Надыходзіць восень, а з ёй — першыя навучальныя дні ў школах. Дзяржаўтаінспекцыя заклікае кіроўцаў быць больш уважлівымі на дарогах і праводзіць з 25 жніўня па 5 верасня акцыю «Увага — дзеці!»
Ва ўпраўленні ДАІ МУС РБ паведамілі, што за шэсць месяцаў бягучага года дзеці ва ўзросце да 16 гадоў сталі ўдзельнікамі 195 дарожна-транспартных здарэнняў, 9 чалавек загінулі. Двое дзяцей былі пешаходамі, а яшчэ двое — веласіпедыстамі. 97 непаўналетніх атрымалі розныя пашкоджанні як пешаходы. Па віне кіроўцаў пацярпелі 70% дзяцей!
У дні правядзення спецмерапрыемства рух аўтатранспарту ўдзень для прыцягнення ўвагі павінен ажыццяўляцца з уключаным бліжнім святлом фар. На час акцыі «Увага — дзеці!» запланаваны шэраг прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў. А гэта і віктарыны, конкурсы, відэалекторыі.
Асаблівая ўвага будзе сканцэнтравана на прафілактыцы сярод бацькоў. У Дзяржаўтаінспекцыі расказалі, што міліцыянеры наведаюць працоўныя калектывы, растлумачаць прычыны і магчымыя наступствы ДТЗ з удзелам дзяцей, адказнасць за парушэнне правілаў дарожнага руху, а таксама правілы бяспечнай перавозкі непаўналетніх у аўтамабілях.
ДАІ Мінска напярэдадні пачатку навучальнага года праводзіць шматлікія рэйды, выяўляе аўтамабілі, што няправільна прыпаркавалі каля школ і ў суседніх дварах.
— За лета кіроўцы крыху расслабіліся, — кажа Вікторыя Царук, старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Кастрычніцкага раёна сталіцы. — І менавіта сёння ім важна нагадаць пра тое, што калі вы паркуеце аўто на тратуарах, пад забараняльнымі знакамі на шляху дзяцей да школы, то падвяргаеце іх небяспецы.
Толькі за пяць дзён у Кастрычніцкім раёне эвакуявалі каля 30 аўтамабіляў за парушэнне правілаў паркоўкі паблізу навучальных устаноў. І гэта яшчэ не канец. Такія ж рэйды працягнуцца ў верасні. За падобнае парушэнне прадугледжана адказнасць у выглядзе папярэджання ці штрафу (1 базавая велічыня), пры паўторы на працягу года — дзве базавыя. Акрамя таго, парушальніку прыйдзецца заплаціць за паслугі эвакуатара і за суткі знаходжання машыны на штрафстаянцы.
Якаў ЖУРБІН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yakau-zhurbin
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/uvaga-dzeci-1
[4] https://zviazda.by/be/tags/dai
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhautainspekcyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-caruk