Лірыка Уладзіміра Карызны напоўнена пяшчотна-музычным гучаннем. Гэта адразу адчуваюць кампазітары. У вершах паэта іх прываблівае таксама і рамантычнае развіццё перажыванняў, і арганічнае судакрананне з фальклорнай вобразнасцю.
Шмат вершаў Уладзіміра Карызны пакладзена на музыку. Вельмі плённым стала супрацоўніцтва паэта з сынам-кампазітарам Уладзімірам Карызнам. Іх сумесныя песні «Каліна ў полі», «Зоркі золкае каханне», «Калі цябе сустрэў», «Чырванее каліна», «Хвіліна святла», «Жаночая ласка», «Звон часу», «Возера Свіцязь» з асаблівай далікатнасцю перадаюць хваляванні ў пачуццёвых зносінах. А песня «Ландышаў цвет» выглядае непамерклым успамінам пра маладосць.
Усе шляхі ў маладосці асветлены бунтарскім пачуццём закаханасці. Увесь час яно прагне ласкавай узаемнасці, неадольна цягнецца да нябесна-зямнога хараства. І часта ландышы як сімвал чысціні і пяшчоты выконваюць місію пасланніка кахання. У песні «Ландышаў цвет» адлюстравана духоўнае ўзаемаперапляценне ландышаў і кахання. Яны абвастраюць наша ўспрыманне навакольнага свету. Каханне выклікае бураломную плынь пачуццяў у душы. А беласнежныя кветкі-званочкі ландышаў з непаўторна тонкім, пранікліва-чароўным водарам палоняць яе, трывожаць і робяць пачуццёвую памяць трывалай, прасветленай...
Верш У.І. Карызны
Музыка У.У. Карызны
Замятае вясна
Снегам ландышаў сцежкі ля хвой,
Па якіх салаўі
Нас калісьці вадзілі з табой.
Прыпеў:
Хай жа ясніцца век,
Колькі суджана жыць-перажыць,
Цёплых ландышаў цвет,
Што ля самага сэрца ляжыць.
Твае вочы тады
Зоркі ў хмарах запальвалі ўміг, —
І так светла было
Майму сэрцу ўсю ночку ад іх.
Прыпеў.
Я табе перадаў
У касу ад вярбы каснічок,
Калі сам запалаў
Ад гарачай зары тваіх шчок.
Прыпеў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/mihas-shavyrkin
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/undefined