У Правілы здабычы дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства, унесены змены. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Названыя правілы, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 чэрвеня 2006 года №699 (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2016 года №36), рэгулююць парадак і ўмовы здабычы дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства — рака доўгапальцага, вінаграднага смаўжа, лічынак хіранамід (матыля) і іншых.
Асноўныя змены закранулі працэдуры прадастаўлення права на нарыхтоўку і (або) закупку дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства. З 22 студзеня юрыдычныя асобы, што плануюць гэта рабіць, на працягу 15 дзён з моманту пісьмовага звароту ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган павінны быць праінфармаваны аб тэрмінах апублікавання паведамлення аб правядзенні таргоў або атрымаць адмову ў іх правядзенні. Прычынамі для адмовы можа быць толькі адсутнасць запасу дзікіх жывёл, якія не адносяцца да аб'ектаў палявання і рыбалоўства, пацверджанага заключэннем Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі або прадастаўленне такога права іншай юрыдычнай асобе ці індывідуальнаму прадпрымальніку.
Тэрміны забароны на лоўлю рака доўгапальцага і лічынак хіранамід (матыля) прыведзены ў адпаведнасць з тэрмінамі веснавой забароны на вылаў усіх відаў рыб, устаноўленымі Правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства — у рыбалоўных угоддзях Брэсцкай і Гомельскай абласцей з 20 сакавіка па 18 мая, Мінскай, Магілёўскай і Гродзенскай абласцей — з 1 красавіка па 30 мая, Віцебскай вобласці — з 10 красавіка па 8 чэрвеня.
Для лоўлі ракаў грамадзянам забаронена выкарыстоўваць якія-небудзь прылады здабычы, акрамя спецыяльных пастак, забаронена лоўля ракаў з выкарыстаннем асвятляльных прыбораў і (або) плавальных сродкаў і лоўля рукамі ў цёмны час сутак, а таксама лоўля яйцаносных самак і самак з лічынкамі на працягу ўсяго года.
Акрамя таго, пастановай прадугледжана ўказанне на пастках, якія належаць юрыдычным асобам, назвы юрыдычнай асобы, а таксама даты і нумару рашэння аб прадастаўленні ёй права на здабычу і (або) нарыхтоўку ракаў, і іншыя змены.
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pravily-zdabychy-dzikih-zhyvyol
[5] https://zviazda.by/be/tags/zmeny
[6] https://zviazda.by/be/tags/rybaloustva
[7] https://zviazda.by/be/tags/rak
[8] https://zviazda.by/be/tags/palyavanne