Першы медаль у скарбонку студэнцкай зборнай Беларусі на ХVІІІ Сусветнай зімовай універсіядзе ў Алматы прынёс Арцём Башлакоў, заняўшы другое месца ў турніры па фрыстайле.
Ён у фінале паказаў вынік 90,94 бала. Беларуска Вера Ляшкевіч спынілася за крок ад п'едэстала, заняўшы чацвёртае месца — 50,96 бала. Гарналыжніца Марыя Шканава заняла восьмае месца ў супергіганце. Лыжніца Анастасія Майнгардт стала 11-й у гонцы на 5 кіламетраў.
Універсіяда ў Алматы будзе праходзіць па 8 лютага. Прэстыжныя міжнародныя спаборніцтвы праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту (FІSU).
Больш як 60 краін заявілі пра сваё жаданне ўдзельнічаць ва Універсіядзе. Паведамлялася, што ў Алматы збярэцца да 5 тысяч спартсменаў. Спаборніцтвы будуць праводзіцца па 12 відах спорту: біятлоне, гарналыжным спорце, кёрлінгу, канькабежным спорце, лыжным дваябор'і, лыжных гонках, скачках на лыжах з трампліна, снаўбордзе, фігурным катанні, фрыстайле, хакеі з шайбай, шорт-трэку. Будуць разыграны 86 камплектаў медалёў. У склад беларускай спартыўнай дэлегацыі ўвайшлі 23 спартсмены з шасці ўстаноў вышэйшай адукацыі.
P.S. Залаты і сярэбраны медалі выйгралі беларускія атлеты ў трэці дзень універсіяды. Канькабежка Марына Зуева стала лепшай у бегу на 3 тысячы метраў, а гарналыжніца Марыя Шканава заняла другое месца ў суперкамбінацыі.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [5]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/sport
[5] mailto:rs@zviazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/susvetnaya-zimovaya-universiyada
[7] https://zviazda.by/be/tags/almaty
[8] https://zviazda.by/be/tags/arcyom-bashlakou
[9] https://zviazda.by/be/tags/frystayl
[10] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0