Пажарная часць абсталявана сучаснай пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікай і абсталяваннем, што дасць магчымасць рэагаваць не толькі на пажары, але і любыя іншыя надзвычайныя сітуацыі, у тым ліку на вышыні, тым самым забяспечваючы бяспеку жыхароў новага раёна на належным узроўні. Аб’ект уяўляе сабой будынак пажарнага дэпо з прыбудаванай вежай для сушкі рукавоў, сумешчанай з вучэбна-трэніровачнай вежай і скаладромам, гаража-стаянкі на восем выездаў, паста тэхнічнага абслугоўвання аўтатранспарту, памяшканняў ПАВЧ-32, памяшканняў для размяшчэння інжынерна-інспектарскага складу і па надзвычайных сітуацыях.
Адкрываючы пажарную часць, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі звярнуў увагу на тое, што ў нашай краіне ў апошнія гады адкрываецца вялікая колькасць сацыяльных аб’ектаў. «Эканамічная моц дзяржавы, сацыяльная палітыка Прэзідэнта, урада, мясцовых улад накіраваны толькі на адно — зрабіць жыццё нашых грамадзян лепшым і камфортным, — падкрэсліў ён. — Адкрываючы падобныя аб’екты, мы імкнёмся дасягнуць толькі аднаго — быць своечасова там, дзе трэба аказаць дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду. Быць аператыўнымі, смелымі, умелымі, падрыхтаванымі, навучанымі, добра экіпіраванымі і абсталяванымі — гэта было б немагчымым без такой найсур’ёзнейшай падтрымкі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Кіраўнік ведамства выказаў удзячнасць за дапамогу ва ўзвядзенні аб’екта ўладам горада. «Мы пастараемся стварыць добрыя ўмовы для службы асабовага складу, для людзей, якія 24/7 выконваюць задачы па аказанні дапамогі грамадзянам, — падкрэсліў Вадзім Сіняўскі. — Грамадзяне, якія сюды прыбываюць, павінны адчуваць сябе камфортна і разумець, што ратавальнікі заўсёды побач і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу».
Па словах старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра Кухарава, ужо стала добра традыцыяй адкрываць перад Днём горада аб’екты. «Усе аб’екты патрэбныя, але няма нічога больш важнага, чым бяспека нашых людзей, — падкрэсліў ён. — Тое, што робіце вы, супрацоўнікі органаў МНС, гэта вельмі важна. Вы сваім прыкладам, сваёй мужнасцю, гераізмам кожны дзень даказваеце, што вы — годныя супрацоўнікі МНС, бо вы робіце высакародную справу — ратуеце людзей. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што органы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях забяспечваюць бяспеку нашых людзей».
Уладзімір Кухараў выказаў упэўненасць у тым, што пажарнае дэпо стане дапамогай ратавальнікам у іх нялёгкай службе і падзякаваў ім за тое, што яны робяць.
Вераніка КАНЮТА
Фота Віктара ДРАЧОВА