«Члены крымінальных груповак не грэбуюць нічым: рэкет, збыт наркотыкаў, рабаванні, разбоі, кватэрныя крадзяжы. Словам, усё, што заўгодна. Часцяком гэта суправаджаецца жорсткасцю і цынізмам», — гэта не пасаж з крымінальнага дэтэктыва, а цытата з інтэрв'ю, узятага на пачатку 1990-х у Сяргея Рухлядзева, начальніка ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Так, перыяд быў складаны. Падраздзяленне, як і маладая незалежная Беларусь, рабіла першыя крокі, але мусіла адразу ўзяцца за актыўную барацьбу з крыміналам. Прайшло нямала часу. У сакавіку галоўнаму ўпраўленню па барацьбе з аргзлачыннасцю споўніцца 25 гадоў. І нашым суразмоўцам напярэдадні юбілею стаў якраз Сяргей Ігаравіч Рухлядзеў.
— Літаральна праз некалькі месяцаў вам споўніцца 70 гадоў, але вы і дагэтуль працуеце, жывяце паміж Расіяй і Беларуссю. Сувязь на пенсіі з міліцыяй не перарвалася? З лекцыямі перад маладым пакаленнем міліцыі выступаеце?
— Лекцыі я не чытаю, аднак сувязі з упраўленнем ніколі не губляў, пастаянна ўдзельнічаю ў яго мерапрыемствах. Акрамя таго, яшчэ ўваходжу ў склад рэспубліканскага савета ветэранаў органаў унутраных спраў, у дзейнасці якога таксама актыўна ўдзельнічаю.
— Калі акунуцца ў гісторыю, скажыце, ад каго ішла ініцыятыва стварыць асобнае падраздзяленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю?
— Ад генерал-лейтэнанта міліцыі Аляксандра Іванавіча Гурава. Менавіта ён тэму мафіі ўзняў на шырокі агляд, пісаў пра яе ў «Литературную газету». І калі Аляксандр Іванавіч на з'ездзе народных дэпутатаў СССР ініцыяваў стварэнне цэласнай структуры па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, яго падтрымалі, прынялі адпаведнае рашэнне. У 1991-м стварылі Міжрэгіянальнае ўпраўленне, задачай якога было супрацьдзеянне крымінальным групоўкам у Беларусі і Прыбалтыцы. Па статусе я нават быў вышэйшы за кіраўніка беларускай міліцыі і наўпрост падпарадкоўваўся міністру ўнутраных спраў СССР. Пасля атрымання незалежнасці падраздзяленне засталося. І ў маі 1992 года яго афіцыйна зацвердзіў Савет Міністраў.
Мы стварылі добрую сістэму. У нас дзейнічала сваё следства, сваё вонкавае назіранне.
— Як падбіралі супрацоўнікаў?
— Гэта было самае складанае, хоць Уладзімір Дзям'янавіч Ягораў, тагачасны міністр унутраных спраў, нас ва ўсім падтрымліваў.
Пры гэтым у нас былі добрыя ўмовы працы. Напрыклад, на фоне транспартнага «голаду» міліцыі нам выдзелілі 55 аўтамабіляў. На двух супрацоўнікаў прыпадала па машыне.
Амаль усё сваё жыццё я працаваў у Беларусі, вырас у службе па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці, а таму кадры, тых, хто мне быў патрэбны, я ведаў добра. Я не хачу выхваляцца, але на той перыяд у нас склалася даволі ўдалая каманда. Прыйшлі сапраўдныя прафесіяналы. Працавалі самааддана, перажывалі за справу, разумелі нашы задачы. А яны сапраўды былі няпростыя.
На пачатку 1990-х адбываліся страшныя рэчы. Але ў нас атрымалася лакалізаваць крымінальных аўтарытэтаў. Яны галаву ніколі высока не ўздымалі.
А ў той жа Маскве, куды ў 1994 годзе я паехаў працаваць дырэктарам Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі злачынствамі на тэрыторыі СНД, на вуліцы ў восем гадзін вечара ніхто не выходзіў. Кожнае наведванне кавярні магло каштаваць жыцця. Там пастаянна адбываліся разборкі. Аўтарытэты прыбіралі аўтарытэтаў. Перастрэлкі ішлі ў адкрытую. Людзі нават зброю не хавалі. Мяжы з Расіяй не было, але нам усё ж такі ўдалося не прапусціць падобных злачынцаў. Правялі некалькі аперацый, якія прымусілі ліхадзеяў задумацца, ці трэба ім лезці сюды.
— Нягледзячы на тое, што Беларусь была спакойнай краінай, дзе ў нас знаходзіліся крымінальныя ачагі?
— Усе яны ўзнікалі вакол прадпрыемстваў, што маглі прыносіць вялікія грошы. Напрыклад, у Светлагорску — каля камбіната «Хімвалакно», які ў тым ліку вырабляў унікальную прадукцыю — тканіну, што закрывала абшыўку касмічных караблёў. Яна практычна не гарэла, не плавілася. Каля шыннага камбіната ў Бабруйску таксама пастаянна абіваліся крымінальныя элементы. Калісьці знайсці добрую «гуму» для машыны было праблематычна, а там было адзінае прадпрыемства, дзе выраблялі шыны з металакордам. На іх можна было хутка нажыцца. Злачынныя групоўкі імкнуліся ўзяць пад кантроль прадпрыемствы, функцыянераў, кіраваць заказамі.
— Вы кажаце, што для многіх стварэнне вашага падраздзялення было косткай у горле.
— У мяне ёсць адна версія. Праўда, я не ведаю наколькі яна правамерная, бо глыбокіх даследаванняў не праводзілі. Але я займаўся тэорыяй барацьбы з арганізаванай злачыннасцю, быў прадстаўніком ад Беларусі ў камісіі ААН па папярэджанні злачыннасці і крымінальным правасуддзі, кантактаваў на міжнародным узроўні.
І я лічу, што адна з прычын развалу СССР хаваецца ў дзеяннях крымінальнай злачыннасці.
Справа ў тым, што Саюз з пункту гледжання руху капіталу быў дастаткова замкнутай сістэмай. І калі нехта краў унутры краіны, грошы ўсё роўна заставаліся тут. Гэта прыносіла шкоду грамадскім інтарэсам, тым, хто жыў сумленна. На Кіпры ў 1990 годзе ў мяне спыталіся: «А наколькі карумпаваныя вашы чыноўнікі?» Я на гэта адказаў, што нашым кіраўнікам асабліва карумпавацца не трэба, атрымліваць вялікія хабары таксама няма сэнсу. Гэтыя грошы не было куды падзець, для чаго ствараліся адпаведныя ўмовы. Калі б чыноўнік, напрыклад, пабудаваў сабе дачу з камінам, яго б адразу пазбавілі партыйнага білета. Так адкрыта, як сёння, чыноўнікі карыстацца грашыма не маглі. Кожны быў пад наглядам. Усе — пад мікраскопам. Гэта тычылася і кіраўнікоў МУС. Пры Віталю Федарчуку, міністру ўнутраных спраў СССР, супрацоўнікам аддзела па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці наогул было не пажадана мець сваякоў у сферы гандлю.
— Грамадства на вашу працу адгукалася актыўна?
— Мы працавалі з найбольш завуаляванымі злачынцамі, пра якіх не ўсе ведалі. Але, калі людзі адчулі, што мы працуем, да нас пачалі прыносіць заявы, пачало паступаць шмат інфармацыі. Грамадства проста стала нам давяраць.
— Сяргей Ігаравіч, дарэчы, што вас падштурхнула пайсці працаваць у міліцыю?
— Давайце пачнём з таго, што я скончыў фізіка-матэматычны факультэт, працаваў інжынерам-праграмістам. Ствараў праграмнае забеспячэнне для вылічальнай машыны «Мінск-32». Займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю. І ў міліцыю пайшоў у імя абавязку. Праца мне падабалася. Я заўжды быў чалавекам з абвостраным пачуццём справядлівасці. І калі мы садзілі жуллё, мне гэта прыносіла маральнае задавальненне. Значыць, грамадства ад кагосьці здолелі ачысціць...
Сяргей Рухлядзеў нарадзіўся ў 1946 годзе ў Чыце. З 1972 года служыў у органах унутраных спраў. Займаў пасады начальніка ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС Рэспублікі Беларусь, дырэктара Бюро па каардынацыі барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і іншымі відамі небяспечных злачынстваў на тэрыторыі СНД, намесніка міністра ўнутраных спраў.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/milicyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zlachyncy
[6] https://zviazda.by/be/tags/baracba-z-kryminalam
[7] https://zviazda.by/be/tags/razboi
[8] https://zviazda.by/be/tags/rabavanni
[9] https://zviazda.by/be/tags/kradzyazhy