў інтэрнаце бульба смажыцца, скваркі скварчаць... Да бульбачкі ёсць кіслая капустка, каўбаска, пальцам піханая, паляндвіца. Апошняя мне даспадобы, вось чаго не «зразумеў», дык гэта вэнджанай каўбасы. У Грузіі, дарэчы, наогул няма культу каўбасы і вэнджанага мяса. Там клімат іншы, цёплы. У Беларусі каўбасу ў верасні зробяць, і яна да вясны захоўваецца. А ў Грузіі ў многіх дамах нават няма ацяплення. Таму грузінская кухня — гэта ўсё свежапрыгатаванае: з мукі, кукурузы, фасолі, малака... Тут, у Беларусі, падчас застолляў любяць халодныя закускі, а ў Грузіі — гарачыя вострыя стравы. Вострая ежа прымушае кроў хутчэй бегчы па жылах. Я не магу без спецый, цяпер купляю іх на Камароўцы. Вось, напрыклад, люблю сванскую соль...
Усім добра вядомы грузінскія гасціннасць і шматлюдныя застоллі. Тарыел тлумачыць, што ў Грузіі вельмі шануецца сям'я, і калі ладзіцца свята, то гаспадар запрашае на яго ўвесь свой род. Так патрабуюць шматвяковыя традыцыі.
— Калі ў дзяцінстве да нас прыходзілі госці, за стол садзілася не менш за 20—25 чалавек! Клікалі суседзяў, радню — татаву і маміну... Абавязкова прыходзілі жанчыны, якія дапамагалі гаспадыні прыгатаваць стол. Яны пяклі хачапуры, лабіяні (гэта накшталт хачапуры, толькі ў цеста замест сулугуні дабаўляецца фасоля), гатавалі чахахбілі з курыцы, рабілі мамалыгу з кукурузнай мукі і сулугуні... Ну і, вядома, на стале заўсёды прысутнічалі памідоры, агуркі — свежыя і салёныя, вельмі папулярнай была кіслая чырвоная капуста, такая хрусткая!.. Але ў грузінскім застоллі асноўнае не ежа, а адносіны паміж людзьмі. Госці размаўляюць, гавораць тосты. За сталом ствараецца сяброўская атмасфера, чалавек зараджаецца пазітыўнай энергіяй. Таму так часта наладжваюцца застоллі, дзе ёсць і смачныя вострыя стравы, і цёплыя размовы, і віно, і рог. Віно з рога госцю трэба выпіць абавязкова. А калі той піць не хоча, то павінен сказаць, што ён вельмі-вельмі хворы.
З асаблівай цеплынёй Тарыел расказвае пра ролю гаспадыні ў грузінскай сям'і.
— Я сказаў бы, што ў Грузіі, хутчэй, пануе матрыярхат. Многія гавораць: там жанчына прыніжана, яна падчас застолля за сталом не сядзіць! А жанчына проста занятая тым, каб госцю дагадзіць, каб смачна яго накарміць, каб усё было як след і каб яе сям'я была на высокім узроўні. Яна таксама прысядзе за стол, не хвалюйцеся. У Грузіі практычна ўсё пачынаецца са слова «Маці». Напрыклад, маці-зямля, маці — стрыжань дома (тое, на чым дом трымаецца)... У першую чаргу жанчына — маці. І якой бы значнай асобай ні быў мужчына (міністр ці палкаводзец), у яго ёсць маці, якая фарміруе яго і перажывае за яго, пакуль жыве.
Размова пра ролю жанчыны ў сям'і распачалася невыпадкова. У Тарыела Майсурадзэ былі два шлюбы і абодва распаліся. З першай жонкай спявак захаваў добрыя сяброўскія стасункі, пастаянна клапоціцца пра сына Георгія, які сёлета ўжо скончыў універсітэт. А вось развод з другой жонкай выліўся ў... 168 судовых пасяджэнняў: Тарыел змагаўся за права выхоўваць сваю дачку Цінаці. І выйграў! Дарэчы, спявак і сёння лічыць, што на атмасферу ў сям'і ніякім чынам не ўплывае тое, што муж і жонка часам падбіраюцца розных нацыянальнасцей, што яны выхаваны на розных традыцыях, у іх розныя кухні і розныя любімыя стравы. На яго погляд, уся справа ў каханні ці ў яго адсутнасці.
— Здараецца, што жонка-мусульманка зарабляе грошы, а муж займаецца дзецьмі. Я нядаўна сустракаўся з такімі ў Маскве. І жывуць яны цудоўна! Сучаснае жыццё растлумачыла разумнай частцы насельніцтва, што ўсе людзі роўныя, Бог адзіны, а ўсё астатняе залежыць ад размеркавання ў сям'і роляў і рахункаў. Калі гэта сям'я, дзе пануюць каханне і павага, то, нават калі жонка не спраўляецца па гаспадарцы, муж заўсёды дапаможа ёй. А калі ён раптам захоча з'есці нейкую сваю нацыянальную страву, то возьме і сам згатуе або пакажа жонцы, як гэта зрабіць. Дык што, сучасная, добраадукаваная жанчына не можа навучыцца гатаваць страву, якая так падабаецца яе каханаму мужу? Абсурд! Тут справа не ў страве — проста жанчыне не падабаецца яе муж. Па сабе ведаю: калісьці мой сын быў маленькі, цяпер дачцэ восем гадоў — мне падабаецца клапаціцца пра іх, мяне хвалюе, што яны ядуць. Я вару для іх супчыкі, гатую нейкія стравы, таму што люблю іх. Значыць, калі вы не хочаце гатаваць — найміце хатнюю работніцу! І яна вельмі хутка навучыцца дагаджаць вашаму мужу. Гэта будзе больш сумленна. Лічу, што добрыя, моцныя адносіны ў сям'і трэба выхоўваць.
Наша размова адбывалася ў адным са сталічных рэстаранаў, вядомых сваёй грузінскай кухняй. Тут наведвальнікам прапануюць хачапуры, сацыві, чахахбілі, лобіа і яшчэ шмат грузінскіх страў, якія так любіць спявак. Ён сказаў, што ўсё гэта ўмее гатаваць і падзяліўся рэцэптам прыгатавання сацыві.
— Гэта мой фірменны рэцэпт. Сацыві можна есці халодным — з мясам, з лавашом, можна выкарыстоўваць яго як соус да страў, напрыклад да курыцы. Вельмі смачна і зручна — нічога не трэба падаграваць.
Сёлета Тарыелу Майсурадзэ споўніцца 45 гадоў. Гэтую падзею ён адзначыць разам са сваімі прыхільнікамі юбілейным сольным канцэртам у адной з найлепшых залаў краіны. І, думаю, не абыдзецца без гасціннага грузінскага застолля — для родных і шматлікіх сяброў.
Тамара БУНТА
САЦЫВІ
Спатрэбіцца: 1 курыца (каля 1,5 кг), курыны булён, 500 г ачышчаных грэцкіх арэхаў, 2 ч. лыжкі сушанай каляндры, 1/2 ч.лыжкі шафрану; 1 ч. лыжка молатага чырвонага перцу, 3 зубчыкі часнаку, 1 рэпчатая цыбуля, 3 яечныя жаўткі, 1/2 ст. лыжкі віннага воцату, соль, молатая карыца, гваздзіка — на смак.
Курыцу памыць, заліць 2 літрамі вады і варыць на сярэднім агні 50—60 хвілін. Потым пакласці на бляху грудзінкай уніз і смажыць у духоўцы да гатоўнасці, час ад часу паліваючы сокам, які вылучаецца з курыцы. Гатовую курыцу парэзаць на невялікія кавалачкі, можна папярэдне выдаліць косткі. Ачышчаныя арэхі здрабніць у блэндары або ў ступцы, дабавіць да іх прапушчаны праз часночніцу часнок, сушаную каляндру, шафран, чырвоны перац, молатыя гваздзіку і карыцу. Усё перамяшаць. Пасля дабавіць да арэхаў жаўткі і добра вымесіць. Цыбулю дробна пакрышыць і таксама змяшаць з арэхамі. Уліць астылы курыны булён у такой колькасці, каб атрымалася аднародная кашка кансістэнцыі густой смятаны. Гэтую кашку 3—4 разы прапусціць праз сіта. У выніку атрымаецца досыць вадкая маса — соус. Цвёрдыя рэшткі, якія засталіся ў сіце, выкінуць, яны не спатрэбяцца. Паставіць каструлю з соусам на агонь і зняць, як толькі на паверхні з'явяцца першыя бурбалачкі. Тут жа пакласці ў каструлю кавалачкі курыцы, перамяшаць і даць астыць, пасля чаго дабавіць у соус вінны воцат і соль на смак. Ні ў якім разе нельга ўліваць воцат у гарачы соус: ён можа пацямнець!
Сацыві падаваць да стала халодным з зелянінай і белым хлебам. Можна ўпрыгожыць гранатавымі зярняткамі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/muzyka
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/16-221.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/16-241.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/tamara-bunta-0