Падчас пасяджэння Нацыянальнай камісіі па правах дзяцей прадстаўнікі ўрада, выканаўчай і заканадаўчай улады, Міністэрства аховы здароўя абмеркавалі, на якім узроўні знаходзіцца дапамога дзецям з захворваннямі, якія немагчыма вылечыць (паліятыўная дапамога).
Развіццё паліятыўнай дапамогі ў нашай краіне апошнім часам набыло асаблівую значнасць, — падчас наведвання Дома дзіцяці зазначыла Наталля КАЧАНАВА, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі. — Больш чым 800 дзецям патрэбна такая дапамога. Многія з іх не маюць бацькоў, альбо тыя пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Сітуацыі бываюць розныя. У той жа час важна дапамагаць не толькі дзецям, але і іх родным.
Святлана МАЛАШКА, галоўны ўрач мінскага Дома дзіцяці №1 для дзяцей з арганічным пашкоджаннем цэнтральнай нервовай сістэмы і псіхікі, расказала, што ўстанова спачатку была інтэрнатнага тыпу. Але ў 2002 годзе адкрыліся паліятыўныя палаты для дзяцей, якіх даглядаюць бацькі. Гэта тыя дзеці, якія маюць пасведчанне, што іх захворванне немагчыма вылечыць. «Мы даглядаем іх, аказваем сімптаматычнае лячэнне, бацькоў у наведваннях не абмяжоўваем. Такім чынам паляпшаем якасць жыцця дзетак і ўсёй сям'і. З бацькамі працуе псіхолаг, праводзіць заняткі, гутарыць для таго, каб захаваць сям'ю», — паведаміла яна. Ва ўстанове знаходзіцца 26 такіх асаблівых дзяцей, для якіх працуе 4 палаты паліятыўнай дапамогі.
Па словах Дзмітрыя ПІНЕВІЧА, першага намесніка міністра аховы здароўя, удасканаленне гэтай сферы — доля развітых краін. Пры гэтым цяпер мы можам казаць пра дапамогу не толькі напрыканцы жыцця, але і з нараджэння і далей. На думку першага намесніка міністра, кірункі вырашэння існуючых у сферы праблем — паляпшэнне заканадаўства, якасная перападрыхтоўка спецыялістаў, а таксама прыцягненне да сумеснай працы валанцёрскіх арганізацый і выкарыстанне замежнага вопыту.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:pustavit@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/paliyatyunaya-dapamoga
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ahovy-zdarouya
[6] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-malashka
[7] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava
[8] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-pinevich-0