Top.Mail.Ru

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ: «Быць дэлегатам УНС – ганарова і адказна»

11.12.2025 | 16:28

18-19 снежня ў Мінску адбудзецца другое пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу. Мы пацікавіліся ў дэлегата форуму, члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, кіраўніка рабочай групы Нацыянальнага сходу па справах замежжа, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужанага деяча культуры Уладзіміра Гаўрыловіча, што ён чакае ад гэтай знакавай у жыцці грамадства падзеі.

— Уладзімір Мікалаевіч, завяршаецца 2025 год. Ён пачаўся з выбараў кіраўніка дзяржавы. Сімвалічна, што завяршаецца правядзеннем Усебеларускага народнага сходу. Як ён пражыты, на ваш погляд?

— Няпросты для краіны, але, упэўнены, для большасці нашых грамадзян 2025-ы быў стабільным і шчаслівым. Увогуле, шмат што можна тут успомніць... 

Вось вы згадалі прэзідэнцкія выбары. Памятаеце, у якой сітуацыі яны праходзілі? Мы — у цэнтры геапалітычнага разлому. Супраць нас уведзены лютыя санкцыі. Што робіць наш мудры народ? Паказвае ўсяму свету стабільнасць, жаданне жыць па сваіх законах і рэкордны давер беларускага народа Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. А гэта было архіважна: нам патрэбен быў менавіта такі моцны лідар, які змог аб’яднаць самых розных людзей, зрабіць іх адзіным цэлым, зарадзіць сваёй стваральнай энергетыкай. І такі лідар у нас быў і ёсць! Адначасова ў няпростых умовах выбудавана і новая сістэма дзяржаўнага кіравання, асновай якога стаў вышэйшы орган народаўладдзя — Усебеларускі народны сход, традыцыйны для беларусаў інстытут па прынцыпе Народнага веча. 

Так, кардынальныя змены, якія адбыліся за апошнія некалькі гадоў на знешнім контуры, сфарміравалі новую глабальную рэальнасць, і, зразумела, не маглі істотна не паўплываць на сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі. Гэта — ланцужок... Аднак нацыянальная эканоміка вытрымала выпрабаванне часам і даказала сваю ўстойлівасць. Дзякуючы сацыяльнай палітыцы, якая дзяржавай і нашым лідарам праводзіцца, Беларусь захавала сваю пазіцыю ў групе краін з вельмі высокім узроўнем развіцця. Гэта — нямала. А яшчэ? Тое, што мы, беларусы, нягледзячы на праблемныя моманты, якія ёсць (мы бачым недахопы, праблемныя кропкі і своечасова праводзім работу над памылкамі!), павышаем дабрабыт грамадзян, жывём пад мірным небам, працуем на карысць сваіх сем’яў, народа, дзяржавы, што ў нас ціха і спакойна на вуліцах, нягледзячы на няспынныя спробы ўплываць на нашу палітычную бяспеку пэўнымі дэструктыўнымі сіламі, — гэта вялікае дасягненне. 

Калі гаварыць пра дэпутацкі корпус, то аператыўна, абапіраючыся на прапановы нашых грамадзян, на запатрабаванні часу, прымаюцца важныя законапраекты ў розных сферах, у тымліку звязаныя і з нацыянальнай бяспекай. Краіна ажыццяўляе шматвектарную, я б сказаў, гнуткую знешнюю палітыку: мы робім крок насустрач сябрам, узаемадзейнічаем з тымі, хто не адгароджваецца ад нас спецыяльна выбудаванымі металічнымі сценамі на граніцах, хто па надуманых прычынах не блакіруе пагранічныя пераходы, хто не закрываецца ад нас. І тых, хто выбудоўвае з намі канструктыўны дыялог і ўзаемавыгадна супрацоўнічае, усё ж болей. 

— Падчас другога пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу плануецца зварот Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і парламента. Што чакаеце ад гэтай падзеі? 

Пачну здалёк... Я быў некалі дэлегатам V Усебеларускага народнага сходу. Выступленне кіраўніка дзяржавы і тады было яркім, смелым, своечасовым. І самае галоўнае — задачы, якія ставіў Аляксандр Лукашэнка перад краінай, выкананы. Беларусь нарасціла эканамічны патэнцыял, развіццё мы адчувалі ва ўсіх сферах. Расла эканоміка — рос дабрабыт грамадзян. 

Я нарадзіўся ў вёсцы, мама працавала на калгаснай ферме, і я там правёў усё дзяцінства. Але не мог і падумаць яшчэ 10 гадоў таму, што мы, маленькая Беларусь, у 2025 годзе ўвойдзем у топ-10 экспарцёраў малакапрадуктаў, у тым ліку дзякуючы будаўніцтву сучасных высокатэхналагічных малочна-

таварных комплексаў! Магу шмат прывесці прыкладаў руху наперад і ў іншых галінах. А пра гэта ж гаварылася на Народным вечы. І тады некаторыя ў падобнае не верылі. 

І цяпер як дэлегат ужо VІІ Усебеларускага народнага сходу, калі на наша жыццё так жорстка ўздзейнічаюць знешнія праблемы, калі заходнія суседзі забыліся, што для іх вызвалення 80 гадоў таму зрабіў савецкі салдат, і калі мы вымушаны адстойваць гістарычную праўду ды даваць адпор новаму фашызму, калі сфарміравана няпростая глабальная негатыўная рэальнасць з пагрозлівым бразганнем зброі каля нашых меж, з хваляваннем зноў чакаю слова чалавека, якому давяраю, як старэйшаму мудраму брату. Перакананы: зварот Прэзідэнта будзе хвалюючым, лагічным, перспектыўна правільным. Аляксандр Рыгоравіч не раз даваў нам урокі мудрасці! Важна, каб мы прыслухаліся да сказанага. 

Насуперак заходнім прагнозам сёння ў нас ёсць трывалыя зачыны будучага развіцця ва ўсіх сферах. 

Лічу, што УНС ― унікальны фармат дыялогу і стратэгічнага планавання, дзейсны інстытут прамой дэмакратыі. Ён дазваляе пачуць голас кожнага рэгіёна, атрымаць зваротную сувязь ад людзей, якія жывуць у самых розных кутках нашай краіны. Рашэнні, што будуць тут прыняты, стануць асновай для карэкціроўкі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця і заканадаўчых ініцыятыў. 

— На сходзе будзе зацверджана Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку, з праектам якой дэлегаты ўжо мелі магчымасць азнаёміцца... 

— Так, новая Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2026-2030 гады, якую прапусціў праз сэрца ўжо кожны дэлегат, вельмі няпростая для выканання, але рэальная. Гэта, упэўнены, падкрэсліць і наш лідар. Беларусы — працавітая нацыя, у нас ніколі не любілі гультаёў. І мы разумеем, што на сподачку нам ніхто нічога не дасць. Разам з тым павінны разумець, што прынятае стане для кожнага з нас законам, які кожнаму трэба будзе напаўняць працоўнымі поспехамі. Задача ў нас адзіная: зрабіць нашу родную Беларусь яшчэ больш шчаслівай і самай прыгожай краінай. 

У Праграме ўлічаны дасягненні мінулых гадоў, мы базіруемся на аналізе перспектыў сучаснага развіцця, выяўляем актуальныя праблемы і накіраваныя на іх вырашэнне дзеянні. Таму, перакананы, гэты дакумент будзе зразумелы кожнаму. У аснове сучаснай стратэгіі развіцця — пяцігодка якасці як адказ на сучасныя выклікі, аснова нацыянальнага суверэнітэту і новага жыццёвага ўзроўню беларусаў.

— А якія важныя моманты, адлюстраваныя там, вас асабліва хвалююць?

Мяне не можа нешта адно хваляваць. Усе моманты — важныя! Ключавая канцэпцыя новай пяцігодкі — сфарміраваць самадастатковую і канкурэнтаздольную дзяржаву, у цэнтры ўвагі якой — чалавек. Так, мы не адыходзім ад сацыяльных аспектаў, наадварот, жадаем як мага хутчэй перайсці да новага ўзроўню жыцця кожнага беларуса. Беларусь павінна стаць краінай з развітой лічбавай індустрыяй і тэхналагічнай структурай, уласнымі прарыўнымі тэхналогіямі. І пачатак тут пакладзены!

Безумоўна, дасягненне пастаўленай мэты патрабуе цеснага і канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржавы, бізнесу і грамадства, аб’яднання намаганняў усіх слаёў насельніцтва для эфектыўнага вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Найважнейшай умовай з’яўляецца строгая факусіроўка працы і канцэнтрацыя рэсурсаў на ключавых прыярытэтах, вызначаных праграмай. Невыпадкова пры яе падрыхтоўцы выпрацавана сем ключавых прыярытэтаў, і ўсе — падкрэслю — вельмі важныя. Сярод іх ― нацыянальная дэмаграфічная бяспека насельніцтва, умацаванне здароўя нацыі і падтрымка сям’і, развіццё чалавечага патэнцыялу, якаснай адукацыі, выхаванне гарманічнай і патрыятычнай асобы, стварэнне зручнага асяроддзя для жыцця, рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя. Калі будуць слабыя рэгіёны — ці можа быць моцнай дзяржава? Не. Таму вялікая ўвага гэтаму напрамку. Калі не дбаць пра ўмацаванне абароназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі — будзеш карміць чужую армію. Гэта аксіёма. Наша Беларусь захавала аўтэнтычнасць і ўвайшла ў лік пяцідзесяці самых папулярных у турыстаў краін. Шмат робіцца ў гэтым кірунку, але нам і надалей трэба рэалізоўваць турыстычны патэнцыял. 

― Кіраўнік дзяржавы на Прэзідыуме УНС звярнуў увагу, што сход фарміруецца ў тым ліку з членаў парламента, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Наколькі важна, на ваш погляд, каб сярод дэлегатаў былі і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі?

Быць дэлегатам УНС — ганарова і адказна. Вялікі давер людзі аказваюць тым, каго паважаюць у тым ці іншым калектыве за працавітасць,за любоў да Радзімы, за актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, за жаданне зрабіць шмат карыснага для дзяржавы і людзей. 

І пісьменнікі тут не выключэнне. 

На форуме будуць працаваць некалькі нашых майстроў слова. Перакананы: яны могуць і павінны ў сваіх творах данесці да шырокіх слаёў насельніцтва эпахальнасць такой важнай падзеі і рэалізацыі прынятых рашэнняў. 

Валянціна КАНСТАНЦІНАВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю