Нягледзячы на сталы ўзрост і выпрабаванні часу, яна нязменна захоўвае сваю галоўную накіраванасць — асвятленне невычарпальнай тэмы зямлі і чалавечай працы на ёй. Сяргей МІХОВІЧ, галоўны рэдактар выдання, упэўнены, што кожны беларус у той ці іншай ступені мае сялянскія карані і, як ужо лічым мы, кожны зможа адшукаць у свежым нумары газеты цікавостку па сабе.
— Да мінулай круглай даты «Сельской газеты» быў створаны інтэрнэт-музей выдання — своеасаблівы падарунак чытачам. Што чакаць у свята гэтым разам?
— Нешта надзвычайнае мы не рыхтавалі. Спадзяёмся, што зробім гэта, калі будзем святкаваць стагоддзе. Час так хутка ляціць, што 95 гадоў мы разглядаем як прамежкавую дату. У любым выпадку, нашых чытачоў чакае святочны, юбілейны нумар газеты. Сапраўды, 15 студзеня 1921 года выйшаў першы. Таму гэты дзень лічыцца днём нараджэння выдання. Але ж яно рыхтавалася калектывам загадзя, на дзень раней. Таму 14 студзеня ў нас — пасяджэнне разам з нашымі кіраўнікамі, чытачамі, а таксама ветэранамі «Сельской газеты», якіх, дзякуй богу, у нас шмат — больш за 30 чалавек.
— Як жа вялікая шыльда з лічбай 95, што вісіць на ўваходзе ў рэдакцыю?
— Да гэтага вісела іншая, прысвечаная выпуску 20 000 нумара, днямі толькі змянілі. Дарэчы, мы ўвялі ў газеце рубрыку з адпаведнай назвай — «95 год з чытачамі». Папрасілі добра вядомых у Беларусі людзей — чытачоў «Сельской газеты» — выказаць сваё меркаванне пра яе. Як правіла, гэта вядомыя аграрыі, кіраўнікі ў дзяржаўных установах ці на прадпрыемствах альбо простыя працаўнікі вёскі. Гэта рубрыка вядзецца апошнія некалькі месяцаў. А на чацвер прыпаў юбілейны нумар — 20 683 па ліку ўвогуле і чацвёрты ў гэтым годзе. Канешне, у яго не змаглі ўвайсці ўсе нашы пачуцці, уся гісторыя газеты, увесь пройдзены шлях. Але мы імкнуліся гэтага дасягнуць.
— Рэдакцыйны калектыў газеты, што рыхтаваў нумар, які ён сёння?
— Час абраў нас. Сённяшні калектыў, сённяшніх журналістаў «Сяльчанкі», як кажуць. І мы ганарымся тым, што менавіта на нас выпала гэта сур'ёзная дата. Мы стараемся прытрымлівацца тых традыцый, той журналістыкі, якую стварала да нас шмат пакаленняў журналістаў «Сельской газеты». Зараз на старонках нашага выдання можна пабачыць матэрыялы рубрыкі «Здзьмухаючы пыл часу». Мы гартаем падшыўку любой даўнасці — 20, 40, 60 гадоў таму, і згадваем, што друкавалася ў той час, пра каго расказвалі. І потым шукаем, як мы кажам, «свежы след»: ці тых герояў, што ўжо састарэлі і цяпер на заслужаным адпачынку, ці, калі іх ужо, на жаль, няма з намі, знаходзім нашчадкаў. Так расказваем пра вядомых жывёлаводаў, паляводаў, старшынь калгасаў, пра асаблівыя тэрыторыі Беларусі. Тым самым працягваем эстафету слаўных спраў, якія рабіліся да нас.
— Ці шмат сярод вашага творчага калектыву моладзі?
— Дзякуй богу, так. І заўжды яе рэдактару не хапае. Хоць не думаю, што толькі маладыя могуць ствараць газету. Трэба, каб быў сплаў і вопыту, і майстэрства, і жывасці. У нас працуюць журналісты ад 22 да 60 гадоў. У тым ліку і пяцікурснікі Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мы шукаем іх, запрашаем працаваць, пестуем, і, як кажуць па-вясковаму, гадуем. Некаторыя з іх сёння — нашы сталыя супрацоўнікі, хоць яшчэ нядаўна падпрацоўвалі на палову стаўкі, атрымліваючы вопыт не толькі сённяшняга пакалення журналістаў «Сельской газеты», але і ўсіх пакаленняў, што былі да нас.
Школа нашага выдання вельмі паказальная. Не хачу пакрыўдзіць іншых, бо ў кожнага яна, канешне, ёсць. І ў «Звязды», самай старэйшай у краіне, таксама. Але «Сельская газета», асабліва ў 1970—1990-я гады мінулага стагоддзя, вельмі многіх журналістаў выгадавала і паставіла на крыло. Зараз яны працуюць у розных выданнях, на тэлебачанні краіны. Я таксама прайшоў гэтую школу. І вельмі рады, што ў свой час трапіў сюды. Калі прыйшоў працаваць, галоўным рэдактарам быў Андрэй Данілавіч Колас. Ён стаў маім хросным бацькам у журналістыцы, прымаў у калектыў пасля інстытута. Тады я нават не марыў, што калісьці стану галоўным рэдактарам. І вельмі ўдзячны лёсу, што вось ужо сёмы год кірую газетай.
— Сёння яна, дарэчы, не выглядае на свае 95 гадоў. Такая маладая і сучасная. І сайт у вас маецца. Як вы ставіцеся да таго, што ў газеты ёсць электронная версія?
— Як рэдактару газеты мне гэта не надта падабаецца. Чаму? Гэта добра, што ёсць тыраж газеты, ёсць чытачы, якія набываюць ці выпісваюць папяровую версію. Гэта наша рэальная аснова даходу. Калі яшчэ многа чытачоў заходзяць на сайт і чытаюць нашы матэрыялы — выдатна. Такім чынам шырыцца чытацкая аўдыторыя. Але навошта набываць газету, калі вечарам са смартфона на сайце можна прачытаць артыкулы заўтрашняга нумара? Магчыма, гэта пазіцыя не вельмі сучасная, але так і ёсць. І ўсё ж такі мы рады, што і ў інтэрнэце нас таксама чытаюць.
— Як вы лічыце, яшчэ адна значная вяха гісторыі выдання — уваходжанне ў медыя-холдынг «Советская Белоруссия» — пайшла на карысць выданню?
— Стварэнне холдынгу было своечасовай мерай. Гэта дазволіла зрабіць аптымізацыйныя крокі па паляпшэнні штатнага складу, фінансавага стану. Мы зараз не адчуваем, што пагоршылі свае ўмовы, акурат наадварот. Цяпер у нас яшчэ больш вялікая сям'я. І выданне зараз болей трывала адчуе сябе на газетным рынку.
— Ці змяніўся з таго моманту чытач «Сельской газеты»? Увогуле, які ён сёння?
— Па-першае, наш чытач часцей за ўсё жыве не ў сталіцы, а далёка за межамі мінскай кальцавой аўтадарогі, у вёсцы ці пасёлку. Як правіла, гэта кіраўнікі ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання раённых выканкамаў, студэнты аграрных універсітэтаў, спецыялісты, якія працуюць у сельскай гаспадарцы і разлічваюць на газету як на дапаможнік у сваёй справе. Гэта тыя, хто хоча дабіцца поспехаў на ніве, калі перафразаваць ранейшую назву нашай газеты, сельскай гаспадаркі.
Мы разумеем, што сённяшняму чытачу, гарадскому ці вясковаму, цяжка выпісваць некалькі газет адначасова. І грашовыя магчымасці не ўсім дазваляюць, і іншых крыніц інфармацыі хапае. Безумоўна, перш за ўсё мы імкнёмся даць у адной газеце тое, што тычыцца нашай тэматыкі, але не замыкаемся і ставім на паласу інфармацыю замежную, сацыяльную, культурную, спартыўную, крымінальную хроніку. Мы хочам, каб наш чытач меў выданне, у якім можна даведацца пра ўсё.
Спадзяёмся, што разам з нашымі чытачамі мы дойдзем да стагоддзя газеты і напоўніцу адсвяткуем яго. І што тыражы за гэты час павялічацца, газета стане яшчэ больш цікавай. Магчыма, рабіць і рэдагаваць яе будуць ужо іншыя людзі. Галоўнае, каб працягваліся традыцыі, каб газета, нягледзячы на свой сталы ўзрост, заставалася сучаснай і не па гадах маладой.
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Загаловак у газеце: Без пяці хвілін стагоддзе адзначае адна з найстарэйшых у краіне газет
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] mailto:pustavit@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/selskaya-gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley
[7] https://zviazda.by/be/tags/redakcyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/chytach
[9] https://zviazda.by/be/tags/syargey-mihovich