Аграрыі недалёка ад таго, каб пераступіць пяцімільённую мяжу. На 8 жніўня ў Беларусі паводле аператыўных звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання намалочана 4,8 млн тон збожжавых і зернебабовых культур пры ўраджайнасці ў 34,7 ц/га. Ужо ўбрана 63,7% пасяўных плошчаў. Лідзіруе Мінская вобласць, дзе намалацілі больш за 1,3 млн тон збожжа. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун адзначыў, што збожжа павінны сабраць да 20 жніўня.
У Гомельскай вобласці Рэчыцкі раён першым завяршыў масавую ўборку збожжавых каласавых і зернебабовых культур. Там засталося ўбраць толькі збожжавыя культуры позніх тэрмінаў сяўбы на нязначных участках, а таксама крупяныя культуры — проса і грэчку. Тым не менш ужо сёння можна сцвярджаць, што раён увойдзе ў лік прэтэндэнтаў на перамогу ў абласным спаборніцтве па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур.
Акрамя таго, рэкордная для Гомельскай вобласці ўраджайнасць збожжа каласавых культур (86 ц/га) атрымана на аграпрамысловым прадпрыемстве Жыткавіцкага раёна «Тураўшчына». Там ужо цалкам убраныя збожжавыя, а агульны намалот склаў 17 тыс. т збожжа, або 60% у маштабе раёна. Рэкордныя намалоты атрыманы ў першую чаргу за кошт выканання тэхналогіі.
У Гродзенскай вобласці чатыры сельгаспрадпрыемствы дэманструюць ураджайнасць збожжавых звыш 70 ц/га. Самую высокую ўраджайнасць у 91,7 ц/га паказвае СВК імя Крамко Гродзенскага раёна, дзе ўбрана больш за 93% плошчы збожжавых. У СВК «Прагрэс-Верцялішкі» на гэты момант ураджайнасць складае 86,5 ц/га, гаспадарка абмалаціла 71% збожжавага палетка. У ліку лідараў таксама СВК «Свіслач» і «Абухава» Гродзенскага раёна, якія атрымалі ўраджай у 78,1 і 70,3 ц/га адпаведна. Абедзве гаспадаркі таксама ўбралі больш за 70% плошчаў збожжавых. Яшчэ сем гаспадарак намалочваюць ад 60 да 70 ц/га. Пры гэтым сярэдняя ўраджайнасць збожжавых па вобласці ніжэйшая за леташнюю, што звязана з умовамі надвор'я — засушлівым чэрвенем і дажджлівым ліпенем — 40,1 ц/га.
У Віцебскай вобласці Аршанскі і Верхнядзвінскі раёны займаюць лідзіруючыя пазіцыі па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур і збіраюць 37 і 35,8 ц/га адпаведна. Таксама ўраджайнасць больш як 30 ц/га маюць 7 раёнаў вобласці. Па тэмпе ўборкі лідзіруе Пастаўскі раён, дзе абмалочана больш за 40% пасяўных плошчаў. Блізкія да гэтай лічбы аграрыі Докшыцкага, Чашніцкага, Аршанскага раёнаў.
Мільён на Брэстчыне
На момант падрыхтоўкі нумара стала вядома, што аграрыі Брэсцкай вобласці 8 жніўня пераадолелі мільённы рубеж па намалоце збожжа. Найбольш плённа спрацавалі аграрыі Баранавіцкага і Пружанскага раёнаў, якія ўжо атрымалі па 100 тыс. тон збожжа. Следам за імі ідуць хлебаробы з Пінскага (79,7 тыс. тон) і Камянецкага (77,5 тыс. тон) раёнаў.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[4] mailto:kryzhevіch@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhnivo
[6] https://zviazda.by/be/tags/uborka-zbozhzhavyh
[7] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-selskay-gaspadarki-i-harchavannya
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-grakun-1