Зялёна-чырвонымі плугамі трактары ўзворваюць як беларускія палі, так і стэпы Расіі ды Казахстана. Калі паўвека назад побач з горадам Ліда існавала звычайная трактарнарамонтная станцыя, якая толькі абслугоўвала сельскагаспадарчую тэхніку, то сёння даччынае прадпрыемства Гродзенскага УП «Аблсельгастэхніка» само выпускае абсталяванне для работы на зямлі, прычым самага рознага прызначэння.
Пасля таго як знік Савецкі саюз, многія прадпрыемствы трапілі ў складанае становішча, Мінойтаўскі завод не быў выключэннем. На той час тут займаліся толькі наладкай тэхнікі, але ў 2001 годзе попыт на рамонтныя паслугі зменшыўся, калгасы не былі зацікаўлены ў вялікай колькасці запчастак. Затое машын для апрацоўкі зямлі не хапала. Напрошвалася адзінае выйсце — прапанаваць раённым гаспадаркам тое, што іх зацікавіць.
Першыя плугі рабочыя майстравалі па чарцяжах навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі. Потым на заводзе ў Мінойтах узнікла ўласнае канструктарскае бюро.
Сёння на прадпрыемстве працуюць 189 работнікаў. У асноўным людзі жывуць у Мінойтах, каля 60 чалавек з Ліды і Бярозаўкі кожны дзень прыязджаюць сюды двума спецыяльнымі аўтобусамі. Дарэчы, у завода ёсць уласны інтэрнат.
— Мы невялікая арганізацыя, — кажа галоўны інжынер Павел Цыбульскі. — Раніцаю абыходзіш цэхі і адразу даведваешся, чым хто жыве, якія навіны. З некаторымі майстрамі я знаёмы не адзін год, калі раптам чалавек трапляе ў нейкае складанае становішча, то мы заўсёды гатовыя дапамагчы. Аднак да тых, хто парушае дысцыпліну, не працуе сам і перашкаджае іншым, выпівае, стаўлюся сурова. Магу нават звольніць.
У 2008—2009 гадах прадпрыемства сутыкнулася з чарговым выпрабаваннем: завод перастаў атрымліваць дзяржзаказ. Калі раней у Мінойтах кожны год выраблялі некалькі соцень аднатыпных агрэгатаў, чый кошт аплачваўся загадзя, то цяпер завод павінен быў выжываць на кантрактах. Перыяд аказаўся нялёгкім. Часова знізіліся заробкі, і многія спецыялісты адправіліся шукаць «доўгі рубель». Аднак паступова з'явілася сетка дылераў у Расіі, Казахстане, Украіне, Літве... Сёння сярэдняя заработная плата ў цэху складае каля 670 рублёў, прыйшлі новыя людзі, на вакантныя працоўныя месцы нават утвараецца чарга. Дарэчы, як кажа Павел Цыбульскі, да маладых спецыялістаў тут ставяцца асабліва.
— Уяўленне, што на рамонтным заводзе рабочым трэба апрацоўваць дэталі ўручную, не зусім правільнае. Дэталі цяпер вырабляюць спецыяльныя механізмы, а аператар толькі сочыць за працэсам і карэктуе яго на камп'ютары. Вельмі радасна, што выпускнікі тэхнічных універсітэтаў, якія прыходзяць да нас, ужо валодаюць мовай электроннага праграмавання.
— Маладым спецыялістам выплачваем пад'ёмныя, кожны год да дня сельскагаспадарчага работніка нашы завадчане атрымліваюць прэмію, — дадае старшыня прафсаюзнага камітэта Таіса Мацэвіч. — А паколькі мясцовасць у нас вясковая, дапамагаем сем'ям апрацоўваць палі тэхнікай, а пенсіянеры атрымліваюць участак зямлі, на якім могуць вырошчваць для сябе гародніну. У астатнім прапаноўваем звычайную сацыяльную дапамогу: пуцёўкі ў санаторыі як дзецям, так і дарослым, бясплатную спецыяльную вопратку і сродкі засцярогі, ну і малако за шкоднасць. Яшчэ кожны год за кошт завода выклікаем медыцынскую камісію, правяраем стан здароўя работнікаў.
За апошнія пяць гадоў прадпрыемства «памаладзела» нават знешне: паступова ідзе рамонт заводскіх будынкаў. У цэхах цяпер пастаўлены новыя энергазберагальныя лямпачкі, заменена састарэлая сістэма вентыляцыі, куплены новыя станкі. У камеры для афарбоўкі агрэгатаў устаноўлена сістэма бяспекі з функцыяй GРS: у надзвычайнай сітуацыі прыбор не толькі папярэдзіць рабочых, але і адразу адправіць сігнал ратавальнікам. Аднак асаблівы гонар галоўнага інжынера — лямпы інфрачырвонага абагрэву.
— У нас вялізныя цэхі. Раней кацельня працавала на поўную сілу, аднак зімой у памяшканнях усё роўна было халаднавата. Дазнаўшыся пра цікавую тэхналогію, калі спецыяльныя лямпы пад столлю дадаткова награваюць тое месца, дзе працуе чалавек, вырашылі ўсталяваць навінку ў сябе — і сапраўды, своеасаблівая «зона цяпла» ратуе ў моцныя маразы.
Вядучы інжынер-канструктар Леанід Бібліс называе Мінойтаўскі рамонтны завод горадаўтваральным прадпрыемствам. Для многіх мясцовых жыхароў гэта сапраўды так. За 50 гадоў тут паспелі ўтварыцца сапраўдныя сямейныя дынастыі, калі бацька перадае прафесію спачатку сыну, а той — свайму нашчадку. Не дзіва, што на заводскія святы рабочыя прыходзяць пакаленнямі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/tags/ablselgastehnika
[3] https://zviazda.by/be/tags/minoytauski-ramontny-zavod
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne