Вы здесь

Рэп, фолк, дыска і несапраўдныя індзейцы: чым уражвалі ўдзельнікі нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне»


Сёння ў Белтэлерадыёкампаніі праходзіла штогадовая калямузычная забава — жывое праслухоўванне кандыдатаў ад нашай краіны на «Еўрабачанне». З 95 заявак, атрыманых арганізатарамі, каля 30 адсеяліся амаль адразу — іх даслалі замежныя артысты, якія паводле сёлетняга палажэння не дапускаюцца ў беларускі адбор. Яшчэ частка заяўленых песень не прайшла перадкастынг, праведзены спецыяльна створанай фокус-групай. Засталіся 45 артыстаў і калектываў, якіх сёння слухае ўжо другая фокус-група: старшыня Саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, кіраўнік музычнага вяшчання Беларускага радыё Таццяна Якушава, спявак і тэлевядучы Георгій Калдун, былыя канкурсанты «Еўрабачання» ЗЕНА (2019 год) і гурт «Naviband» (2017 год), спявак і кампазітар Юрый Селязнёў, мастацкі кіраўнік вакальнага ансамблю «Камерата» Вольга Вараб’ёва, прадзюсар Яна Станкевіч і рэжысёр, мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская. Менавіта гэтыя людзі вызначаць 12 фіналістаў — але, магчыма, іх будзе на 1-2 больш ці менш, такое права дадзена фокус-групе арганізатарамі адбору.


Георгій Калдун.

Гурт «Naviband».

ЗЕНА.

Сярод 49 песень — толькі 9 на беларускай і рускай мове, прычым менавіта ў такім парадку: па-беларуску вырашылі спяваць шэсць прэтэндэнтаў, па-руску — усяго трое. У гэту абсалютную меншасць уваходзіць, напрыклад, Віталь Артыст, які ці не ўпершыню за 20 гадоў выступае сам-адзін, без канчаткова закрытага напрыканцы мінулага года гурта «БЕЗ БІЛЕТА». Віталь гаворыць: «Ну а як інакш? Я думаю па-руску і пішу па-руску, а паколькі я цяпер самастойная творчая адзінка, то «Еўрабачанне падштурхнула напісаць песню ў новым для сябе стылі». Чагосьці нязвыклага, зрэшты, мы не пачулі — традыцыйнае «безбілетнае» пасланне розным людзям, якія разам жывуць пад адным сонцам «пад сцягам планеты Зямля», а калі вельмі прыслухацца, чуліся асобныя словы: «туманы», «Біг-Бен», «мінск» і «дранікі».

Віталь Артыст.

Блізняты Кацярына і Вольга (пад сцэнічным псеўданімам Волга) Караль, якія ў 2014-м удзельнічалі ў нацыянальным адборы як прыгожая падтанцоўка, цяпер выступілі беларускімі сёстрамі Ольсен і праспявалі, нечакана на беларускай, дыска «Ной».

Кацярына і Вольга.

— За гады назірання за конкурсам я прыйшоў да высновы, што ў нашых артыстаў, як наогул ва ўсіх усходнеславянскіх выканаўцаў, на англійскай адчуваецца вельмі моцны акцэнт, — тлумачыць прадзюсар блізнят Руслан Старыкоўскі, — які «б’е» па вушах носьбітам і які вельмі цяжка выправіць. Так навошта выконваць песні на дрэннай англійскай, калі можна паказаць іх на роднай мове, як гэта робяць тыя ж Балканы? Гэта формула клёвая, яна паказвае, хто мы ёсць, тым больш у нас у сааўтарах носьбіт мовы Раман Арлоў, атрымаўся такі сямейна-сяброўскі падрад, і нам шчыра падабаецца тое, што мы робім.

Нібы пацвярджаючы словы прадзюсара, значная частка прэтэндэнтаў, пераважна дзяўчаты, выконвае падобныя адна да адной балады «нібыта па-англійску», у якіх да таго ж шалёна фальшывіць. Але ёсць і тыя, хто відавочна прадумваў і тэкст, і мелодыю, і падачу — Ян Яраш, Габрыель Купатадзе, Валерыя Грыбусава і Уладзіслаў Пашкевіч, Юля Глебава і праект «Час Speak» і некаторыя іншыя дэманструюць не толькі добры голас і дыяпазон, але і некаторыя сцэнічныя «фішкі». Трыо CHAKRAS наогул выдае песню, у якой няма ніводнага слова, акрамя загалоўнага «Ла-лей-ла», затое ёсць і фрагменты оперы, і народны харавы спеў, і нават паганскія матывы — гучыць і выглядае насамрэч каларытна. А вось віцебскі гурт NEZABUDKI, у кі нечакана ўваходзяць адны хлопцы, відавочна капіруе стыль Джона Ньюмана, аднак не дацягвае па драйве і эмоцыях да арыгіналу.

Ян Яраш.

Габрыель Купатадзе.

CHAKRAS.

Наогул, на праслухоўванні шмат копій з MTV-шных чартаў. Слухаем іх і міжволі згадваем, што грэнка не можа каштаваць 5 рублёў, а крутон можа. З падобных меркаванняў, відаць, сыходзілі і артысты, якія ўзялі сабе модныя псеўданімы: Жэня непрыгожа, трэба Jenifer, замест Арсенія выступае ARSI, Сяргей некалькімі шчаўчкамі клавіятуры ператвараецца ў Serge, і гэтак далей. Не дзіўна, што праз 20 нумароў кампазітар Алена Атрашкевіч прапануе калегам па фокус-групе зрабіць перапынак, каб «прачысціць вушы».

Jenifer.

ARSI.

Але перамена, на жаль, не вялікая, і шоу неўзабаве працягваецца. У натоўпе ўдзельнікаў назіраем усё больш знаёмых асоб. Так, чарговую баладу ад шведскіх аўтараў выконвае Жанет — аднак калі раней яна ўражвала відовішчнымі касцюмнымі нумарамі, цяпер яе нумар падкрэслена мінімалістычны. Спявачка жартуе, што проста вырасла з гульняў у пераапрананні: «У мяне няма настрою прыйсці і перамагчы любой цаной, заваяваць сусветнае уладаранне — проста так супала, што і я не на гастролях, і песню прапанавалі насамрэч добрую, для якой я ўжо ўяўляю кліп на YouTube-канале. Хоць, прызнаюся, да апошняга я вагалася, ці падаваць заяўку, і нават словы вучыла сёння а палове шостай раніцы».

Жанет.

Яшчэ адзін заўсёднік адбору — Віталь Варанко, які адмовіўся ад іміджу супергероя з гармонікам, і абраў лірыку, зноў жа пад гармонік. А ў каманду запрасіў фіналістку расійскага шоу «Голас» Аксану Вайтовіч (спявачка з Санкт-Пецярбурга, дарэчы, мае беларускія карані) і трубача Уладзіміра Семянюка-малодшага, сына легендарнага трубача. Песня «Listen to your Heart» мае свой глыбокі сэнс і падтэкст — яна прысвечана анкахворым людзям. «Гэта датычыцца вельмі многіх, яна ў пэўным сэнсе і пра кожнага з нас, бо непасрэдна блізкія людзі мае і Аксаны сутыкнуліся з хваробай», — расказвае журналістам Віталь, чаму для іх песня глыбока асабістая: хутчэй музычны маніфест, чым конкурсны нумар.

— О, які ў нас добры нумар выступленн — легенда нумар 17, — жартуе побач гурт «Аура». У іх гэта ўжо дзесяты (!) удзел у нацыянальным адборы і таксама свая прынцыповая пазіцыя і ідэя, увасобленая ў песні «Барані сваё». У пэўны момант Яўген Алейнік і Юлія Быкава пачалі падаваць на конкурс толькі беларускамоўныя песні, а сёлета яшчэ ўзмацнілі патрыятычны поп-рок дудой і злабадзённым тэкстам, па якім адчуваецца, што ў выканаўцаў, як кажуць, накіпела абурэнне масавай нелюбоўю да свайго. «Мы палічылі, што гэта пятая наша заяўка на мове, — расказвае кампазітар, — і калі яна не сыграе сёлета, будзем рабіць тое самае далей. Заўжды, „пока смерть не разлучит нас“. А што датычыцца тых, хто называў нашы выступленні „Славянскім базарам“ і наогул заўжды лепш ведае, як трэба — калі нехта дакладна ведае, які фармат у „Еўрабачання“, калі ласка, падзяліцеся сакрэтам, і Беларусь нарэшце выйграе ў конкурсе».

AURA.

Аlen Hit і Napoli з падтанцоўкай-індзейцамі, якія, здаецца, пазычылі касцюмы ў «Без Білета», Ваня Зданюк з танцавальнымі рытмамі, Саша Захарык, гурт «Батарэйкі Ltd», Тані Фарэда, Анжэліка Пушнова, Июль, КейСі, і, нарэшце, салістка Вялікага тэатра Анастасія Малашкевіч пад 49-м нумарам — тры з паловай гадзіны праслухоўвання пралятаюць нечакана хутка. Каму з прэтэндэнтаў удалося ўразіць фокус-групу і прабіцца ў фінал нацыянальнага адбору, даведаемся ўжо сёння ўвечары — спіс шчасліўцаў апублікуе ў сваім тэлеграм-канале ATN_NEWS Агенцтва тэленавінаў, а таксама агучаць тэлевядучыя «Беларусь 1» у вячэрніх выпускаў навінаў. Журналісты «Звязды» таксама зрабілі свае стаўкі, але мы, дзякаваць Богу, не музычныя эксперты, маем права пакінуць меркаванне пры сабе.

ALEN HIT.

NAPOLI.

Ужо праз некалькі гадзін пасля заканчэння жывога праслухоўвання Белтэлерадыёкампанія абвясціла спіс фіналістаў нацыянальнага адбору. Іх тузін:

  1. Гламозда Настасся - Burning again
  2. Хмяльніцкая Дар'я - On Fire
  3. Быкава Юлія (AURA) - "Барані сваё"
  4. Грыбусава Валерыя і Пашкевіч Уладзіслаў (VAL) - "Да вiдна"
  5. Пушнова Анжаліка - True Love
  6. Шыманская Вольга (NAPOLI) - Dоn't let me down
  7. Захарык Аляксандра - Rocky Road 
  8. Смольская Кацярына (КейСі) - Chili Pepper 
  9. Яраш Ян - Fire 
  10. Развадовская Настасся - Hello
  11. Грыгор'ева Вольга, Яначкіна Юлія, Каўфман Святлана (Группа CHAKRAS) - La-ley-la
  12. Вахомчык Настасся (Малашкевіч Настасся) - Invisible

Заўтра а 12 гадзіне на Макаёнка, 9 пройдзе лёсаванне фіналістаў і рабочая сустрэча з творчай групай Белтэлерадыёкампаніі.

NEZABUDKI.

 

Alena Grand & Pasha Pashkevich.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ


Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.