Такім чынам, адпаведнай пастановай Саўміна тэрмін абарачэння гэтых імянных прыватызацыйных чэкаў у Беларусі ўстаноўлены па 30 чэрвеня 2019 года.
У прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па маёмасці нам паведамілі, што прыватызацыйны чэк забяспечаны дзяржаўнай уласнасцю, якая падлягае бязвыплатнай перадачы грамадзянам Беларусі і сведчыць аб праве яго ўладальніка на долю ў дзяржаўнай уласнасці, якая прыватызуецца, і вызначае памер гэтай долі (квоты). Абмен імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць» на акцыі ажыццяўляецца праз аддзяленні Беларусбанка па месцы жыхарства, дзе адкрыты спецыяльныя чэкавыя рахункі грамадзян.
У аддзяленнях гэтай фінансавай установы маецца пералік адкрытых акцыянерных таварыстваў, акцыі якіх прапануюцца для абмену. Інфармацыю аб выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці гэтых акцыянерных таварыстваў і аб велічыні дывідэндаў, якія налічваюцца, можна даведацца на сайце Міністэрства фінансаў.
Набываючы акцыі, грамадзянін становіцца акцыянерам і, у адпаведнасці з заканадаўствам, мае права ўдзельнічаць у кіраванні таварыствам, атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці прадпрыемства, а таксама прадаваць, дарыць і атрымліваць у спадчыну акцыі.
У адпаведнасці з заканадаўствам акцыянернае таварыства мае права накіроўваць частку прыбытку, якая застаецца ў яго распараджэнні пасля выплаты падаткаў, іншых абавязковых плацяжоў і пакрыцця страт бягучых перыядаў, на выплату дывідэндаў акцыянерам таварыства. Рашэнне па размеркаванні прыбытку прымаецца на агульным сходзе акцыянераў.
А пры жаданні набытыя акцыі можна прадаць. Продаж ажыццяўляецца праз акцыянернае таварыства «Беларуская валютна-фондавая біржа» пры пасярэдніцтве прафесійнага ўдзельніка рынку каштоўных папер, які з'яўляецца ўдзельнікам біржы. Спісы прафудзельнікаў маюцца на сайце ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kurkach@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/cheki-mayomasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/saumin
[6] https://zviazda.by/be/tags/pryvatyzacyynyya-cheki