Навука, якая вывучае суадносіны паміж затратамі і эфектыўнасцю, бяспекай і якасцю жыцця пры розных схемах лячэння або прафілактыкі, называецца фармакаэканомікай. З пазіцыі ўрача, гэта не пошук найбольш танных лекавых сродкаў і апраўданне іх выкарыстання, а разлік затрат, неабходных для дасягнення пажаданай эфектыўнасці, суадносіны гэтых затрат з магчымасцямі. Такім чынам, фармакаэканоміка забяспечвае развіццё сацыяльна арыентаванай аховы здароўя, калі павышаецца даступнасць лекавых сродкаў і ўзмацняецца кантроль над затратамі пры правядзенні тэрапіі. Такая сістэма актыўна ўкараняецца ў Еўропе, Расіі, а цяпер і ў нас.
Вось і на нядаўняй міжнароднай канферэнцыі «Фармакаэканоміка сацыяльна значных захворванняў» эксперты абмяркоўвалі неабходнасць пралічваць медыцыну, праблему замяшчэння імпартных лекаў для лячэння сацыяльна значных захворванняў.
Як адзначыў намеснік дырэктара — начальнік упраўлення Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Віктар ШЭІН, фармакаэканоміка дазваляе суаднесці затраты і эфектыўнасць, бяспеку і якасць жыцця пацыентаў пры розных схемах лячэння. Глабальным трэндам становіцца стварэнне мясцовых аналагаў. «На закупку лекавых сродкаў затрачваецца 4 працэнты ВУП краіны, таму ўласная вытворчасць азначае зніжэнне нагрузкі на бюджэт, — кажа Віктар Шэін. — Сёння доля беларускіх лекаў расце. Два-тры гады таму гэта было 35 працэнтаў, сёння — 50».
Лячэнне сацыяльна значных захворванняў (анкалогіі, туберкулёзу, бранхіяльнай астмы, цукровага дыябету і інш.) у нас бясплатнае. Павелічэнне колькасці мясцовых аналагаў наўпрост звязана з аказаннем дапамогі як мага большай колькасці сур'ёзна хворых — яны даступныя па кошце і не саступаюць па якасці.
— Цяжка сказаць канкрэтнымі лічбамі, колькі такі падыход, як фармакаэканоміка, здольны сэканоміць грошай. Калі мы адрасавалі гэта пытанне замежным калегам, каб атрымаць аргументы для пераканання нашай улады, яны адказалі, што і не лічылі, бо выгада відавочная, — кажа генеральны дырэктар Цэнтра экспертызы і кантролю якасці медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Расійскай Федэрацыі Віталь АМЕЛЬЯНОЎСКІ.
На думку старшыні Наглядальнага савета Саюза «Медыцына і фармацэўтыка — інавацыйныя праекты», старшыні савета дырэктараў кампаніі NatіVіta Аляксея СЫЧОВА, у любой краіне павінен быць баланс паміж арыгінальнымі прэпаратамі і джэнерыкамі. Лячэнне аналагамі не саступае па эфектыўнасці, а можа каштаваць у 3 разы танней. Будучыня беларускай фармацэўтыкі — гэта развіццё па інвестыцыйна-інавацыйнай мадэлі. І ў гэтым працэсе вельмі важная роля належыць фундаментальным даследаванням. Створаны ў краіне фармацэўтычны кластар — прыклад супрацоўніцтва дзяржаўных навукова-адукацыйных устаноў, вытворцаў і іншых сэрвісных арганізацый. Словам, аб'яднанне намаганняў. У Расіі, напрыклад, працуе каля 15 кластараў рознай накіраванасці, іх работу рэгулююць 35 заканадаўчых федэральных актаў. У нас кластар адзін і заканадаўчая база адпаведная. Але з чагосьці трэба пачынаць.
Фармкластар «Саюз медыцынскіх, фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый «Медыцына і фармацэўтыка — інавацыйныя праекты» быў створаны год таму ў Віцебскай вобласці. Яго асноўныя мэты — развіццё навуковага, тэхналагічнага і вытворчага патэнцыялу ў фармацэўтычнай галіне, фарміраванне сучаснай інфраструктуры для распрацоўкі імпартазамяшчальных і інавацыйных лекавых сродкаў. Такая кааперацыя дазваляе прыцягнуць знешніх інвестараў і атрымаць падтрымку дзяржавы за кошт інавацыйных фондаў такіх ініцыятыў. Адной з асноўных задач саюза з'яўляецца стварэнне праектнага цэнтра па падрыхтоўцы навукова абгрунтаваных і эканамічна эфектыўных праектаў, вырашэнне пытання іх фінансавання. Акрамя таго, некамерцыйнае партнёрства будуе сістэму падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў для фармацэўтычнай галіны.
У ліку першачарговых праектаў фармацэўтычнага кластара — стварэнне на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта цэнтраў даклінічных, біяэквівалентных і клінічных даследаванняў, сучаснай навукова-даследчай лабараторыі кантролю якасці імунабіялагічных лекавых сродкаў. Гэта неабходна для стварэння інавацыйных прэпаратаў.
У склад кластара ўваходзіць і такая кампанія, як «НаціВіта», якая спецыялізуецца на высокатэхналагічнай вытворчасці першых генерычных лекавых сродкаў (аналагаў), уключаючы прэпараты для лячэння раку. Якасная фармпрадукцыя гэтага вытворцы паступае таксама ў краіны ЕС і СНД. Новы праект па вытворчасці онкапрэпаратаў каштуе 15 млн долараў. Да канца гэтага года будзе пабудаваны завод, дзе пачнецца выпуск інавацыйных прэпаратаў (са змененай формулай, якая паляпшае якасць), біяаналагаў і джэнерыкаў для лячэння анкалагічных і іншых сацыяльна значных захворванняў. Выпуск па поўным цыкле пачнецца ў 2017-м.
Лекі ў Беларусі выпускае 31 прадпрыемства. Больш за 40 вытворчых участкаў 16 асноўных прадпрыемстваў маюць сертыфікаты GMP (адзіныя правілы Належнай вытворчай практыкі). Гэта робіць магчымым экспарт у 29 краін свету, у тым ліку ў ЗША, а сёння зацікаўленасць выказала, напрыклад, Саудаўская Аравія. За апошнія чатыры гады на ўнутраны рынак уведзена 537 новых айчынных лекавых сродкаў. Усяго зарэгістравана каля 1,5 тысячы лекаў айчыннай вытворчасці. З іх 82 найменні — арыгінальныя, астатнія — генерычныя. Пры гэтым асобныя прэпараты ў 2—4 разы таннейшыя за імпартныя аналагі.
Ходзяць чуткі, што... беларускія лекі — добрыя
Мала хто з нас ставіцца да айчынных лекавых прэпаратаў без скептыцызму. Назаляюць спецыялістам і журналісты — ну чаму трэба верыць, што наша таннае не горш за імпартнае? Тым больш, як ні спытаеш урача на прыёме, што лепш, дык «беларускае» далёка не ў першых шэрагах называецца. Вось што кажа на гэта намеснік дырэктара — начальнік упраўлення Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Віктар ШЭІН:
— Мы набываем субстанцыі толькі ў сусветна вядомых фірмаў, галоўным чынам Кітая і Індыі, а таксама некаторых еўрапейскіх краін. У Беларусі сёння зарэгістравана каля 6 тысяч лекавых сродкаў, і 1,5 тысячы з іх вырабляюцца ў нас. Айчынны прэпарат, выраблены па поўным цыкле або хоць бы толькі расфасаваны ў нас, значна танней па кошце. Гэта адбываецца найперш з-за значна ніжэйшай рэнтабельнасці нашых лекаў у параўнанні з імпартнымі. Па некаторых пазіцыях рэнтабельнасць адрозніваецца ў дзясяткі разоў. Задача ў нас ставіцца — забяспечыць насельніцтва таннымі прэпаратамі, а не атрымаць максімальны прыбытак.
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:protas@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kraina-zdarouya
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[7] https://zviazda.by/be/tags/lekavyya-srodki