Два гады карэспандэнты будуць адсочваць на прыкладзе звычайнага класа адной з мінскіх школ, чым жыве падрастаючае пакаленне беларусаў.
Яшчэ не так даўно настроіцца на Першы нацыянальны канал Беларускага радыё было ў многіх дамах вельмі проста дзякуючы правадной сетцы. Але з 1 кастрычніка эпоха старых рэпрадуктараў канчаткова адышла ў гісторыю. Гэтая дата супала з пачаткам новага сезона на радыёстанцыі. Чым жа зацікавіць ён слухачоў?
- Мы запускаем адразу некалькі конкурсных праектаў, - расказвае галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Антон Васюкевіч. - Адзін з іх – конкурс на арыгінальнае выкананне Дзяржаўнага Гімна.
“Звязда” раней распавядала [3] пра ўмовы яго правядзення.
- Мы ўжо атрымалі 15 заявак, - адзначае загадчык аддзела музычных праграм Таццяна Сямёнава. - Іх дасылаюць пераважна навучэнцы. Глыбока сімвалічна, што ў Вялікай студыі Дома радыё, дзе мы зараз з вамі сустракаемся, некалі запісвалася эталонная версія гімна, якая гучыць кожны дзень у эфіры. Тут жа будзе праходзіць і праслухоўванне канкурсантаў, і фінальны запіс з удзелам пераможцаў.
Працягваецца прыём заявак і на VI Рэспубліканскі музычны радыёконкурс “Маладыя таленты Беларусі”, які сёлета прысвечаны Году культуры. Ужо ў снежні краіна даведаецца, хто ж стане ўладальнікам Гран-пры і чые творы загучаць у ратацыі ў нацыянальным радыёэфіры.
Іншы інтэрактыўны конкурс праходзіць у сацыяльных сетках. Ён атрымаў назву “Беларускае радыё ў маім жыцці”. Паўдзельнічаць у ім можа кожны слухач, даслаўшы эсэ ці замалёўку. Лаўрэатаў запросяць у студыю Дома радыё для ўдзелу ў праграме “Звычайныя гісторыі”. Водгукаў прыходзіць вельмі шмат. І таму не выключана, што вынікі творчага спаборніцтва будуць падводзіць штомесяц.
Для тых, хто цікавіцца, а як жа непасрэдна ствараецца вяшчанне, на сервісе Youtube створаны адмысловы канал [4], куды выкладваюцца відэазапісы студыйных перадач.
Пераходзіць Першы нацыянальны канал радыё і на новыя формы працы. Сёлета ў эфіры па буднях загучаў “Радыёблог”. Самыя дасведчаныя радыёжурналісты выказваюць свае развагі з нагоды самых актуальных падзей ў Беларусі і свеце. Прыкметна, што пасля запускаў радыёблогаў колькасць наведванняў сайта станцыі прыкметна ўзрасла.
Загучыць у эфіры радыёстанцыі і праект, які не мае аналагаў у беларускай радыёпрасторы – “Пакаленне ХХІ”. Два гады карэспандэнты будуць адсочваць на прыкладзе звычайнага класа адной з мінскіх школ, чым жыве падрастаючае пакаленне беларусаў, чым захапляецца, што іх турбуе…
- Сярод аўдыторыі слухачоў Першага нацыянальнага шмат людзей ва ўзросце, - працягвае Антон Васюкевіч. - Менавіта для іх прызначаны праект “Любімая пласцінка”. У гэтых перадачах гаворка пойдзе аб творчасці артыстаў савецкай і замежнай эстрады. Радыё перанясе слухачоў на некалькі дзесяцігоддзяў назад, калі былі створаны многія напаўзабытыя цяпер творы. Станоўчыя водгукі сведчаць пра тое, што праграма знайшла свайго слухача.
Праграма “Паэтычны эцюд”, у якой гучаць творы айчынных майстроў слова, стане лірычнай замалёўкай у беларускамоўным эфіры. Адзначу, што акрамя радыё “Культура”, да літаратурнай спадчыны сёння не звяртаецца ніводная радыёстанцыя.
У Мінску Першы нацыянальны канал вяшчае на частаце 106.2 МГц у дыяпазоне FM. Даведацца, на якой хвалі можна злавіць самую буйную беларускую радыёстанцыю ў вашым рэгіёне, і азнаёміцца з праграмай радыёвяшчання можна на сайце radio1.by [5].
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] http://zviazda.by/be/news/20160908/1473348846-belaruskae-radyyo-shukae-aryginalnyh-vykanaucau-dzyarzhaunaga-gimna
[4] https://www.youtube.com/channel/UCcXPsmOSnIJoUvkGKdiwEAg
[5] http://radio1.by/
[6] https://zviazda.by/be/tags/pershy-nacyyanalny-kanal-belaruskaga-radyyo
[7] https://zviazda.by/be/tags/moladz
[8] https://zviazda.by/be/tags/muzyka