Пра гэта на брыфінгу паведаміў Дзмітрый МІРОНЧЫК, начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў.
«Разгледзеўшы атрыманую па дыпламатычных каналах ноту з інфармацыяй аб прынятым прэм'ер-міністрам Дзяржавы Ізраіль рашэнні захаваць прысутнасць у Беларусі ізраільскай дыпламатычнай місіі ў мінулым фармаце, беларускі бок прыняў рашэнне аб захаванні сваёй дыпламатычнай прысутнасці ў Дзяржаве Ізраіль, — заявіў прадстаўнік дыпламатычнага ведамства. — Зыходзім з таго, што падтрыманне адносін паміж Беларуссю і Ізраілем на ўзроўні пасольстваў — гэта аб'ектыўная неабходнасць, абумоўленая цеснымі сувязямі дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з'яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўнай дынамікай двухбаковых адносін у розных сферах».
Прэс-сакратар МЗС праінфармаваў таксама пра тое, што на наступным тыдні наша дэлегацыя прыме ўдзел у 49-й сесіі Камісіі ААН па народанасельніцтве і развіцці. Наша краіна з'яўляецца дзеючым членам гэтай Камісіі.
«Спецыяльнай тэмай сесіі стане «Кантроль за ажыццяўленнем парадку дня ў галіне развіцця на перыяд пасля 2015 года: нарошчванне базы дэмаграфічных звестак», — паведаміў Дзмітрый Мірончык. — Паколькі тэма 49-й сесіі цесна звязана з ініцыятывамі Рэспублікі Беларусь у ААН па супрацьдзеянні гандлю людзьмі, а таксама па абароне сям'і і сямейных каштоўнасцяў, удзел у працы камісіі будзе спрыяць іх далейшаму развіццю і папулярызацыі».
Прадстаўляць нашу дзяржаву на мерапрыемстве будзе намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў.
Як паведамляецца, нашы дыпламаты плануюць правесці на палях сесіі шэраг дадатковых мерапрыемстваў, спадарожных заяўленай тэматыцы. «Гэта мерапрыемства з нагоды 70-годдзя Адміністрацыі дапамогі і аднаўлення Аб'яднаных Нацый, якая працавала ў Мінску непасрэдна пасля вайны, — зазначыў прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства. — Акрамя таго, адбудзецца мерапрыемства Групы сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі — на гэтай сустрэчы ўдзельнікі абмяркуюць выкарыстанне прымусовай працы ў вытворчым ланцужку».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/pasolstva
[5] https://zviazda.by/be/tags/izrail
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-mironchyk-1