Вы здесь

Тройдзень (? — 1282)


Пэўна, самы загадкавы правіцель Вялікага Княства Літоўскага. Сціплыя летапісныя звесткі пра Тройдзеня не дазваляюць сказаць нічога дакладнага. Таму паходжанне князя застаецца загадкай.


Відавочна, каб зрабіцца вялікім князем, у Тройдзеня павінна быць і законнае права, і сіла, і ўнутраная падтрымка. Магчыма, ён паходзіў з роду, з якога былі Міндоўг і Войшалк, і быў сынам старэйшага Міндоўгавага брата. Не выключана, што са сваім дзядзькам Таўцівілам ён апынуўся ў Полацку. Вёска Тройдзевечы каля Воладка паходзіць ад яго імя і можа сведчыць, што там ён жыў. Калі гэта так, дык Тройдзеня можна разглядаць як полацкага стаўленіка ў Літве. Пэўна, ён і кіраваў балцкай часткай Вялікага Княства ў Кернаве, а яго браты-хрысціяне — славянскай. Дванаццаць гадоў правіў Тройдзень — яны былі аднымі з самых цяжкіх у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Да даўніх ворагаў лівонскіх рыцараў дадаліся рыцары з Тэўтонскага ордэна, які скарыў прускія плямёны, выйшаў да межаў Вялікага Княства і выношваў задумы заваяваць Літву і Жамойць. Іншым небяспечным ворагам была Залатая Арда, якая падначаліла сабе Галіцка-Валынскае княства і праз яго жадала накінуць сваё ярмо і на Вялікае Княства Літоўскае. Жаданні не разыходзіліся са справай. І крыжакі, і татара-манголы хадзілі паходамі на ВКЛ, аднак гэтак і не дасягнулі сваёй мэты.

Пры Тройдзеню Вялікае Княства было падобна абложанай ворагамі цверджай. Жыццё яго насельнікаў падначальвалася галоўнай мэце: абараніць свой дом.

Пачынаецца мураванае абарончае дойлідства ў Наваградку і Гародні. Перасяленцаў з Прусіі Тройдзень выкарыстоўвае ў сістэме абароны, яны даглядаюць масты і дарогі, нясуць вартавую службу. Дружыны Тройдзеня не толькі адбіваюцца ад ворагаў, але і робяць паходы на варожую зямлю, дзе бяруць у аблогу гарады і замкі. Тройдзень наладжвае саюзныя адносіны з Мазовіяй, замацаваўшы іх шлюбам сваёй дачкі з мазавецкім князем. Пэўна, пры Тройдзеню да ВКЛ была далучана Дайноўская зямля з Райгародам у басейне ракі Бебжа. Усе гэта сведчыць аб пэўнай жыццястойкасці дзяржаўнага арганізму ВКЛ, даволі трывалай уладзе яе правіцеля. Мяркуючы па тым, што галіцка-валынскі летапісец у самых змрочных фарбах апісвае Тройдзеня, называючы яго «окаяньный і базаконьный, проклятый, немилостивый», ён быў цвёрды аж да жорсткасці, хітры, рашучы і валявы правіцель. Толькі такі «окрутный і валечный» князь мог адбіць варожую пагрозу і захаваць сваю дзяржаву.

Паспяхова дзейнічаў Тройдзень і супраць крыжакоў. Хоць, па словах ордэнскага храніста, лівонскі магістр пахваляўся, што ўсмірыць нават Тройдзеня ліхога. Але сам князь у 1277 годзе прыйшоў у Лівонію пад сцены Дынабурга «ўціхамірваць» крыжакоў. Дынабург, які ўзвялі крыжакі непадалёк ад полацкай мяжы, непасрэдна пагражаў Полацку, таму было важна разбурыць гэтае асінае гняздо.

Чатыры тыдні доўжылася аблога замка. Тройдзеню дапамагалі лучнікі з Полацка, якія вызначаліся трапнай стральбой. Выкарыстоўваліся каменямёты і рухомыя штурмавыя вежы, што красамоўна сведчыць аб прымяненні дасягненняў тагачаснай ваеннай тэхнікі. Аблогу давялося спыніць, бо на паўднёвых межах дзяржавы гучаў бразгат варожай зброі, і трэба было рыхтавацца да абароны ад татара-мангольскага і галіцка-валынскага нашэсця.

Тройдзень вызначаўся дзейснай натурай. Толькі адбіўся ад аднаго нашэсця, як на пачатку 1279 года лівонскія рыцары ўварваліся ў Жамойць і агнём і мячом спустошылі яе.

Князь сабраў моцнае войска і нагнаў крыжакоў ужо ў Лівоніі, дзе 5 сакавіка ў бітве пад Ашэрадэнам разбіў іх ушчэнт. Загінуў сам магістр Эрнэст фон Рацэбург і 71 рыцар (больш чым у славутай Неўскай бітве). Перамога выклікала паўстанне супраць крыжакоў падняволеных прусаў, яцвягаў і земгалаў, якіх падтрымаў Тройдзень.

Тайнай схавана смерць Тройдзеня. Паводле некаторых звестак, ён загінуў ад забойцаў, падасланых пскоўскім князем Даўмонтам. Аднак летапісец мог пераблытаць гэтага Даўмонта з яго цёзкам, які пад 1285 годам у летапісах названы вялікім князем. Значыць, ён пасля смерці Тройдзеня ў 1283 годзе і зрабіўся правіцелем ВКЛ. Правіў ён нядоўга і ў 1285 годзе загінуў у баі з рускімі дружынамі. Магчыма, ён прыйшоў да ўлады праз забойства Тройдзеня.

Смерць Тройдзеня не прывяла да падзення Вялікага Княства Літоўскага. Яно было даволі моцным, і змена ўлады не стала для дзяржавы фатальнай. У гэтым ёсць заслуга і Тройдзеня.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбор редакции

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Сельское хозяйство

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Как обстоят дела на полях Беларуси на данный момент?

Успех зависит от соблюдения отраслевых регламентов и технологий.

Регионы

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

Бьюти-рецепты XVIII века восстанавливают в Грабовке

«Императорский» туристический маршрут поможет развивать сельскую территорию.