Анекдоты пра блізкае свята чамусьці сумныя. Кшталту: «Што табе падарыць?» — пытаецца муж у жонкі. «Не ведаю...» — разгублена кажа тая. — «Значыць, год табе на роздум».
Другі муж трохі лепшы: ён на падарунак згодны, праўда, з умовай, што назва яго павінна пачынацца на літару «ш».
Жонка тут жа выбрала сабе шубку, шапку, шампанскае... шукенку, шпаднічку, шумачку і шмат чаго яшчэ...
Што атрымала — гісторыя замоўчвае: магчыма, усё... А магчыма...
«Мілы, што ты мне падорыш?» — пытае ў свайго сужэнца трэцяя кабета. «Ноч кахання», — абяцае муж. «Зноў?» — крывіцца жонка. — «Не хочаш, як хочаш: хадзі без падарунка».
Як сведчыць рэдакцыйная пошта, чытачкам «Звязды» гэта не пагражае, бо сёння, напярэдадні свята, нашы мужчыны (ды і жанчыны...) дораць усім ці не самае каштоўнае — добры настрой: шчырыя ўсмешкі, ідэі падарункаў, вершы, якія «падказаў» ім здымак (верхні). Ну вось як вам, напрыклад, радкі спадара Віктара Трайкоўскага з Мінска:
Люты быў зусім не люты,
Не даймалі халады.
Але ж — фу-ты, лапці гнуты —
Наступіў разліў вады!..
Ясь нясе любімай боты
(Жонцы як не дагаджаць!)
Няхай носіць... на работу:
Грошы ж трэба зарабляць?
Сам ён, трэба разумець, працуе? І зарабляе — паводле спадарыні Алены Бажок з Бабруйска:
На работу Янку ўзялі:
«Ўкалваў» — па суботах...
А ў зарплату яму далі
Пару літых ботаў.
Вось ён і нясе — задаволены.
Спытаеце, куды? Адкажа (ад імя героя) спадарыня Валянціна Пабягайла з Ляхавіч:
Зранку — люты,
увечары вада,
Што не перайсці
ў кароткіх ботах!
Жонка звоніць:
«Выручай, бяда —
Не дабрацца сёння
мне з работы!»
Я ж без мілай ноч не пражыву:
Без вячэры, ласкі засумую!
А таму — на выручку «плыву»,
Ну і боты новыя нясу ёй!
Навошта? Як быццам, і ў вершы сказана, і на здымку відаць. Але ж не ўсё: маленькае ўдакладненне ад спадарыні Валянціны Гудачковай з Жыткавіч:
Станіславачку-красу
На руках не панясу...
Хай гумовічкі абуе
І сама дамоў шыбуе.
З хлопцамі, з мужчынамі, яно, згадзіцеся, часта так: спачатку абяцаюць ледзь не зоркі з неба, а потым...
Жыццё як анекдот. Адна кабета свайму чалавеку падарунак заказвала: «Ну, што-небудзь такое, каб я лёгенька правай ножкай націснула і р-р-аз — стрэлка ад 0 да 100». Муж спытаўся: «Вага падыдзе?»... А потым — і ці не ён жа? — прыходзіць дамоў і сваёй палавіне кажа: «Дарагая, помніш, я табе зоркі абяцаў?.. То паглядзі — прынёс... Цэлых пяць! Нясі кілішкі...»
Пра тое ж, толькі ў вершах, кажуць спадары Мікалай Старых з Гомеля і Валерый Гаўрыш з Чавусаў:
Замест кветачак Галіне
Ясь гумовікі набыў:
Дужа ж хочацца
дзяўчыне
На прагулку ў разліў!..
І ў Марусі перамены:
Ёсць каханак новенькі!..
Папрасіла лабутэны, —
Ён нясе... гумовікі.
З ботамі ўсё зразумела. А вось з лабутэнамі...
Тым, хто не ведае, спадар Валерый тлумачыць, што гэта туфлі такія — абавязкова на высозных абцасах і абавязкова з чырвонай падэшвай! Яны ў трэндзе цяпер (каб не казаць у модзе): пра такія ўсе дзеўкі мараць. І нават захады робяць, каб неяк узбіцца (у шырокім сэнсе гэтага слова).
Прынамсі, на думку спадарыні Любові Чыгрынавай з мястэчка Міханавічы Мінскага раёна:
З год прасіла ў мужа Ірка
На абцасіках лакіркі.
Ён нясе ёй новыя
Боцікі гумовыя.
Ды яшчэ і кажа:
Не гаруй ты, мілка, дужа,
Што нясу табе не ружы...
Лепей боты літыя —
Сядуць, як улітыя!
Нешта, згадзіцеся, ёсць у логіцы гэтых мужчын? Ну па-першае, кветкі, як казаў адзін знаёмец, не з'ясі, па-другое, яны хутка звянуць. А вось боцікі...
Галоўнае (ну паглядзіце!) — яны не вялікія і не малыя, на поўную, роўную, доўгую ножку...
(Было: акурат такую адна бухгалтарка зламала. Дык потым увесь калектыў (на 90 працэнтаў з мужчын) ёй дараваць не мог: не жанчыну шкадаваў — што ў гіпсе, што на мыліцах, бедная, а найбольш нагу)... Прыгажосць і сапраўды страшэнная сіла!
Што ўжо казаць пра каханне?! А спадар Гаўрыш кажа (дакладней, піша). Піша, што гледзячы на здымак, успомніў рускую народную песню пра кума, які «судака тащит...». Вы помніце, куды? Да кумы. Помніце, за што аддасць? Тады:
Выйшла з берагоў рака,
Хвалі ў вёску коцяцца...
«Ці злавіў кум судака?» —
Кумка дзесь маркоціцца.
А кумок той меў турботы!
Ён шукаў ёй пару ботаў:
Гэта ж лепшы падарунак!?
Хай бярэ — за пацалунак!
Рызыкуе мужык: спадар Канстанцін Здановіч з вёскі Зеляневічы Пружанскага раёна гэта дакладна ведае, бо, відаць, на сабе праверыў:
Я сказаў: «Без пацалунка
Не змагу данесці...»
Вынік — боты засталіся.
Дзеўка знікла дзесьці.
Падобна, «выслізнула», крый Бог, патанула і зараз...
Паглядзіце на здымак і згадзіцеся (са спадарыняй Соф'яй Кусянковай з Рагачоўшчыны):
Каварны гэты час вясновы:
Дняпро ўсё пазаліваў!..
Ясь ратаваў сухія дровы,
Катоў з гусямі ратаваў...
Ад жонкі —
спахапіўся потым —
Плывуць па версе
толькі боты...
Злавіў...
Ідзе ды пазірае:
Мо дзесь і жонка ўсплывае?.
Яна, згадзіцеся, можа!..
Можа, як лічыць спадарыня Раіса Васільева з Гомеля, і недзе засядзецца, забавіцца (не ўсё ж мужчынам):
Жонка — холад лютаваў —
З дому падалася...
Загуляла — снег растаў,
Рэчка разлілася...
Натаміўся муж чакаць
Ад сябровак жонку,
Ды не можа не спаткаць,
Бо пайшла ў валёнках!
Во які добры муж у кабеты! Ці не такі ж і ў спадырыні Лосевай з Навагрудчыны:
Не пужаюся ў разліў,
Не пужаюся ў мароз:
Мілы шапку падарыў!
І гумовічкі прынёс...
Усім бы такога клапатлівага... І клапатлівую... Якую так і хочацца абняць, прытуліць на плячы. Але ж (паводле спадара Уладзіміра Томкавіча з Вілейкі):
Сёння — боты ў руках,
Заўтра — жонка на плячах.
А следам, як правіла, і яе мама, з усімі адсюль наступствамі, пра якія піша спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна:
Падарыла цешча боты,
Ды не тая ў іх хада...
Узад адносіць — неахвота,
Але і выкінуць шкада!
Во якая праблема! І каб жа адна, а то...
Празаічны подпіс да здымка (ад спадара Стасілевіча з Мінска): «Учора на працы шукаў справядлівасці. Сёння шукаю працу».
Па сённяшнім часе гэта вельмі балючая праблема — з ёй, здавалася б, не да жартаў, але:
Мой шлях на работу
То мокры, то гразкі,
Што нават да ботаў
Патрэбны «запаскі»!
Піша так спадар Гарачоў. З яго ж канверта:
Кажуць, кепскія дарогі...
Ды паслухайце мяне:
Іх вытрымліваюць ногі,
А вось боты часам — не.
Таму і з «запаскамі»... Таму і ў заўсёдным клопаце (ад таго ж спадара Гарачова):
Каб дапоўніць камуфляж,
Боты ўзяў са сховы я.
Вось схаджу ў шынмантаж,
Пакладуць на іх «бандаж»,
Будуць, нібы новыя.
І, адпаведна, паслужаць яшчэ, прычым шмат каму.
Адкуль гэта вядома? Ды ад спадарыні Чыгрынавай:
Нейк спытала ў мінака:
— А што ж гэта за рака?
Ён сказаў:
— Такі паток
Прэ праз... аграгарадок!
Здараецца... І нашы чытачы таму сведкі. Спадарыня Гудачкова, у прыватнасці, згадвае, як яе сямейка жыла ў слынным Давыд-Гарадку, на беразе Гарыні, як тая рэчка кожны год разлівалася, а неяк нават знесла мост. І дзеці тады некалькі дзён не хадзілі ў школу, сядзелі дома (пераважна на печах) і лінейкай мералі, на колькі вады ў хаце. У бацькоў спадарыні Валянціны яна падымалася сантыметраў на 30, у суседзяў — па вокны...
І як жа важна тады, каб ва ўсіх былі запасы ежы і лекаў, адпаведная вопратка, каб тады, крый Бог, не паляцела пагалоска:
«Адны боты на ўсю вёску» —
Увесну стараста Ягор
Носіць іх з двара ў двор.
Хоць, вядома ж, лепей было б, каб ён меў грошы і, як раяць будучыя калегі (члены гуртка «Проба пяра» з сярэдняй школы № 3 г. Вілейка):
Ботаў прыкупіў дзве пары,
Бо даўно аб гэтым марыў.
А чаму пра гэта марыў?
Меў адну ён ботаў пару.
Цяпер, прыкупіўшы, трэба разумець, задаволены, можа, нават шчаслівы. А куды кіруе? Ну вядома ж (спадару Гаўрышу):
Разлілась вада наўкола —
Поўныя равочкі!
Купіў боты сват Мікола.
Як тут без замочкі?
Ды вада ж сама бурліць,
Што іх «тр-э-э-ба замачыць»!
Якім чынам, ведае спадарыня Раіса Васільева. І мае, мае рацыю, калі, вядома ж, дапусціць, што «мочацца» якраз тыя боты, што на нагах, а гэтыя...
Па вадзе глыбокай
Выйшаў Стась на людзі:
Як прадасць ён боты,
То на пляшку будзе.
А можна і без яе абысціся, калі месцы ведаць. Вось спадарыня Святлана Мазанік з вёскі Масцішча Барысаўскага раёна лічыць, што мужчына са здымка кажа:
Не палохае разводдзе —
Я іду да свата.
Адна думачка малодзіць:
Вып'ем не гарбаты!
Сват не жмінда —
Вып'ем многа,
Спаць я не звалюся...
У боты... рукі, у боты ногі,
І дамоў вярнуся.
Ёсць, на вялікі жаль, такія «пешаходы». Балюча глядзець на іх, бо яно ж і сапраўды (прабачце!): стане хтось ракам, і ўсё — ад чалавека амаль нічога...
Але тут і цяпер разважаць пра гэта не будзем. Тут і цяпер «з падачы» спадарыні Бажок іншая тэма просіцца — пад назвай
«Рыбакі лавілі рыбу»...
А спаймалі — боты,
Цэлы дзень маракавалі:
«Дык чыёй работы?»
Ёсць думка у спадара Міколы Кіселя з Мінска, што нашай, айчыннай. Новыя тэхналогіі на вытворчасці прымяняюцца, прычым самыя нечаканыя:
Рэчка выйшла з берагоў,
Падышла да плота.
І штодня цяпер... улоў:
Рыба... лезе ў боты!
Сама... Лавіць не трэба! На нейкі новы пах «бярэцца» ці што?
Пытанне хіба, як доўга пратрымаецца, узяўшыся...
Праўдзівая гісторыя: наш чытач расказаў. Яго жонка неяк карпаў накупляла, укінула ў ванну: гаспадар, маўляў, вечарам прыйдзе і пачысціць... З гэтай думачкай спаць лягла. А муж трохі загуляў, вярнуўся позна, мякка кажучы, нецвярозы. Убачыў, што ў ванне штось цёмнае плавае, — падумаў, што жонка адзежу замачыла, раніцай будзе мыць. Ну дык ён, каб парашок сэканоміць, і свае шкарпэткі туды... Потым толькі заснуў — вэрхал у хаце! Жонка лютуе: дагары жыватамі ўсе карпы плаваюць! Адсюль — новы спосаб забойства: шкарпэткамі.
А без іх жа і ў ботах ніяк... Хоць, зрэшты, мае рацыю спадар Гарачоў:
Не вялікая бяда,
Што на вуліцы вада,
Што парваўся новы бот, —
Абы ў хаце без грызот!
Што праўда, тое праўда! І хай Бог дае...
Вось на гэтай ноце і завяршыць бы чарговы агляд, але ж трэба паведаміць «хто каго» — перамог, перасягнуў у жартах — на папярэднім этапе. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя подпісы пад здымак з сабакам сярод вайскоўцаў (гл. «Звязда» 6 лютага г.г.) прапанавалі спадарыня Валянціна Пабягайла з Ляхавіч, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Раіса Васільева з Гомеля, члены гуртка «Спроба пяра» з Вілейкі, спадары Стасілевіч з Мінска, Гарачоў з Іўеўшчыны, і Валерый Гаўрыш з Чавусаў.
Вось з гэтым, апошнім, меркаваннем не магло не пагадзіцца і журы маленькае — рэдакцыйнае (яшчэ і таму, што — спадар Старых палічыў — цягам двух апошніх гадоў вершы спадара Валерыя былі не проста змешчаны пад усімі 15 здымкамі, але і сем разоў прызнаваліся найлепшымі!)...
Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на другі квартал бягучага года накіроўваецца ў горад Чавусы. Хочаце, каб да вас? Нічога супраць не маем: уважліва глядзіце на новы (ніжні) здымак, думайце і пішыце — коратка (не больш за восем радкоў), дасціпна, па-беларуску...
P.S. Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, пошта прынесла яшчэ адзін ліст — ад сужэнцаў Астроўскіх з Мінска. Адтуль кароткае:
Людзі простыя заўжды
Трапна прыкмячаюць:
Як вясною шмат вады,
Гэта — к ураджаю!
І яшчэ:
Шмат бядот цяпер на свеце:
То вада, то снег, то вецер.
Толькі дробязь гэта ўсё,
Бо важней за ўсё — жыццё!
Дык вам — выключна шчаслівага, з ураджаямі... Са святам! Пішыце!
Фота Анатоля Клешчука
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/hto-kago-0
[4] mailto:dounar@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/anekdoty
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[7] https://zviazda.by/be/tags/8-sakavika-0