Днямі ў Сочы падвялі вынікі Міжнароднага конкурсу маладых выканаўцаў «Новая хваля-2016». Беларуская спявачка Аляксандра Захарык па выніках творчага спаборніцтва апынулася на 13-м месцы.
На першую прыступку ўзняліся адначасова два канкурсанты: прадстаўнік Італіі Вальтэр Рычы і спявак Дзіно з Харватыі. «Серабро» — ва ўкраінкі Галіны Безрук, а «бронза» — у грузінскага спевака Георгія Надзібаідзе. Усе пераможцы атрымалі адмысловыя статуэткі з эмблемай конкурсу, а таксама грашовыя прэміі.
Значна больш пашанцавала іншым беларускім артыстам, якія штурмуюць конкурсы выканаўцаў у суседніх краінах. Так, спявак і тэлевядучы Ян Маерс паспяхова прайшоў этап сляпога праслухоўвання ў 5-м сезоне папулярнага расійскага тэлепраекта «Голас». Падчас выступлення беларуса да яго павярнуліся трое з чатырох настаўнікаў, але сам спявак выбраў каманду Дзімы Білана.
Артыст, байкер і тэлевядучы Іван Вабішчэвіч (ён жа Дзядзька Ваня) ва Украіне ўдзельнічаў у кастынгу 7-га сезона шоу «Х-фактар». Выхад артыста на сцэну ў кілце, падтрымка яго камандай вясёлых і знаходлівых «ЧП», нарэшце, выкананне аўтарскай песні на ўзроўні «мурашкі па скуры» — усё гэта дазволіла Івану бліскуча прайсці адбор.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/teletydzen
[5] https://zviazda.by/be/tags/novaya-hvalya-2016
[6] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[8] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandra-zaharyk