Другі год запар сустрэча краязнаўцаў і аматараў прыгожага пісьменства становіцца важнай часткай злёту праваслаўнай моладзі «Маранафа». Сёлета 48 юных прыхаджан сямі прыходаў Пінскага і Лунінецкага благачынняў у суправаджэнні 12 дарослых тры дні правялі на беразе жамчужыны Палесся. Цяпер могуць адрасаваць навакольным жартоўны верш Пімена Панчанкі:
«Вы былі на Белым возеры ці не?
Не былі? Дык не кампанія вы мне!..»
Нягледзячы на тыповасць назвы, наша возера Белае — адно з двух у Беларусі (разам са Свіцяззю ў Карэліцкім раёне) з рэліктавай раслінай лабелія Дортмана, што ахоўваецца нават у Еўрапейскім саюзе. На сасне ў зялёным бары, што акружае блакітнае люстра, прымацавалі ікону Хрыста Збавіцеля, каля якой чыталі ранішняе і вячэрняе правілы. Але малітвы гучалі не толькі каля абраза Госпада, — сама навакольная прырода была іконай, да якой у думках звярталіся з просьбай аб захаванні тварэння Божага...
Сумеснымі намаганнямі педагогаў і святараў былі праведзены разнастайныя — духоўныя, экалагічныя, аздараўленчыя, спартыўна-турыстычныя — мерапрыемствы. Патрыятычнае выхаванне чырвонай ніткай злучала складнікі праграмы. Усклалі кветкі да помніка вёсцы Белае Возера, якая 19 студзеня 1944 года была знішчана фашыстамі і не адноўлена пасля вайны. У Луніне ўшанавалі памяць загінуўшых лётчыкаў Першай сусветнай вайны, якія пахаваны на пагосце.
Пасля святочнай літургіі, якую правёў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцяфан у саслужэнні духавенства, на двары Свята-Барыса-Глебскага храма разгарнулася літаратурнае свята. Нагадалі аб 100-годдзі прыезду ў нашы мясціны на вайсковую службу Аляксандра Блока (гэты факт ён занатаваў у сваім дзённіку, а ў наш час падзея адлюстравана мармуровай дошкай на будынку чыгуначнай станцыі Лоўча). Пазнаёмілі з кнігай «Палескія дні Аляксандра Блока», якую напісаў пісьменнік-зямляк Мікалай Калінковіч (1950—1990). Абодва творцы завяршылі зямны шлях летам (адпаведна 7 жніўня і
24 ліпеня). Літаратурную віктарыну, прысвечаную адметным падзеям у жыцці рускага паэта і пісьменніка-земляка правяла бібліятэкар з Луніна Лідзія Кірылаўна Цімашэй, а пераможцам яе стаў гімназіст Цімафей Хоміч (Пінск).
Разам з дарослымі дзеці ўшаноўвалі памяць князёў Барыса і Глеба — першых святых мучанікаў Рускай Праваслаўнай Царквы. На працягу ўжо больш як тысячагоддзя яны застаюцца прыкладам самаахвярнасці дзеля яднання Айчыны. Патрыятызмам прасякнута творчасць Аляксандра Блока і Мікалая Калінковіча, імёны якіх натуральна ўпляталіся ў агульную малітву за адданых роднай зямлі людзей...
Таццяна КАНАПАЦКАЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/taccyana-kanapackaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/maranafa
[4] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-blok
[5] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-kalinkovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/luninecki-rayon
[7] https://zviazda.by/be/tags/litaratura