У Віцебску дзецям падчас вясенніх канікул прапанавалі разгадаць партызанскія сакрэты. Падрыхтавалі сюрпрызы і для дарослых.
— Мы ўпершыню правялі квэст-гульні: «Партызанскія сакрэты» — для дзятвы ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў і «Партызанская сцежка» — для дзяцей і дарослых. Гульцы пазнаёміліся з тым, як жылі і ваявалі партызаны. Потым правяралі свае веды, адказваючы пісьмова на пытанні, — расказала Ірына Шышкова, дырэктар Віцебскага абласнога музея імя Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова.
Праводзілася і тэматычная экскурсія «Зброя партызанаў». Падчас яе мелася ўнікальная магчымасць патрымаць зброю і сфатаграфавацца з ёй.
Калі карэспандэнт «Звязды» разам са сваімі сынамі (8 і 11 гадоў) прыйшоў у музей, гульня пачыналася для вучняў 4 класа.
Аляксандр Сідараў, старшы навуковы супрацоўнік установы культуры, агучыў правілы квэсту. І пачалося захапляльнае вывучэнне зал музею. Калі ўважліва разглядваць экспанаты, у прынцыпе нескладана адказваць на пытанні. Гэта мне так — даросламу — здалося. А некаторым дзецям было складана. Напрыклад, не ўсім удалося адзначыць на карце нумары абласных цэнтраў у алфавітным парадку. Многія не маглі падлічыць, колькі партызанаў і байцоў Чырвонай Арміі намалявана на вялікай карціне. Вельмі складана было ў табліцы з літарамі адшукаць словы, звязаныя з тэмай гульні.
Падчас квэсту «Партызанская сцежка» ўдзельнікі па-новаму ўбачылі копіі партызанскіх зямлянак, зброю, акопы.
У музеі вывучаюць не толькі жыццё і дзейнасць Героя Савецкага Саюза, ганаровага грамадзяніна Віцебска Міная Піліпавіча Шмырова. Займаюцца даследаваннем гісторыі партызанскага руху на Віцебшчыне (Віцебск — Сураж — Гарадок) у перыяд Вялікай Айчыннай вайны. Музейныя работнікі таксама адшукваюць месцы пахавання і даведваюцца пра лёсы партызанаў, салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі.
Тут арганізуюць шмат культурна-масавых тэматычных мерапрыемстваў — «Дзень да пачатку вайны», гульню «Старонкі ваеннай гісторыі», «Жывыя шахматы», «Партызанскае вяселле», «Партызанская ёлка» і іншыя. Цяпер вось і квэст-гульні.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pukshanskі@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzeci
[5] https://zviazda.by/be/tags/kanikuly