Падрыхтоўка да парада вялася ва ўмовах поўнай сакрэтнасці. Камандзірам злучэнняў і часцей Маскоўскага гарнізона паведамілі пра тое, што прыкладна ў сярэдзіне лістапада 1941 года ў раёне Крымскага моста плануецца правядзенне агляду часцей, якія знаходзяцца ў сталіцы і на яе рубяжах, і тых, якія неўзабаве пойдуць на фронт. Масквічы сваёй прысутнасцю павінны былі ўмацаваць у чырвонаармейцаў баявое братэрства і нязломную стойкасць. У гэтых мэтах падчас звычайных навучальных заняткаў на закрытых тэрыторыях узмацнялася страявая падрыхтоўка вылучаных для агляду часцей і навучальных устаноў.
За дзень да парада на платформе станцыі метро «Маякоўская» было праведзена традыцыйнае пасяджэнне Массавета, пасля якога Сталін абвясціў членам Палітбюро ЦК і некаторым асобам пра час пачатку парада войскаў на Краснай плошчы, які быў перанесены на дзве гадзіны раней. Парад павінен быў адбыцца ў восем гадзін раніцы. Камандзірам часцей, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстасці, пра такія змены стала вядома ў 23 гадзіны. Звычайным байцам паведамілі пра гэта перад самым пад'ёмам раніцай 7 лістапада. Запрошаныя на Красную плошчу прадстаўнікі грамадскасці і рабочыя праз пасланцаў даведаліся пра час правядзення парада з пяці да сямі гадзін раніцы.
Падрыхтоўкай ваеннага парада на Краснай плошчы займаўся камендант сталіцы, наш зямляк, ураджэнец вёскі Бывалькі Лоеўскага раёна, генерал-маёр Кузьма Сінілаў.
Вось што ён пісаў у пасляваенных успамінах: «...адзінае, чым вонкава адрозніваўся парад, — гэта адсутнасць дэманстрацыі. Адчувалася, што адбываецца ён ва ўмовах вайны, па ўсім: і па ўзбраенні, і па абмундзіраванні, і па той суровасці, якая бачная была ва ўсіх».
У 8 гадзін раніцы па гучнагаварыцелях СССР, якія ў тыя дні не выключаліся ні днём, ні ноччу, пачуліся ўрачыста-хвалюючыя словы дыктара Юрыя Левітана. На трыбуне маўзалея — Вярхоўны Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін, а таксама кіраўнікі савецкай дзяржавы: Молатаў, Малянкоў, Мікаян, Шчарбакоў і іншыя. Прымаў парад герой грамадзянскай вайны Маршал Савецкага Саюза Сямён Будзённы. У кнізе «Сто ваенных парадаў» Сямён Міхайлавіч успамінаў: «У галопе выскокваю на прастору заснежанай Краснай плошчы. Прымаю рапарт камандуючага парадам генерал-лейтэнанта Паўла Арцем'ева. Аб'язджаю з ім выстраеныя войскі. У калонах стаялі радавыя вайскоўцы. Але ў тыя хвіліны яны мне здаваліся цуда-волатамі. Чырвонаармейцы дружна адказвалі на прывітанні. «Ура!» кацілася па Краснай плошчы, гучнае, ваяўнічае, прысягальнае. На трыбунах сабраліся члены ўрада, работнікі партыйных і савецкіх арганізацый, камандзіры Чырвонай Арміі, стаханаўцы, прадстаўнікі савецкай інтэлігенцыі, Усесаюзнага радыё і друку, акрэдытаваныя ў сталіцы карэспандэнты замежных газет.
Пасля выступлення Сталіна зводны аркестр, якім кіраваў аўтар бессмяротнага твора «Развітанне славянкі», кампазітар і дырыжор Васіль Агапкін, зайграў мелодыю «Інтэрнацыянала», а з набярэжнай грымнуў гарматны салют.
У парадзе ўдзельнічалі батальёны курсантаў ваенных вучылішчаў, НКУС, стралковыя, кавалерыйскія і танкавыя падраздзяленні, атрады ўзброеных рабочых Масквы, маракі, эскадроны кавалерыі... У Цэнтральным архіве Мінабароны Расійскай Федэрацыі захоўваецца даведка-даклад каменданта горада Масквы Кузьмы Сінілава, з якога вядома, што парад доўжыўся гадзіну і дзве хвіліны, у ім удзельнічала 69 батальёнаў — 28 467 чалавек, з іх 5520 апалчэнцаў. Узбраенне і ваенная тэхніка былі прадстаўлены 296 кулямётамі, 18 мінамётамі, 12 зенітнымі кулямётамі, 140 артылерыйскімі прыладамі рознай магутнасці, 160 танкамі. Праз дрэннае надвор'е (моцны снегапад, завея, абмежаваная бачнасць) у парадзе не прыняла ўдзелу авіяцыя.
Адразу пасля парада байцы Чырвонай Арміі адправіліся на фронт, для чаго Массавет выдзеліў 14 трамвайных вагонаў. Да месцаў баявых дзеянняў, на перадавую воіны накіроўваліся таксама на машынах ЗІС-5, у пешым страі. Сярод іх былі і нашы землякі. Пра гэта пераканаўча напісаў савецкі паэт Мікалай Старшынаў:
А над Москвою день небывалый,
Светом пронизанный, голубой...
Идут к Белорусскому вокзалу
От мавзолея — с парада — в бой!
Ваенны парад атрымаў шырокі міжнародны рэзананс і выклікаў захапленне, а таксама павагу да савецкага народа і яго войска, спрыяў умацаванню міжнароднага прэстыжу СССР. У свой час франтавікі казалі, што без парада надзеі, як называлі яны падзею 7 лістапада 1941-га, не было б і парада Перамогі 24 чэрвеня 1945 года.
Мікалай ШАЎЧЭНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-shauchenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/7-kastrychnika
[4] https://zviazda.by/be/tags/kastrychnickaya-revalyucyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/saveckae-svyata
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyata
[7] https://zviazda.by/be/tags/krasnaya-ploshcha
[8] https://zviazda.by/be/tags/sssr
[9] https://zviazda.by/be/tags/vayna