You are here

Адбыўся выпускны у курсантаў сувораўскага ваеннага вучылішча


14 чэрвеня ва ўстанове адукацыі «Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча» адбыўся 68-ы выпуск сувораўцаў. Атэстаты атрымалі 49 выпускнікоў.


— Мы першы раз вырашылі зрабіць урачысты выпуск менавіта на плошчы Дзяржаўнага флага. Гэта знакавае месца для кожнага беларуса, які сапраўды з’яўляецца патрыётам сваёй краіны, а вучылішча рыхтуе менавіта будучую эліту Узброеных Сіл, будучыню афіцэрскага корпуса Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, — расказаў аб выбары месца правядзення мерапрыемства начальнік Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Дзмітрый Кучук.

Сярод сувораўцаў выпускной роты тры медалісты. Пераможцы спартыўных, ваенна-прыкладных відаў спорту сярод кадэцкіх вучылішчаў, сувораўскага вучылішча і спецыялізаваных ліцэяў. Прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў па праграмах зімовага і летняга мнагабор’я «Абаронца Айчыны».

Па традыцыі выпускнікі сувораўскага вучылішча станцавалі вальс, развіталіся з педагогамі і далі абяцанне шанаваць звычаі кадэцкага брацтва і заставацца патрыётамі сваёй краіны.

— Калі я ўпершыню пабываў на парадзе і ўбачыў сувораўцаў, мяне ўразілі іх стальная вытрымка, брацкі дух і форма, якую яны носяць з гонарам. Бацькі падтрымалі мой выбар, і гэта надавала мне сілы. Я змог паспяхова здаць уступныя іспыты, тым самым паступіўшы ў сувораўскае вучылішча. Калі казаць шчыра, першы час было цяжка вучыцца з-за нязвыклага распарадку дня і галоўнай праблемы сярод моладзі — адсутнасць тэлефона. У далейшым, планую звязаць сваё жыццё з ваеннай службай і паступіць у ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь на факультэт ваеннай разведкі, — падзяліўся сваёй гісторыяй адзін з выпускнікоў Захар Ганчар. 

— Нейкай канкрэтнай мэты або прычыны для паступлення ў мяне не было. Аднак я не шкадую аб сваім выбары, гэтыя пяць гадоў прайшлі даволі насычана. Мы бралі ўдзел у розных мерапрыемствах, і часу на нуду проста не было. Больш за ўсё эмоцый і ўспамінаў у мяне звязана з паездкай у ваенна-патрыятычны лагер, дзе мы тры тыдні з хлопцамі змаглі адпачыць. У будучыні хачу прадоўжыць навучанне на ваенным факультэце ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі. А хлопцам, якія хацелі б паступіць у сувораўскае вучылішча, магу сказаць адно, галоўнае спрабаваць і не баяцца, усё абавязкова атрымаецца, — расказаў выпускнік Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча Цімафей Шэнькоў.

— Я прыехаў з Брэсцкай вобласці горада Драгічына. Пасля заканчэння сувораўскага вучылішча хачу паступіць у Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на ваенна-тэхнічны факультэт і быць ваенным фінансістам. Мне вельмі запомніліся нашы паездкі на парады Перамогі. У гэтым годзе нам удалося пабываць у Кемерава. Дарога на цягніку была даволі цяжкая, але нягледзячы на гэта, яна толькі больш гуртавала нас. Цяпер нават неяк сумна ўсведамляць, што прыйшоў момант растання, цяжка апісаць такія эмоцыі. Магу сказаць, што нават пасля аднаго года навучання тут свет стаў адчувацца зусім па-іншаму. І калі б мне прапанавалі яшчэ раз адвучыцца тут, я б без сумневаў пражыў бы гэта яшчэ раз, — падзяліўся сваімі эмоцыямі выпускнік Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча Серафім Базака.

У сценах вучылішча пуцёўку ў жыццё атрымалі больш за 15 тысяч юнакоў, з якіх каля 370 сувораўцаў скончылі вучылішча з залатым медалём. Больш за 80 выпускнікоў сталі генераламі, каля 160 — кандыдатамі навук, дацэнтамі і прафесарамі.

Урбан Кацярына 

Фота аўтара