You are here

Паэзія як сімвал свята


Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечна — штогадовая яркая культурная падзея, якая аб’ядноўвала лепшых творцаў краіны.


Чаканае месца для сустрэч паэтаў — Вязынка. На паклон да помніка Песняру ідуць паслядоўнікі яго творчасці. І тут велічна, узнёсла гучыць роднае слова пра адвечныя каштоўнасці, якія ў душы , у характары, у ладзе жыцця беларусаў.

— Адметнасць кожнай такой сустрэчы, — кажа Міхась Пазнякоў, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, магчымасць зрабіць пэўную справаздачу перад класікам нацыянальнай літаратуры, і ў той жа час наталіцца прыгажосцю Купалаўскай зямлі, дзе кожная сцяжынка, дрэва, лісток дыхаюць натхненнем.

У святочным Маладзечна што ні пляцоўка, а імі багата напоўнены вуліцы горада, то астравок цікаўнасці. Шмат цікавостак з нацыянальнага, народнага — майстры розных жанраў, на розных густ прапаноўваюць сувеніры, забаўляльныя гульні, весяць песняй, клічуць у карагод.

Паэтычная дэлегацыя на чале з Аленай Стэльмах, першым намеснікам старшыні СПБ, накіроўваецца ў Маладзечанскую бібліятэку, каб у кніжным храме падзівіцца новымі творамі маладзечанскіх мастакоў, адлюстраваўшых на сваіх палотнах літаратурныя мясціны тутэйшага краю.

Падарунак бібліятэцы ад дэлегацыі СПБ — Анталогіі літаратур краін СНД. Гэта ўнікальнае выданне знойдзе дастойнае месца на бібліятэчнай паліцы, а галоўнае — чытач атрымае магчымасць паглыбіцца ў свет вялікіх ведаў, праз літаратуру здзейсніць шматлікія падарожжы ў краіны нашых сяброў.

Гасцінна перад паэтамі расчыніла дзверы Маладзечанская музычная школа. І тут падчас літаратурнай імпрэзы «Пад сцягам Перамогі» паэзія гучала на поўную моц ад прызнаных майстроў слова Міхася Пазнякова, Уладзіміра Мазго, Іны Фраловай, так і таленавітая моладзь дзялілася душой напісанымі радкамі.

Наогул, Саюз пісьменнікаў Беларусі робіць актыўную стаўку на творчую моладзь. Аб чым сведчыць і літаратурны конкурс сярод маладых паэтаў, прысвечаны М. Мятліцкаму. У фестывальны Маладзечна былі запрошаны пераможцы ІІ Рэспубліканскага конкурсу. На літаратурным небасхіле загараюцца новыя зорачкі.

І гэта асабліва знакава ў год 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Марыя ЛІПЕНЬ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА