Жыхары Уздзеншчыны памятаюць знакамітага земляка Пятра Глебку (6 ліпеня 1905 г. — 18 снежня 1969 г.), таму тут заўсёды адзначаюцца юбілейныя даты пісьменніка, грамадскага дзеяча і акадэміка АН БССР, які нарадзіўся ў вёсцы Вялікая Уса (цяпер — Уздзенскі раён Мінскай вобласці).
27 чэрвеня 2025 года да чарговай 120-гадовай юбілейнай даты знакавай для Уздзеншчыны асобы П. Глебкі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы
імя П. Труса прайшлі літаратурна-краязнаўчыя чытанні. Гучалі вершы паэта, быў праведзены флэшмоб паводле вядомага верша «Пасылка»; шмат распавядалася пра лёс і творчасць пісьменніка, пра ўшанаванне яго памяці і захаванне спадчыны на малой радзіме, у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Адкрыў мерапрыемства старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос, які сказаў шмат добрых слоў пра Пятра Глебку і яго творчасць, зачытаў урыўкі з найбольш вядомых твораў пісьменніка.
На мерапрыемства завіталі людзі, неабыякавыя да творчасці пісьменніка-земляка, які пачынаў сваю літаратурную дзейнасць, як і большасць беларускіх аўтараў тых часоў, з літаратурнага аб’яднання «Маладняк», потым — «Узвышша». Пра Пятра Глебку, яго раннюю паэзію і першыя літаратурныя зборнікі расказала літаратуразнаўца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык.
Найбольш значны ўнёсак Пётр Фёдаравіч зрабіў у гуманітарную навуку: узначаліў групу па складанні «Руска-беларускага слоўніка» ў Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва ў 1953 годзе; працаваў дырэктарам Інстытута мовазнаўства, пазней — Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР; ініцыяваў і браў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы плана выдання зводу беларускага фальклору, дзякуючы яму серыя «Беларуская народная творчасць (БНТ)» налічвае сёння каля 50 тамоў. Пра гэты бок яго працы і ўшанаванне памяці акадэміка ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі расказала аўтар гэтых радкоў, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі адукацыі. Ва ўстанове створаны мемарыяльны кабінет пісьменніка, дзе захоўваецца асабістая бібліятэка
Глебкі, якая налічвае каля 4000 экзэмпляраў выданняў на беларускай, рускай, украінскай і іншых мовах, надрукаваных у 1904–1960-я гады; інтэр’ер самога кабінета захаваны такім, якім быў яшчэ пры жыцці літаратара. На афіцыйным сайце бібліятэкі ў 2020 годзе створаны «Віртуальны мемарыяльны кабінет П. Ф. Глебкі».
Яшчэ адзін госць бібліятэчных чытанняў — ганаровы архівіст Беларусі Ганна Запартыка — расказала пра асабістае знаёмства з жонкай Глебкі Нінай Іларыёнаўнай; пра матэрыялы, прысвечаныя Глебку, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, а таксама пра даследаванне ёю асобных літаратурных твораў паэта.
Галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Амосава прэзентавала агляд фонду Пятра Глебкі, які захоўваецца ў галоўнай кніжніцы краіны. Цікава, што там можна знайсці не толькі кніжныя выданні, але і выяўленчыя, нотныя дакументы.
Такім чынам, літаратурная, грамадская і навуковая дзейнасць Пятра Глебкі спрыяла захаванню гістарычнай памяці і духоўнай культуры нашага народа, навуковаму даследаванню айчыннай літаратуры. Ён належыць да тых асоб, хто фарміраваў нацыянальную інтэлектуальную эліту, яго постаць — прыклад спалучэння творцы і навукоўца.
Таццяна ЛАЎРЫК
Фота з сайта Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса