Каля апоўначы супрацоўнікам Асіповіцкай міжрайінспекцыі паступіла інфармацыя: на сельскагаспадарчым полі каля вёскі Заручэўе чуцён брэх сабак, там праводзіцца нелегальнае паляванне. Было вядома, што парушальнікі перамяшчаюцца на аўтамабілі «УАЗ». Затрымаць іх вырашылі на выездзе з угоддзяў.
— Нягледзячы на тое, што дзяржінспектар загадзя падаў кіроўцу сігнал спыніцца і быў у святлоадбівальнай камізэльцы, машына не знізіла хуткасць. Работнік паспеў пасвяціць у салон ліхтарыкам — у яго святле ён пазнаў двух братоў-паляўнічых, якія пражывалі ў райцэнтры. «УАЗ» накіраваўся ў бок Асіповіч, рэйдавая група — за ім, — расказала прэс-сакратар Дзяржінспекцыі Вольга Грамовіч. — На пад'ездзе да горада каля лесапаркавай зоны адзін з братоў выскачыў з машыны са стрэльбай і паспрабаваў схавацца ў кустах. За ім накіраваўся дзяржінспектар і неўзабаве затрымаў уцекача. Праз некалькі хвілін спыніўся і «УАЗ» — у яго скончылася паліва. У салоне аўтамабіля былі выяўлены падствольны ліхтар і чатыры паляўнічыя сабакі. У адносінах да братоў распачаты адміністрацыйны працэс за парушэнне правілаў палявання. Кіроўца адкажа яшчэ і за непадпарадкаванне службовай асобе.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] mailto:rs@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/brakanery
[6] https://zviazda.by/be/tags/zarucheue
[7] https://zviazda.by/be/tags/volga-gramovich-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhinspekcyya