Менш за тыдзень застаецца да знакавай для нашай краіны падзеі: 18–19 снежня ў Мінску адбудзецца другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу, які, па словах Прэзідэнта, выконвае «ролю механізма зліцця спрадвечных традыцый і сусветнага вопыту кіравання». У зале збяруцца прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства, розных прафесій — сапраўдныя дэлегаты ад народа. Мы пацікавіліся ў дэлегатаў, што хвалюе іх. Відавочна, што ўсіх аб’ядноўвае ідэя стваральнай працы і шчаслівай будучыні для любімай краіны.
Аляксандр ВЯРСОЦКІ, старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта:
— Чарговае пасяджэнне дэлегатаў VІІ Усебеларускага народнага сходу — працяг падзей, якія адбываліся сёлета, калі мы выбіралі Прэзідэнта нашай краіны. Мы не новага чалавека выбралі. Выбралі чалавека, якога вельмі добра ведаем. Ён не зменіць таго курсу, які праводзіць ужо больш як 30 гадоў. Грэе душу, што ўсё тое добрае, што ёсць у Беларусі, будзе мець свой працяг. Пацвярджэнне гэтаму — Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026–2030 гады, якую мы, дэлегаты, будзем прымаць падчас Сходу. Яна прадугледжвае канкрэтныя меры па паляпшэнні дабрабыту нашых людзей. Адметна, што праектам гэтага найважнейшага дакумента запланавана будаўніцтва школы ў Лідзе на 1020 месцаў. Безумоўна, гэтая падзея стане ўнёскам у дэмаграфічную бяспеку раёна, павысіць даступнасць адукацыі, што яшчэ раз пацвярджае сацыяльную накіраванасць нашай дзяржавы.
Наталля АКУЛІЧ, дырэктар Глускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея:
― Гэта першы УНС, у якім я ўдзельнічаю, і мне вельмі ганарова быць датычнай да прыняцця рашэнняў на такім высокім ўзроўні. У праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на будучую пяцігодку няма дробязей, усё важна і актуальна. Мы як работнікі культуры зацікаўлены, каб развіваўся турызм. Можам распрацаваць турыстычныя маршруты па сваім раёне, падказаць нашы славутасці, цікавыя мясціны. Будзе прыемна, калі турысты, наведваючы наш раён, заедуць і да нас у музей. Рэгіён наш маленькі, славутасцей няшмат, але ў нас маляўнічая прырода, шыкоўныя, багатыя на грыбы-ягады лясы, прыгожая рака Пціч. І раён чысты. Калісьці ў нас таксама быў замак, на жаль, ён не захаваўся. Але мы можам пра яго расказаць і паказаць артэфакты, знойдзеныя на месцы раскопак. Дзяржава шмат робіць для захавання нашай спадчыны, аднаўляе замкі, палацы, стварае музеі пад адкрытым небам. У Беларусі ёсць што паказаць і на што паглядзець. Сёння ў краіне актыўна развіваецца ўнутраны турызм, мне як музейнаму работніку вельмі цікава паглядзець, што ёсць унікальнага ў суседніх раёне, вобласці. Наогул турызм у нас вельмі разнастайны — прамысловы, адукацыйны, медыцынскі, экалагічны. Існуюць інтэрактыўныя экалагічныя сцежкі з рознымі прывабнымі лакацыямі. Сёння не трэба выязджаць кудысьці за межы краіны, каб нешта цікавае ўбачыць. У нас ёсць шмат свайго.
Ну а як дэлегата мяне хвалююць розныя напрамкі праграмы на пяцігодку. Мне важна данесці да насельніцтва ўсе тыя рашэнні, якія будуць прымацца на сходзе. Людзі цяпер актыўныя, сочаць за важнымі для краіны падзеямі. І, вядома, у Год добраўпарадкавання клапоцяцца пра тое, каб рамантаваліся і абнаўляліся дарогі, развівалася інфраструктура. Раён развіваецца, прыгажэе, становіцца ўсё больш камфортным для жыцця. Летам у нас адкрываліся і дзіцячыя пляцоўкі, і новыя арт-аб’екты. Усё гэта вельмі важна і запатрабавана.
Ірына АПАНАСІК, выхавальніца дзіцячага садка № 1 г. Дзяржынска:
— Само па сабе выбранне дэлегатам VІІ Усебеларускага народнага сходу для мяне было вельмі хвалюючым момантам. Што гэта? Якая мая роля? І адказнасць. І новы вопыт. Вопыт, ніяк не звязаны з асноўнай працоўнай дзейнасцю. Далей — дзелавыя сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, грамадскасцю. Калі становішся непасрэдным удзельнікам падзей, ад якіх залежыць будучыня тваіх дзяцей, і выступаеш у ролі правадніка гэтых важных рашэнняў у працоўныя калектывы, усе пытанні бачацца зусім у іншым ракурсе. Прыходзіць усведамленне таго, што ад неабыякавасці, асабістага ўдзелу, працоўнай дысцыпліны кожнага залежыць якасць нашага жыцця ва ўсіх сферах.
Сустрэчы ў калектывах дазволілі ўбачыць, што людзей перш за ўсё хвалююць пытанні стабільнасці і бяспекі, што ўсе разумеюць важнасць нашага адзінства, духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці, традыцыйных сямейных каштоўнасцей, інстытута сям’і.
Што я чакаю ад другога пасяджэння VІІ УНС? Вядома ж, выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — Старшыні УНС, каб пачуць расстаноўку ўсіх прыярытэтаў далейшага развіцця краіны. Сходу трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступную пяцігодку, да абмеркавання якой былі падключаны дэлегаты ў перыяд актыўнай падрыхтоўкі да другога пасяджэння. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, выконваць тое, што будзе прынята на УНС, гэта задача ўсяго грамадства, гэта значыць, кожнага з нас. А галоўная мэта працы — забяспечыць сацыяльную стабільнасць краіны. Краіны, якая паслядоўна адстойвае свае ідэі, праводзіць міралюбную палітыку, дае магчымасці для развіцця і самарэалізацыі кожнаму.
Юлія БАЯРЭНКА, загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУ «Карэліцкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці», старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі клубных устаноў Карэліцкага раёна:
— УНС — гэта форма народаўладдзя, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў, усіх слаёў грамадства, якая дазваляе пачуць голас большасці грамадзян нашай краіны. Вельмі ганарова быць часткай гэтай каманды. На першым пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу былі разгледжаны і зацверджаны найважнейшыя для Беларусі дакументы: Ваенная дактрына і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Упэўнена, што на другім будуць закранацца не менш важныя пытанні. Аднак мяне як прадстаўніка сферы культуры хвалююць пытанні захавання, развіцця і папулярызацыі нашай нацыянальнай спадчыны. Безумоўна, за апошнія дзесяцігоддзі зроблена нямала: дзяржава актыўна фінансуе і падтрымлівае захаванне гістарычнай культурнай спадчыны, у тым ліку фальклор, традыцыі і нацыянальныя святы. Ажыццяўляецца праграма па рэканструкцыі і перааснашчэнні дзяржаўных тэатраў, музеяў і іншых аб’ектаў, прымаюцца дзяржаўныя праграмы, напрыклад, «Культура Беларусі», якая вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця і фінансавання культурнай сферы. Нельга не адзначыць той факт, што сёння культура адыгрывае і ідэалагічную ролю, бо разглядаецца як важны інструмент для ўмацавання адзінства нацыі і перадачы традыцыйных каштоўнасцей, такіх як працавітасць, любоў да Радзімы і міралюбнасць.
Юлія ЖУКАВЕЦ, намеснік дырэктара Старадарожскай раённай цэнтральнай бібліятэкі:
— У шэрагах дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ― прадстаўнікі розных рэгіёнаў, прафесій, працоўных калектываў, нават розных пакаленняў. Менавіта гэта робіць УНС сапраўдным зрэзам беларускага грамадства, падкрэслівае яго адзінства. Сход — унікальны механізм народаўладдзя — заўсёды вырашаў глабальныя задачы. Галоўныя тэзісы і ключавыя вектары я вывучыла ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады. Мне асабліва важна было даведацца аб далейшых кірунках развіцця сацыяльнай палітыкі, культурнай сферы. У нашай краіне сёння ўсё робіцца для таго, каб кожны чалавек адчуваў падтрымку дзяржавы. Культурны і сацыяльны аспекты жыцця грамадства атрымалі годнае адлюстраванне ў праграме развіцця на будучую пяцігодку, што не можа не радаваць.
Наталля ПІНЧУК, загадчык філіяла «Звяняцкі сельскі клуб» Хойніцкага раённага дома культуры:
— Сёння мы беражом усё, што захавалася, і стараемся памнажаць зробленае. Толькі ў нашай вёсцы Звяняцкае амаль 80 жыхароў і каля трыццаці дзяцей школьнага ўзросту, жывуць шматдзетныя сем’і. Адным з галоўных сацыяльна значных аб’ектаў для вяскоўцаў нашага Звяняцкага застаецца сельскі клуб. Арганізуем не толькі культурна-масавую работу, самыя розныя мерапрыемствы... Прыходзяць людзі з навінамі, ідэямі, пытаннямі, праблемамі, калі нешта трэба ці штосьці здараецца.
Ганаруся тым, з якой адкрытасцю і самаадданасцю мае землякі гатовы даглядаць, добраўпарадкоўваць родную зямлю. Таму для мяне як дэлегата ўдзел у VII Усебеларускім народным сходзе ― гэта безумоўна вялікая адказнасць перад маімі землякамі, якія вераць, што я змагу перадаць тое, чым яны жывуць.
Наталля СЦЕРЖАНКОВА, народны майстар Беларусі, метадыст Шумілінскага Дома рамёстваў:
— Пакуль у Беларусі будуць жыта і пшаніца, майстры па саломапляценні будуць ствараць з іх сцёблаў залацістыя сувеніры — прывітанне з нашай прыгожай, добразычлівай краіны. Я больш за 20 гадоў займаюся любімай справай, пляту з саломы. Пяцігодку, якая мінае, лічу надзвычай паспяховай для ўсіх прыхільнікаў гэтага майстэрства: напрыканцы 2022 года ЮНЕСКА ўключыла намінацыю «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» у Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Для мяне асабіста пяцігодка таксама значная, бо два гады таму Беларускі саюз майстроў народнай творчасці ўганараваў мяне званнем «Народны майстар Беларусі», а летась я перамагла ў абласным конкурсе «Папараць-кветка», што прайшоў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
Усё гэта стала магчымым дзякуючы пастаяннай падтрымцы ўстаноў і работнікаў сферы культуры. Як чалавека нераўнадушнага мяне цікавіць, што ж будзе далей? Таму я сачыла за ходам агульнанацыянальнага дыялогу «Вобраз будучыні Беларусі 2026–2030», падчас якога ішло абмеркаванне праекта Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на наступную пяцігодку.
На вялікі сход еду з перакананнем, што Прэзідэнт і Урад будуць прытрымлівацца курсу на падтрымку культуры як сферы, якая найбольш яскрава дэманструе самабытнасць і ўнікальнасць нашага народа.
Кацярына СЫЧЭЎСКАЯ, рэжысёр заслужанага аматарскага калектыву ўзорнага тэатра эстрады «Кропелька» філіяла «Мірскі сельскі Дом культуры» Баранавіцкай раённай клубнай сістэмы:
— Другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу — адна з найважнейшых палітычных падзей. Мне як прадстаўніку моладзі ад ГА «БРСМ» вельмі ганарова і адказна знаходзіцца ў складзе дэлегатаў, падводзіць вынікі мінулай пяцігодкі і вызначаць стратэгічныя мэты на будучыя пяць гадоў, якія скіраваны на развіццё дзяржавы і паляпшэнне якасці жыцця беларусаў. Ключавыя моманты сацыяльна-эканамічнага развіцця базіруюцца на людзях, іх добрасумленным стаўленні да справы, жыццёвай пазіцыі, працы. Мне як чалавеку, які працуе ў сферы культуры, важна пачуць усё, што тычыцца патрыятычнага выхавання моладзі, захоўвання гістарычнай памяці і культурнай спадчыны, мадэрнізацыі ўстаноў культуры, паляпшэння якасці паслуг і развіцця аматарскага мастацтва.
Вельмі важна захаваць гэтае багацце для будучых пакаленняў і зрабіць так, каб наша краіна станавілася яшчэ больш моцнай і прыгожай.
Аляксандр ШАСТАКОЎ, генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы:
— Лічу, што ўдзел прадстаўнікоў сферы культуры ва Усебеларускім народным сходзе, у такой гістарычнай падзеі, падчас якой вызначаецца вектар развіцця Рэспублікі Беларусь на наступныя пяць гадоў, вельмі значны для краіны. Сёння асабліва важна абмеркаваць рэалізацыю турыстычнага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь. Гэта значны складнік сацыяльна-эканамічнага развіцця, і свой унёсак павінна зрабіць кожная ўстанова культуры.
Так, у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы мы працуем над стварэннем адзінай экасістэмы, прапаноўваем наватарскія падыходы да павелічэння глядацкай аўдыторыі з улікам інтарэсаў новага пакалення тэатралаў. Для гэтага дзейнічаем не толькі як сцэнічная пляцоўка, але і як цэнтр прыцягнення творчых ідэй і важнае звяно ў турыстычнай індустрыі. Дзякуючы такому падыходу наша ўстанова развіваецца. А культура — гэта не толькі скарбніца выдатных узораў розных відаў мастацтва, а яшчэ і ўнутраная культура, асаблівае паважлівае стаўленне да жыцця чалавека, да роднай мовы, да працы на карысць Радзімы. І пра гэта трэба казаць са сцэны.