Вы здесь

Марыя Савіна: Мінск, мілы Мінск мне апрацівеў…


Марыя Савіна — легендарная руская актрыса 19 — пачатку 20 стагоддзя. У свой час пра яе пісалі: «Савіна стала актрысай на зыходзе эпохі тых вялікіх рэформаў, калі ўрад Аляксандра II, праводзячы гэтыя гістарычна непазбежныя рэформы „зверху“ і ў інтарэсах вярхоў, жорстка падавіў рэвалюцыйны рух…» Мар’я Антонаўна ў «Рэвізоры», Верачка ў «Месяцы ў вёсцы», Акуліна ва «Уладзе цемры» — ролі, якія прынеслі рускай актрысе неўміручую славу. У «Беларускай энцыклапедыі» ёсць персанальны артыкул, прысвечаны Марыі Гаўрылаўне: «Савіна (дзявочае прозвішча Падрамянцова) Марыя Гаўрылаўна (11.4.1854, г. Каменец-Падольскі, Украіна — 21.9.1915), расійская актрыса. Як прафесійная актрыса дэбютавала ў 1869 у Мінску (Палінка — «Даходнае месца» А. Астроўскага). З 1870 працавала ў Харкаве, Ноўгарадзе, з 1872 — у трупе акцёра П. Мядзведзева ў Казані, Саратаве, Арле. Выступала ў вадэвілях, аперэтах, лёгкіх камедыях. З 1874 года ў Александрыйскім тэатры (Санкт-Пецярбург). Была лепшай выканаўцай ролі Мар’і Антонаўны за ўсю сцэнічную гісторыю „Рэвізора“ М. Гогаля. Яе ігра адметная мастацкай завершанасцю, лаканізмам і выразнасцю дэталей…»


Фота ТАСС

Якім жа быў Мінск часу Марыі Савінай?.. Ці дакладней, пэўна, было б паставіць пытанне наступным чынам: «Якім падаўся Мінск канца 1860-х юнай актрысе Марыі Савінай?..» Але ж спярша варта ўзнавіць іншы беларускі этап у жыцці будучай прымы расійскага тэатра. Мінску папярэднічаў Бабруйск.

На шчасце, актрыса пакінула пасля сябе мемуарныя запісы — «Цяжкасці і бадзянні». Праўда, упершыню яны былі надрукаваны праз дванаццаць гадоў пасля смерці М. Савінай — у 1927 годзе ў ленінградскім выдавецтве «Academia». І назву кнізе даў публікатар тэатра А. Бранскі. У 1961 годзе пад гэтай жа назвай запіскі пабачылі свет у Дзяржаўным выдавецтве «Искусство» (Ленінград — Масква). Крыніцай для выдання стаў рукапіс, які і зараз захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу. Былі ўзноўлены і некаторыя купюры, дапушчаныя пры першым выданні.

Бацькі Марыі Савінай Гаўрыла Мікалаевіч і Марыя Пятроўна Парамянцавы (на сцэне Стрэмлянавы) — правінцыйныя акцёры, якім давялося нямала павандраваць. Яшчэ дзіцём, у сем-восем гадоў, Марыя даволі часта выступала на сцэне. У Бабруйск разам з бацькам Марыя патрапіла пасля Гомеля (а туды прыехала з Нежына). «…Мне давалі ўсялякія ролі, — напіша актрыса праз шмат гадоў, — на якія не хапала актрысы. На зіму галоўныя ўдзельнікі нашай трупы разлічвалі служыць у Мінску, і таму недзе ў сярэдзіне лета мы апынуліся непадалёку ад яго ў горадзе Бабруйску, дзе, акрамя артылерыйскіх афіцэраў (там першакласная крэпасць) і яўрэяў, — нікога няма. Тэатр складаўся з доўгай залы (ледзьве ці не былога манежа), з двума ложамі і дваццаццю радамі крэслаў. Акрамя гэтага, было некалькі кватэр, дзе мы ўсе размясціліся. Актрыс было чацвёра: драматычная — Маша Сасніцкая, дзевятнаццаці гадоў (выхадная ў Чарнігаве), не ведала, куды рукі запіхнуць на сцэне, няўклюдная, нейкая бясколерная; камічная бабуля Міхайлава, яна ж і гранд-дама, жонка Славянскага, ледзьве размаўляла па-руску, на ролі какетак і вадэвілі, а галоўным чынам маларасійскія аперэткі, і я на іншыя вадэвільныя ролі і ўсё, што спатрэбіцца. Мы ігралі тры разы на тыдзень, паколькі ў горадзе існаваў афіцэрскі клуб, пад назвай „Ратонда“, куды збіралася танцаваць уся крэпасць з каменданцкім сямействам на чале».

У Бабруйску Марыя паспрабавала сябе ў галоўнай ролі ў вадэвілі «На лаўца і звер бяжыць» — публіка была ў захапленні ад юнай актрысы. Тады дзяўчына вырашыла, што будзе працаваць выключна ў камедыйных ролях. Але ж наперадзе — Мінск!.. У губернскім горадзе і пачалася сапраўдная тэатральная кар’ера Савінай. Раздзел успамінаў, дзе Марыя Гаўрылаўна згадвае першыя дні мінскага жыцця, так і называецца: «Паступленне на сцэну. 1869 год, жнівень месяц».

«Тэатр у Мінску пабудаваны ў зале дваранскага сходу, таму невялікі, але прыгожы і сімпатычны: усе ложы аздоблены разьбой і асветлены лямпамі, якія стаялі на розных калонах каля кожнай ложы, што пры прыгожых туалетах дам выглядала досыць эфектна. Дырэктарам прызначылі губернскага архітэктара Штрауха, Аўгуста Лявонцьевіча, і горад даваў субсідыю ў шэсць ці тры тысячы — не помню. Рэжысёрам быў Міхаіл Паўлавіч Каратыгін, які дагэтуль займаў такое ж месца ў Пецярбургу ў рускай оперы, але атрымаў там адстаўку…Я скакала ад шчасця, што ўсё ж патрапіла ў вялікі горад і на сапраўдную сцэну!..»

У нашай універсальнай энцыклапедыі я знайшоў артыкул пра Васіля Андрэевіча Каратыгіна — рускага акцёра-трагіка, які жыў у 1802–1853 гады. З 1820 працаваў у Пецярбуржскім Вялікім тэатры. З 1832 — вядучы трагік Александрынскага тэатра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данскі» У. Озерава), Сіда («Сід» П. Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж. Расіна) і інш. Творчасці, як сведчыць энцыклапедычны артыкул, характэрна прыўзнятая героіка, манументальная параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Іграў Атэла, Гамлета Чацкага, Арбеніна…Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рускай сцэне больш як 40 п’ес.У тым ліку — «Караля Ліра» і «Карыялан» У. Шэкспіра. У 1845–46 гг. гастраляваў у Мінску… А што ж вядома пра Міхаіла Паўлавіча Каратыгіна?.. На жаль, пакуль што адзінай для мяне крыніцай звестак пра яго застаюцца толькі ўспаміны М. Савінай.

Няпроста складваліся першыя сур’ёзныя выступленні Марыі. Дзяўчыну прыкмеціла публіка. Але Савіна набыла зайздросніцу ў асобе, лічы, прымы Раеўскай. Ірына Сямёнаўна настолькі абуралася, што яе сяброўка Сандунова нават арганізавала артыкул у адной з газет: змест зводзіўся да абвінавачванняў няўдзячнай публікі, якая не заўважае сапраўднага таленту, а аддае ўвагу толькі знешнасці.

Марыя, нягледзячы ні на што, старанна і шмат працавала. Шмат у чым юнаму дараванню дапамагаў вопытны драматычны акцёр Істомін-Кастроўскі. У Мінску адбыўся і бенефіс Савінай. Для яго былі абраны «Даходнае месца» (роля Паліны) і аперэтка «Не быць бы шчасцю, ды няшчасце дапамагло» (бедная вясковая дзяўчына Лізавета). У аперэтцы ігралі толькі ўдвух: партнёрам быў Істомін-Кастроўскі. Акрамя выключна сімпатычнай акцёрскай работы ўся публіка заўважыла, што бедная Ліза закаханая ў галоўнага героя — і на сцэне, і ў жыцці. «Пачуцці мае адбіваліся на маім твары гэтаксама, як і мае пятнаццаць гадоў. На другі дзень увесь горад ведаў пра гэта».

Істомін-Кастроўскі, канешне ж, таксама здагадаўся пра пачуцці юнай актрысы: «Мы не сказалі адзін другому ніводнага слова, і я наіўна лічыла, што ён нічога не падазрае. Я дазволіла б разрэзаць сябе на кавалкі, чым прызнацца яму і пачуць насмешку…» У сваіх успамінах Марыя Савіна згадвае прагулкі на Губернатарскай вуліцы. Углядаючыся ў старыя дарэвалюцыцйныя паштоўкі (яны знаёмы мне ў асноўным па калекцыі мінчаніна Уладзіміра Ліхадзедава), шукаю той даўні, дзевятнаццатага стагоддзя, час на вуліцы Губернатарскай (сёння — праспект Незалежнасці). Марыя Савіна яшчэ не заспела конку. Але ўжо, відаць, бачыла дом, гатэль Поляка, на месцы якога пазней будзе пабудавана гасцініца «Еўропа». Пэўна ж, аглядала мужчынскую гімназію (пабудавана ў 1844).  «Губернатарская вуліца здавалася мне ў гэты дзень, — піша актрыса, — нейкім раскошным садам, брудны і дзіравы тратуар, па якім мы йшлі, — аблачынкамі, а публіка, што гуляла, ангеламі, такія ва ўсіх мне падаваліся добрыя твары…» Істомін-Кастроўскі пакінуў Мінск, выехаў у Смаленск. М. Савіна застаецца ў губернскім горадзе і ўжо «Мінск, мілы Мінск мне апрацівеў…» Бацька Марыі спрабуе тым часам зняць у Бабруйску тэатр на сваё імя. Патрабуе, каб і дачка паўдзельнічала ў гэтай справе. Марыя аддае ўсё, што зарабіла на бенефісе, пакінуўшы сабе 50 рублёў. Бацька лічыць, што гэта мала, прадае гадзіннік, які падарылі дзяўчыне на бенефісе. Можна толькі здагадвацца, якім быў настрой у маладой актрысы. І ўжо ўбок адкінуты ўсе сумненні, звязаныя з уцёкамі ў Смаленск. Пакінуўшы губернскі горад, Марыя пакінула пісьмо, адрасаванае бацьку, дзе выказала жаданне «не блытацца па завуголлях». Не, несумненна тое, што Мінск падабаўся актрысе, але ж тэатр, вялікі тэатр тады яшчэ не прыйшоў у наш горад. Тым болей не прыйшоў ён у Бабруйск.

Пасля Мінска ў Марыі Савінай пачалося новае жыццё. Пачалося яе ўзыходжанне на тэатральны Алімп. І ўсё ж спярша быў Мінск. І пра гэта Марыя Савіна помніла ўсё жыццё.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбор редакции

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.

Общество

Республиканский субботник проходит сегодня в Беларуси

Республиканский субботник проходит сегодня в Беларуси

Мероприятие проводится на добровольной основе.

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.