Канец года — традыцыйны час для складання разнастайных рэйтынгаў, спісаў герояў, сенсацый, дасягненняў і расчараванняў, якія нам запомніліся. Гэтакі топ-7 тэлепадзей склала і «Звязда», адзначыўшы ў ім, на наш погляд, самыя яркія падзеі ў айчыннай медыяпрасторы.
Даты малыя і вялікія.
Акурат у пачатку года адсвяткавала 15-годдзе «Сталічнае тэлебачанне». Як падлічылі (і расказалі «Звяздзе») супрацоўнікі канала, у пошуках самай свежай і актуальнай інфармацыі за гэты час яны праехалі 5 мільёнаў кіламетраў, або 125 разоў уздоўж экватара, і адзнялі 135 тысяч сюжэтаў, сотні праграм і фільмаў. З нагоды юбілею тэлевізійнікі ўспомнілі таксама свае знакавыя праекты, пачынаючы ад айчыннай «фабрыкі зорак» — «Зорнага дыліжанса», які даў пуцёўку на сцэну вядомым сёння артыстам Дзмітрыю Калдуну, Ганне Шаркуновай, Герману, ІOWA ды іншым, — да конкурсу «Спяваючыя гарады», міжнароднага «ХараШоу» і дабрачынных марафонаў.
1 студзеня адзначыла 35-годдзе, бадай, самая папулярная дзіцячая праграма беларускага тэлебачання — «Калыханка». На вячэрніх казках з нацыянальным каларытам вырасла не адно пакаленне гледачоў, многія з якіх памятаюць добры дзясятак лялечных герояў — Дзеда-Барадзеда, хлопчыка Васілька і дзяўчынку Васілінку, сабачку Цяву і зайца Вастравушыка ды іншых, і, канешне, уласна мелодыю «Калыханкі». Сёлета, дарэчы, творчая група перадачы зрабіла ў падарунак гледачам своеасаблівы рэмікс любімай кампазіцыі і запісала відэа, якое можна знайсці ў інтэрнэце.
Ну і, нарэшце, у гэты ж дзень, 1 студзеня, 60-гадовы юбілей сустрэла ўласна Беларускае тэлебачанне, чый пераемнік — Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія — за мінулы час вырас з Мінскай тэлестудыі, якая вяшчала напачатку ўсяго 2—3 гадзіны ў суткі, да медыяхолдынга, у складзе якога 7 тэлеканалаў, 5 радыёстанцый, 5 абласных тэлерадыёкампаній, інфармацыйнае агенцтва тэленавін і інтэрнэт-партал.
Людзі і мядзведзі.
Вясной у беларускай медыяпрасторы адбылася не менш як сенсацыя: упершыню за 12 гадоў правядзення нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня» прыз глядацкіх сімпатый у намінацыі «Лепшы тэлевядучы» атрымаў не чалавек і нават не калектыў, а... мядзведзь. Дакладней, лялька — медзведзяня Топа з ужо згаданай «Калыханкі», які па выніках інтэрнэт-галасавання набраў 38% галасоў. Адзначым, прыз лепшаму вядучаму па версіі тэлеаўдыторыі, дагэтуль не ўручаўся цягам 5 гадоў, і толькі сёлета традыцыя была адноўлена. Узнагароду за свайго персанажа атрымаў акцёр Уладзімір Варанкоў, чыім голасам лялька гаворыць вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў. Гледачы былі ў захапленні, а ў прафесійным асяродку меркаванні падзяліліся. Адны палічылі такі выбар фарсам, другія па-філасофску паціскалі плячыма: канкурэнцыя ёсць канкурэнцыя, і калі гледачы аддалі перавагу мядзведзю, значыць, заслужыў.
...Лагічным працягам «мядзведжай» тэмы стала спроба вывесці беларускіх мядзведзяў на міжнародны ўзровень — яе нядаўна зрабіў баяніст Віталь Варанко ў нацыянальным адборы на «Еўрабачанне-2017». Але надзіманыя танцуючыя драпежнікі, у адрозненне ад плюшавага, замілавання не выклікалі.
Танцы з бубнам вакол «Еўрабачання».
Сёлетні песенны конкурс увайшоў у найноўшую гісторыю не толькі з рэкорднай за апошнія 5 гадоў колькасцю краін-удзельніц і найвялікшай у свеце паўсферычнай сцэнай, але і з відавочным палітычным складнікам музычнага кантэксту. Перамога ўкраінскай спявачкі Джамалы з песняй «1944», прысвечанай дэпартацыі крымскіх татараў, выклікала нямала спрэчак і патрабаванняў перагледзець вынікі конкурсу. Скандальны шлейф цягнуўся за конкурсам увесь год, пакуль Еўрапейскі вяшчальны саюз вызначаўся, ці зможа Украіна налета прыняць шоу, а нацыянальная тэлекампанія ліхаманкава шукала для гэтага фінансавыя і арганізацыйныя магчымасці — не вытрымаўшы адказнасці, кіраўнік НТКУ нават пакінуў сваю пасаду.
...Зрэшты, як вынікае з апошніх навін, «Еўрабачанне» 2017 года ўсё ж такі адбудзецца ва ўкраінскай сталіцы. Выдаткі на яго арганізацыю і правядзенне складуць каля 456 мільёнаў грывень — такая сума закладзена ў дзяржбюджэце Украіны на наступны год.
Прыгажосць у масы.
Напачатку лета адбыўся юбілейны, дзясяты па ліку, нацыянальны конкурс прыгажосці «Міс Беларусь — 2016», фінал якога — думаецца, хутчэй з фінансавых прычын, чым з нагоды вялікай цікавасці гледачоў — быў адкладзены амаль на месяц. З амаль тысячы прэтэндэнтак праз частае сіта кастынгу здолелі прайсці 25 самых-самых, а ўжо з іх ліку журы абрала пераможцу — тытул каралевы прыгажосці атрымала мінчанка, 22-гадовая студэнтка Паліна Барадачова.
Колеры Алімпіяды.
Галоўнай падзеяй летняга эфіру, натуральна, сталі Алімпійскія гульні — 2016 у Рыа. Сотні тысяч беларускіх балельшчыкаў з хваляваннем сачылі за тым, як у скарбонку Беларусі адзін за адным трапілі 9 медалёў нашых алімпійцаў і 10 узнагарод параалімпійцаў. Аднак асаблівы рэзананс, прынамсі, на постсавецкай прасторы, сёлетнія Гульні атрымалі не падчас спартыўных трансляцый, а «дзякуючы» допінгавым скандалам, з-за якіх ад спаборніцтваў была адхіленая расійская параалімпійская каманда ў поўным складзе. У знак падтрымкі суседзяў беларуская каманда падчас адкрыцця Параалімпіяды разгарнула расійскі сцяг — гэты кадр не толькі трапіў у тэлеэфір, але і абляцеў вядучыя сусветныя СМІ.
8 памножыць на 20.
Увосень амаль незаўважаным шырокай грамадскасцю прайшло 20-годдзе сталічнага «8 канала» — аднаго з піянераў беларускага кабельнага тэлебачання. «Восьмы», дарэчы, першым з канкурэнтаў паказаў айчыннаму гледачу мультфільмы пра Тома і Джэры і лацінаамерыканскія серыялы, якія ўтрымлівалі каля блакітных экранаў без перабольшання сотні тысяч гледачоў. На сучасным этапе значную ўвагу канал надае рэаліці-праектам — напрыклад, яшчэ летась тут стартаваў праект «Свой фермер», удзельнікі якога разам з вядучым з нуля стваралі самастойную сельскую міні-гаспадарку. Тэма настолькі спадабалася гледачам, што сёлета абяцаны яе працяг — другі сезон асваення гараджанамі вясковай «цаліны».
Таленты як яны ёсць.
Больш як дзве тысячы адораных дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў Беларусі — юных спевакоў, інструменталістаў, танцораў, цыркавых артыстаў, дэкламатараў і акцёраў — і толькі 48 месцаў у маштабным тэлепраекце «Талент краіны», што запаліў новыя творчыя зоркі. Рэспубліканскі дзіцячы конкурс, зладжаны тэлеканалам АНТ сумесна са Спецыяльным фондам Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і Акадэміяй музыкі, безумоўна, стаў адным з галоўных упрыгожанняў адыходзячага Года культуры. Зусім нядаўна ў творчым спаборніцтве былі падведзены вынікі — пераможцамі тэлепраекта і ўладальнікамі грашовых грантаў у 2500 дэнамінаваных рублёў сталі піяністы — мінчанін Мікіта Шастакоў і «вундэркінд джаза» з Салігорска Сафія Курловіч. Хочацца спадзявацца, што гэта не кропка, а толькі коска, і налета праект, магчыма, пад іншай назвай і ў крыху змененым фармаце, але працягне існаваць і падтрымліваць юныя таленты.
Святочны эфір 31 снежня і 1 студзеня ўсе тэлеканалы пастараліся зрабіць лёгкім і ненапружлівым — акурат такім, каб можна было ўключыць тэлевізар фонам і зазіраць у яго ў перапынках паміж прыборкай дома і наразаннем навагодніх салацікаў. Праўда, моднымі яшчэ пару гадоў таму фільмамі-мюзікламі ўласнай вытворчасці гледачоў сёлета ніхто не ўразіць — усё ж крызіс вымушае эканоміць; але тэматычнага кінапаказу і музычна-забаўляльных праграм хопіць усім. Напрыклад, АНТ вынаходзіць веласіпед не стала і прапанавала «Песню года Беларусі», а таксама праграму «Навагодняя ноч» расійскага Першага канала з Ургантам, Нагіевым, Малахавым, Галкіным і ўсёй астатняй папулярнай кампаніяй артыстаў і тэлевядучых. «Беларусь 1» 31 снежня, акрамя традыцыйнага святочнага канцэрта, рыхтуе сюрпрыз — тэлемарафон «Беларусь сустракае Новы год» (серыю анлайн-рэпартажаў з розных рэгіёнаў). «Беларусь 2» закідае гледачоў... не капелюшамі, а «Ёлкамі» — серыяй навагодніх камедый, а таксама падборкай кінафантастыкі. «Беларусь 3» у сваіх лепшых традыцыях прапануе канцэрты на розныя густы: старэйшаму пакаленню — Мікалая Гнацюка, Аляксандра Ціхановіча і Ядвігі Паплаўскай, ВІА «Сіняя птушка», моладзі — Дзмітрыя Калдуна і для ўсіх разам — зборны канцэрт «Песні для душы». СТБ пакажа адмысловы праект «12 цудаў у навагоднюю ноч» — «Блакітны агеньчык», у якім абяцаны тузін яркіх канцэртных нумароў, столькі ж «зорных» гасцей і шэраг сюрпрызаў — напрыклад, тэатральныя пастаноўкі і вершы, расказаныя... рукамі.
А што далей? Даведаемся ўжо ў 2017-м — як кажуць, сачыце за эфірам.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:tselyashuk@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/top
[6] https://zviazda.by/be/tags/aychynnaya-medyyaprastora
[7] https://zviazda.by/be/tags/stalichnae-telebachanne-1
[8] https://zviazda.by/be/tags/kalyhanka-0
[9] https://zviazda.by/be/tags/televyarshynya-1
[10] https://zviazda.by/be/tags/eurabachanne-2017-0
[11] https://zviazda.by/be/tags/mis-belarus-2016-2
[12] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen
[13] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-u-rya
[14] https://zviazda.by/be/tags/telekonkurs-talent-krainy