У далёкім 1925 годзе газета «Звязда» паведаміла пра важную гістарычную падзею — адкрыццё першай музычнай школы ў Мінску. За стагадовую гісторыю сваёй дзейнасці Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 імя Л. П. Александроўскай зрабіла значны ўнёсак у станаўленне нацыянальнай сістэмы адукацыі і эстэтычнага выхавання моладзі. Сёння ўстанова з’яўляецца вядучым метадычным цэнтрам музычнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, мае багатую спадчыну і славіцца педагагічнымі традыцыямі, дзякуючы якім яна стала сапраўднай кузняй талентаў, якія праславілі сваю краіну на вялікіх сцэнах свету.
Мінулае
Пастанаўленнем Народнага камісарыята асветы БССР ад 19 лютага 1926 года № 27 з 1 студзеня гэтага ж года ў сетку навучальных устаноў была ўведзена Мінская музычная школа, якая сёння носіць імя Ларысы Пампееўны Александроўскай. З гэтага моманту яна непарыўна звязана з дасягненнямі беларускага нацыянальнага музычнага мастацтва і з’яўляецца адной з найбольш вядомых і аўтарытэтных устаноў музычнай адукацыі ў нашай краіне.
Першапачаткова ў школе навучалася каля 200 вучняў. Для малазабяспечаных дзяцей была ўведзена квота на бясплатную адукацыю. Першым дырэктарам стаў вядомы дзеяч культуры, музыкант-віяланчэліст Барыс Фідлон, пад яго кіраўніцтвам былі адкрыты фартэпіяннае і струнна-смычковае аддзяленні. У гэты ж час у школе выкладаўся хор як агульная дысцыпліна для ўсіх спецыяльнасцей.
Даваеннае жыццё школы было насычана творчымі падзеямі: канцэрты, сустрэчы з кампазітарамі, асветніцкая работа. Сярод творчых калектываў асабліва вылучаліся дзіцячы хор і струнныя ансамблі.
У 1940 годзе інструментальную струнную групу і хор запрасілі для ўдзелу ў канцэрце І Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Разам з вучнямі выступіла народная артыстка СССР Ларыса Александроўская, чыё імя было прысвоена ўстанове ў 1945-м у гонар 25-годдзя творчай дзейнасці опернай спявачкі.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны будынак школы быў разрабаваны акупантамі, інструменты і бібліятэчны фонд цалкам знішчаны. Аднак ужо ў 1944 годзе ў цяжкіх абставінах школа аднавіла сваю дзейнасць. У гэты няпросты для ўсёй краіны час былі створаны неабходныя ўмовы для работы школы: своечасовае фінансаванне, укамплектаванне педагагічнымі кадрамі, забеспячэнне абсталяваннем і музычнымі інструментамі.
— Разважаючы пра стагадовую гісторыю школы, міжволі задаешся пытаннем: які яе перыяд стаў найбольш яркім і плённым? І калі я праглядала архівы, аналізавала творчыя дасягненні, то вылучыць нейкі канкрэтны прамежак часу не атрымалася. Кожнае дзесяцігоддзе — гэта сапраўдны прарыў у нацыянальнай дзіцячай музычнай адукацыі. Можна ўявіць, у якіх умовах працавала школа першыя гады, якія былі складанасці з неабходным інструментарыем, з такім розным ўзроўнем адукацыі дзяцей. Але, нягледзячы на гэта, школа актыўна развівалася, быў створаны шэраг ініцыятыў. У перадваенныя гады вучні прадэманстравалі свае поспехі на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве, а ўстанова на той момант працавала толькі 15 гадоў! Пасля вайны дзейнасць першай музычнай школы хутка аднавілася, нягледзя-
чы на цяжкія ўмовы і разбурэнне. Але ўражвае нават не гэта, а дзеці, якім даводзілася ў такі складаны час ісці на ўрок музыкі праз зруйнаваны горад. Падчас знаёмства з архівамі мы знайшлі відэахроніку выступлення вучняў нашай школы ў 1950-я гг. І я не магу сказаць, што яны іграюць горш за сучасных дзяцей, для якіх сёння створаны ўсе ўмовы. Такім чынам, калі разглядаць кожнае дзесяцігоддзе, можна знайсці нешта цікавае, — расказала дырэктар Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л. П. Александроўскай Ала Майсцер.
Сучаснасць
За сваю стагадовую гісторыю музычная школа набыла рысы, якія дазваляюць ахарактарызаваць яе як унікальную сістэму, што забяспечвае плённае супрацоўніцтва вучняў і настаўнікаў, іх сумеснае развіццё і творчы рост.
Сёння на базе ўстановы дзейнічаюць тры адзяленні: інструментальнае харавое, мастацтва эстрады. Вучні штогод прымаюць актыўны ўдзел у гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях, геаграфія якіх пастаянна пашыраецца і ахоплівае ўсё новыя рэгіёны і краіны.
Асаблівай папулярнасцю сярод юных музыкантаў карыстаюцца гітара і ўдарныя інструменты, з кожным годам расце зацікаўленасць эстрадным вакалам. Аднак фартэпіяна, скрыпка і віяланчэль таксама не страчваюць сваёй прывабнасці і застаюцца класікай музычнай адукацыі.
— Многія дзеці, калі толькі прыходзяць у музычную школу і выбіраюць спецыяльнасць, не ведаюць, як гучыць той ці іншы інструмент. Таму мы пастаянна праводзім аглядныя экскурсіі, падчас якіх будучыя музыканты могуць пазнаёміцца з распаўсюджанымі і не вельмі інструментамі. Часта так бывае, што вучні выбіраюць не тое, што планавалі раней. І гэта вельмі добра, бо дзеці спасцігаюць новыя гарызонты, з чаго і пачынаецца іх самастойны шлях у свет акадэмічнай музыкі, — заўважыла дырэктар школы.
З лепшымі нумарамі дзеці традыцыйна выступаюць на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, канцэртнай залы «Верхні горад». Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца тэматычныя мерапрыемствы, дзе вучні выступаюць як выканаўцы, кампазітары, арганізатары і ўдзельнікі інтэрактыўных праектаў.
Сёння ў школе існуюць пяць узорных калектываў: хор «Тоніка», аркестр народных інструментаў, духавы аркестр «Ліра», ансамбль балалаек «Залатая горка», ансамбль ударных інструментаў «Рымшот». Актыўна выступаюць і вучэбныя калектывы.
— Вучыцца ў музычнай школе — справа няпростая. Але тыя, хто ўсвядомлена выбірае гэты шлях, дасягае немалых вышынь. Акрамя таго, што музычная адукацыя развівае памяць, дысцыплінаванасць, працаздольнасць, яна вучыць дзяцей мысліць вобразна, пашырае спектр эмоцый, што значна ўзбагачае іх унутраны свет. Школа фарміруе вельмі важнае ўменне, не толькі ў музыцы, але і ў паўсядзённым жыцці — слухаць людзей, якія побач, — лічыць Ала Майсцер.
Будучыня
— Можна толькі здагадвацца, што чакае школу далей. З аднаго боку, 100 гадоў — лёсавызначальная дата, якая адлюстроўвае багатую гісторыю і традыцыі. З іншага, гэта можна разглядаць як новы арт-старт як для нашай установы, так і для музычнага выхавання дзяцей і моладзі сталіцы. 100-годдзе — гэта моцны фундамент, на якім можна выбудаваць сучасную сістэму музычнай адукацыі, што цалкам адпавядае запытам акадэмічнага мастацтва, а самае галоўнае — культурнаму коду краіны, — падкрэсліла кіраўнік установы.
Але грунтуючыся на дасягненнях сённяшняга дня, можна смела казаць, што наперадзе ў школы яшчэ не адно яркае стагоддзе. Дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў № 1 падзялілася планамі на бліжэйшы час:
— Некалькі гадоў назад мы арганізавалі праект «Акадэмія старадаўняй музыкі» і вельмі хочацца яго працягнуць. Праект з’явіўся не проста так. У нашай школе дзеці знаёмяцца з асаблівасцямі арганнай музыкі. Нядаўна ў нас з’явіўся клавесін і на фартэпіянным адзяленні загучалі даўно забытыя матывы «Полацкага сшытка». Канешне, сёння на электронных інструментах мы можам узнавіць усе гэтыя тэмбры, аднак для сапраўднага музыканта новы інструмент гэта не толькі гук, гэта яшчэ каардынацыйнае і тактыльнае ўспрыманне, асаблівы эмацыянальны досвед, які ўзнікае ў блізкім кантакце з акустычным інструментам. У будучыні вельмі хацелася дадаць у школьны інструментарый не распаўсюджаныя ў музычным быце лютню, арфу, званіцу і іншыя. Другі праект «Для дзяцей і ўсёй сям’і», які мы праводзім ужо тры гады, арыентаваны на вучняў і іх бацькоў, бо немагчыма аддаць дзіця ў музычную школу і самому не паглыбіцца ў свет мастацтва. Гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца ўсёй сям’ёй з дзіцячым музычным выкананнем. Абавязкова ў праграму мерапрыемстваў стараемся прыўнесці асвету: расказваем, што значыць вучыцца музыцы, што адчувае дзіця ў першы раз на сцэне, як ставіцца і правільна ацэньваць дзіцячыя дасягненні ў музычнай сферы. Думаю, у гэтага праекта вялікі патэнцыял, ён здольны стаць сапраўднай платформай для аб’яднання сям’і вакол музыкі, дзе бацькі і дзеці разам адкрываюць для сябе новыя мастацкія ўражанні, вучацца лепш разумець адно аднаго і падтрымліваць у творчым развіцці.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота з архіва Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 1 імя Л. П. Александроўскай