На апошнім пасяджэнні дзясятай сесіі дэпутаты разгледзелі чатыры законапраекты. Няхай сама сесія атрымалася вельмі кароткай — усяго чатыры дні — падчас яе парламентарыі паспелі разгледзець і прыняць усяго каля 30 законапраектаў, уключна з галоўнымі фінансавымі дакументамі краіны. Работа атрымалася сапраўды плённай, і дэпутатам наступнага склікання ёсць чаму павучыцца.
Уладзімір ЧАРАВАЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, прадставіў праекты законаў «Аб судовых выканаўцах» і «Аб выканаўчай вытворчасці», якія разглядаліся ў другім чытанні.
— Прыняцце гэтых дакументаў з'яўляецца адным з завяршальных этапаў рэформы, сутнасць якой у тым, каб аб'яднаць у адну сістэму судовых выканаўцаў эканамічных судоў і судовых выканаўцаў агульных судоў, якія, па сутнасці, займаліся адным і тым жа, але мелі розную ведамасную падначаленасць, — патлумачыў ён журналістам.
Аляксандр ЦЕРАХАЎ, міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадставіў у першым чытанні праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Кіраўнік ведамства растлумачыў, што сутнасць дакумента — у перайменаванні некаторых тэрмінаў у адпаведнасці са змененым заканадаўствам. Замест камунальнай паслугі «карыстанне ліфтам» прадугледжваецца аказанне жыллёва-камунальнай паслугі «тэхнічнае абслугоўванне ліфта», а тэрмін «вываз, абясшкоджванне і перапрацоўка цвёрдых камунальных адходаў» зменены на «абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі».
Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:yushkevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/deputaty
[5] https://zviazda.by/be/tags/sudovyya-vykanaucy