Н. НІКАЛАЕВА « [2]На крок наперадзе [2]» [2] («Звязда» за 18 жніўня)
Давайце будзем шчырымі: прафесія настаўніка не ўваходзіць ні ў пяцёрку, ні нават у дзясятку прэстыжных у нашай краіне, у адрозненне ад праграмістаў, лагістаў, юрыстаў, маркетолагаў і нават урачоў, хоць і медыцынскія работнікі таксама актыўна скардзяцца на свае заробкі. Але мне вельмі крыўдна чуць, што ў педагагічны ўніверсітэт паступаюць адны няўдачнікі. Многія нават не дапускаюць думкі, што хтосьці (як, напрыклад, я) марыў з дзяцінства стаць педагогам. Вось і пасля ўвядзення для школьных медалістаў права паступлення на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ іх сталі падазраваць у карысці. Маўляў, паступаюць туды, куды прасцей прайсці без конкурсу. Цікава, канешне, будзе паглядзець праз колькі гадоў, якія з іх атрымаюцца настаўнікі і колькі з іх застанецца працаваць у школе...
Жыццё паказвае, што месца настаўніка можа заняць амаль кожны, але быць сапраўдным настаўнікам здольныя далёка не ўсе. Не да ўсіх педагогаў дзеці ставяцца з павагай, а некаторых яны, мякка кажучы, проста ігнаруюць.
Педагогам сёння быць значна цяжэй, чым калісьці, але разам з тым і цікавей. Сучасны настаўнік абавязкова павінен быць крэатыўным і не замыкацца ў рамках свайго прадмета. Каб быць аўтарытэтам для дзяцей, педагог проста абавязаны разумець тыя праблемы, якія іх хвалююць. Як бы педагог ні ставіўся да вучня, пры ацэнцы вынікаў яго вучобы і паводзінаў гэта ніяк не павінна адбівацца. Сутыкнуўшыся з няшчырасцю настаўніка, дзіця наўрад ці будзе давяраць яму ў далейшым. Кожны вучань, прычым у кожнага настаўніка, павінен мець магчымасць атрымаць добрую ці выдатную адзнаку. Гэта не толькі мой настаўніцкі прынцып, але і бацькоўская крыўда на некаторых гора-настаўнікаў.
Трэба пераканаць дзяцей у тым, што вы жадаеце ім дабра, імкняцеся навучыць іх адказна ставіцца да вучобы, даручэнняў, сваіх учынкаў. У школе павінны падтрымлівацца цікаўнасць да вучобы, а не пагоня за адзнакамі.
Педагогі павінны спрыяць сацыяльнай мабільнасці сваіх выхаванцаў, вучыць дзяцей прымаць самастойныя рашэнні і несці за іх адказнасць. А многія настаўнікі проста выганяюць дзіця з урока і выклікаюць бацькоў на бескарысныя часам размовы. А потым чакаюць, што вучні будуць іх паважаць. І разважаюць пра непрэстыжнасць сваёй прафесіі.
Алена Р., г. Барысаў
І. КРЫЖЭВІЧ « [3]Зямлю не падманеш [3]» [3] («Звязда» за 24 жніўня)
Шкада, што і сёлета надвор'е зноў дрэнна паўплывала на жніво. Прызнаюся, я нячаста сачу за навінамі з палёў, аднак матэрыял «Зямлю не падманеш» атрымаўся рэзанансным і цікавым, на мой погляд. Мне спадабалася як адкрыта выказвае сваю пазіцыю Фёдар Прывалаў. Ён паказвае відавочныя недахопы галіны ў кіраванні гаспадаркай з пункту гледжання здаровага сэнсу і навукі. Таксама я не задумваўся ніколі, што краіне патрэбна на год ўсяго каля 1 млн тон збожжа для таго, каб спячы хлеб. Маю ўвагу таксама прыцягнулі тыя распрацоўкі, якімі займаюцца сёння навукоўцы-селекцыянеры. Памятаю ў юнацтве падпрацоўваў тым, што загружаў вагоны ў тым ліку і збожжам. І сапраўды, тады ўсё збожжа складзіравалі без разбору. Я вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што цяпер селекцыя блізкая да таго, каб кожны гатунак збожжа быў пэўнага колеру. Думаю, гэта сапраўды навядзе некаторы парадак у сельскай гаспадарцы і астатніх галінах накшталт хлебапячэння ці жывёлагадоўлі.
Сяргей Соркін, г. Маладзечна
Н. ЛУБНЕЎСКАЯ « [4]Адказнасць заўсёды на тым, хто б'е [4]» [4] («Звязда» за 25 жніўня)
Не верыцца мне, што сапраўдны дамашні тыран добраахвотна вырашыцца здацца псіхолагам. Ды ён нават сябрам не прызнаецца, што збівае жонку: раптам у міліцыю на яго заявяць? А тут прыйсці ў афіцыйную дзяржаўную ўстанову, так бы мовіць, з павіннай... Таму згодна з псіхолагам: накіроўваць на тэрапію трэба прымусова. Можа, пасля размоў са спецыялістамі што-небудзь праясніцца ў такога мужчыны ў галаве. Дый жанчынам, якія жывуць з гвалтаўнікамі, таксама да псіхолага звярнуцца не будзе лішнім. Здаровы чалавек не будзе дазваляць сябе біць і здзекавацца з сябе.
Марыя, Мінск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] http://zviazda.by/be/news/20160817/1471464267-yakim-pavinen-byc-nastaunik-hhi-stagoddzya
[3] http://zviazda.by/be/news/20160823/1471972978-chamu-u-getym-godze-sabrali-mensh-zbozhzha-chym-u-minulym
[4] http://zviazda.by/be/news/20160825/1472072825-psiholagam-treba-pracavac-ne-tolki-z-ahvyarami
[5] https://zviazda.by/be/tags/zachapila