Капіталіне Рыгораўне Фахрутдынавай 8 кастрычніка ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаць новы пашпарт. І юбілярка з ім будзе ўдзельнічаць у выбарах.
[caption id="attachment_102063" align="alignnone" width="600"] [4] Бабуля з дачкой, унучкай і праўнучкай.[/caption]
Родам жыхарка Полацка з Украіны — зразумела, перажывае за радзіму, дзе няма палітычнай стабільнасці. Яна хоча, каб у Беларусі і надалей былі мір і спакой.
— Я нарадзілася ў Вінніцкай вобласці. Маё першае прозвішча па бацьку — Плахая. У сям'і было чацвёра дзяцей: два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Я была трэцім па ўзросце дзіцем. І да нашага часу засталася ў жывых адна... Пасля смерці ад тыфу мамы нас выхоўваў бацька, які працаваў сакратаром гарадскога Савета. Трымаў гаспадарку. У прыватнасці, была карова, а мо дзве, ужо не памятаю.
Таму мы не толькі выжылі, але і здаровымі былі. Тата здолеў не толькі вырасціць дзяцей, але і спрыяў, каб мы атрымалі добрую адукацыю. Я скончыла школу камсамольскай моладзі. Потым працавала вясковым карэспандэнтам, вучылася ў фармацэўтычнай школе... Пасведчанне аб яе заканчэнні падпісана 25 чэрвеня 1941 года, — распавядае доўгажыхарка.
На той час Капіталіна ўжо мела прозвішча па мужу — Баранская. Мужа забілі ў самым пачатку вайны. Яе як жонку ваеннаслужачага эвакуявалі ў Сярэднюю Азію. Там працавала на чыгунцы. На чужыне ад тыфу памерла дзіця...
Калі вызвалілі яе родную Украіну, жанчына вярнулася дамоў. У ваенным шпіталі быў неабходны фармацэўт, і яна ўладкавалася на работу. Пакахала сяржанта і выйшла замуж. Старшы сын нарадзіўся ўжо пасля вайны — за мяжой. Праз 6 гадоў нарадзілася дачка, якая з ёй і сёння жыве.
— Мой брат жыве ва Украіне. Раней быў начальнікам на будаўніцтве, дык мама яшчэ гадоў 5 таму ездзіла з намі да яго ў госці, — распавядае дачка Ала Грабеншчыкова. — Брат з гонарам паказваў яе калегам. Упэўнена, што сакрэт яе даўгалецця ў дабрыні. Мама ніколі нікому ліха не жадала. І за вочы пра людзей дрэнных слоў не гаварыла. Спіртнога не ўжывала. Зёлкамі лячылася часта — яна ж фармацэўт! Ды і замест пакупнога чаю свой заварвала... Ці былі сярод нашых сваякоў доўгажыхары? Так. Памятаю добра, што з намі жыла цётка мая — сястра бацькі. Дык яна і ў 100 гадоў добра сябе адчувала, шмат цікавага пра маладосць расказвала.
Калі раней бабуля была, як той казаў, перакананай атэісткай, то на схіле гадоў стала хадзіць у царкву. Часта просіць звадзіць яе да мошчаў Еўфрасінні Полацкай. Можа, таму на Полаччыне — святой зямлі — доўгажыхароў больш, чым у іншых рэгіёнах Віцебшчыны?
— Паважаная Капіталіна Рыгораўна неўзабаве стане пятым жыхаром нашага раёна ва ўзросце 100 і больш гадоў. На сёння самы стары — Яфім Якаўлевіч Рыжычэнка. Ён нарадзіўся ў 1913 го-
дзе (пра яго «Звязда» сёлета пісала). Марыя Францаўна Пузікава нарадзілася ў 1914-м. Настасся Аляксандраўна Маўчанава 1 сакавіка адсвяткавала стагоддзе, — расказвае Святлана Касьянава, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна.
А грамадзян ва ўзросце ад 90 да 100 гадоў на Полаччыне на сёння 438.
Аляксандр ПУКШАНСКІ. Фота аўтара
pukshanski@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/09/555.jpg