Вы здесь

Тэатр юнага гледача стварыў праграму «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі»


Мэта любога мастацтва — пашыраць межы свету сваёй аўдыторыі, знаёміць з новым. Тым больш адказнасці перад мастацтвам, накіраваным на дзіцячую аўдыторыю, бо яно дыктуе будучы густ, паказвае свет з розных бакоў, вучыць успрымаць, рэагаваць і адчуваць. Дзеля таго, каб адкрыць для сваіх наведвальнікаў беларускую літаратуру, Тэатр юнага гледача стварыў праграму «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі». Цяпер у праграму ўваходзяць чатыры спектаклі, заснаваныя на класічных творах беларускіх пісьменнікаў, і яшчэ адзін знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі да прэм’еры.


Аўтарам ідэі і пастаноўшчыкам большасці спектакляў выступіў дырэктар тэатра, рэжысёр Уладзімір Савіцкі, які спецыялізуецца на спектаклях паводле класічнай нацыянальнай і сусветнай літаратуры. Ён паставіў больш за сорак спектакляў, дзевяць з якіх адзначаліся ўзнагародамі Міністэрства культуры.

У кастрычніку мінулага года цыкл быў прэзентаваны спектаклем «Сны аб Беларусі», які ішоў у тэатры і раней, а за некалькі месяцаў яго дапоўнілі адноўленая пастаноўка «Майго юнацтва крылы», «Міхалава зямля» і спектакль маладога рэжысёра Данііла Філіповіча «Палёты ўдваіх».

Сцэна са спектакля «Сны аб Беларусі».

Спектаклі адносяцца да ўмоўнай катэгорыі «для дарослых»: на некаторых стаіць пазнака 12+, на некаторых — 16+. Асноўная мэта гэтых эксперыментальных сцэнічных твораў — пазнаёміць моладзь, школьнікаў з беларускай літаратурай у «жывым» фармаце, з дапамогай сцэнаграфіі і прафесійнага акцёрскага выканання не проста аблегчыць успрыманне класічных тэкстаў, а дадаць ім новыя кантэксты.

«Сны аб Беларусі» — пастаноўка, заснаваная на творах Янкі Купалы, абазначаная як спектакль-чытанне. Усе акцёры выконваюць ролі саміх сябе. Купалавы творы ўжо традыцыйна лічацца нейкім псіхалагічным даследаваннем беларусаў. Гэты спектакль — спроба расшыфраваць код, выцягнуць з тэкстаў канкрэтныя вобразы і прыкметы, прымераць іх на сябе і зразумець нарэшце, што значыць быць беларусам. Артысты назіраюць адно за адным, па чарзе выходзяць на сцэну і прымяраюць на сваю сучасную існасць эпізоды з тэкстаў класіка.

Другое жанравае вызначэнне — паэтычная містэрыя. Кампазіцыя, паводле анатацыі да спектакля, нагадвае купалаўскую мадэль нацыянальнай гісторыі — «…мае незавершаны, цыклічны характар, напоўнена супярэчлівасцю і трагедыйнасцю… » Гэта першы, але далёка не апошні выпадак у праграме «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі», калі стваральнікі адыходзяць ад стандартнага для сцэнічных твораў фармату і пускаюць на сцэну не сюжэт, але эмоцыю, адчуванне, тэкст, дыялог на ўзроўні не слоў, але ўражанняў. Акцёры проста чытаюць вершы. У іх няма ні касцюмаў, ні канкрэтных дэкарацый. Але чытач разумее іх і разам з імі шукае расшыфроўку містычнага кода.

«Міхалава зямля» — спектакль, зроблены на аснове яшчэ адной класічнай паэмы, якую, як кажуць, «абавязкова прачытаць, каб зразумець Беларусь». Ну і яшчэ называюць «энцыклапедыяй сялянскага жыцця». Але стваральнікі выводзяць на сцэну не звыклага нам галоўнага героя Кастуся, а яго бацьку Міхала і дзядзьку Антося. Дарослыя, якія ў тэксце паэмы займаюць другасную ролю, становяцца галоўнымі, ссоўваючы фокус з дзіцячага ўспрымання свету на цэнтральную праблему. Яны ўвасабляюць мары пра ўласную зямлю і дзейна прымаюцца за справу ў спектаклі.

На сцэне зноў ніякіх дэкарацый і касцюмаў, толькі два акцёры, адначасова так падобныя на ўсім вядомых персанажаў з «Новай зямлі» і, з іншага боку, абсалютна нечаканыя. Але звычайныя парадныя касцюмы з гальштукамі на акцёрах не перашкаджаюць пабачыць у іх тых самых герояў.

Яны паказваюць сябе асобна ад галоўнага апавядальніка «Новай зямлі» — не як бацька і дзядзька, а як людзі, апантаныя сваёй мэтай, дзеля якой ім даводзіцца шукаць, даведвацца, вырашаць, ацэньваць, дамаўляцца і таргавацца. Невядома, ці атрымаецца ў іх зрабіць сваю мару і справу ўсяго жыцця рэальнасцю, ці можа перашкодзіць нешта людзям, якія сапраўды чагосьці хочуць і больш за ўсё на свеце прызвычаіліся працаваць.

Сцэна са спектакля «Міхалава зямля».

«Палёты ўдваіх» — адзіны спектакль з праграмы, створаны не Уладзімірам Савіцкім, а Даніілам Філіповічам. Тэкст спектакля сабраны з твораў Максіма Багдановіча і Алаізы Пашкевіч. Рэжысёр адшукаў паралельныя тэмы і вобразы ў творчасці двух розных паэтаў і звёў іх у дыялогу. Як жанр пазначана «Каханне ў вершах», але тэмы, якія закранае спектакль, далёка не абмяжоўваюцца каханнем. Сцэнаграфія спектакля, часам жорсткая, вуглаватая і імклівая, часам павольная, сцішаная і расслабленая, працуе супольна з вершамі, узмацняе эмоцыі, накіроўвае іх, дае ім абсалютна новыя дэкарацыі. У спектаклі хапае вершаў, якія мы прызвычаіліся чуць абсалютна па-іншаму. Не кожны чалавек здольны прачытаць эмоцыю, закладзеную ў тэкст, па паперы, таму гэты спектакль быццам змяшчае вершы ў натуральны эмацыянальны кантэкст: сварка, злосць, рашучасць і, канешне, пяшчота. Сцэнічная бачнасць прыходзіць да выканаўцаў толькі са словамі. Калі чытае другі, першы пераўтвараецца ў частку прасторы, быццам разам з простым рэквізітам падыгрывае словам першага.

Безумоўна, нягледзячы на тое, што менавіта так пазначаны ролі, нельга ўспрымаць хлопца і дзяўчыну на сцэне, якія чытаюць вершы двух паэтаў, як вобразы саміх аўтараў. У дыялогу ўдзельнічаюць не яны самі, а іх тэксты, іх эмоцыі, вобразы, праблемы і перажыванні, якія сустрэліся дзесьці ў прасторы паэзіі, па-за аўтарствам.

Сцэна са спектакля «Палёты ўдваіх».

«Майго юнацтва крылы» — адноўлены спектакль паводле драматычнай паэмы Аркадзя Куляшова пад назвай «Хамуціус». Гэтае слова — мянушка, якую ўзяў сабе кіраўнік паўстання 1863 года Кастусь Каліноўскі, каб падкрэсліць блізкасць да сялянства. Гістарычная паэма аб’яднала ў сабе драматычную канфліктнасць, імклівасць развіцця сюжэта і засяроджанасць на дзеянні і характарах герояў і паэтычную ўзнёсласць, канцэнтраванасць выказвання, больш уласцівую паэме кампазіцыю і фабулу. Рэжысёр Уладзімір Савіцкі падкрэсліваў значнасць спектакля і называў яго паэтычным, кранальным і сур’ёзным у час першай пастаноўкі. Адноўлены варыянт не страціў гэтых якасцей і ўсё так жа задзейнічае акцёрскую моладзь.

Гэты спектакль — гісторыя веры, упартасці і натхнення, якія мацнейшыя за страх і смерць. «Творы народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова — гэта ўсхваляваны расповед пра людзей, якія ва ўпартым змаганні з варожымі абставінамі застаюцца непераможнымі духоўна», — сведчыць анатацыя. Там жа цытуецца верш Куляшова, які гучыць у пастаноўцы як раманс:

«…Ах, людзі, людзі, каб наперад зналі

Вы шлях, крывёй паліты і слязьмі,

То не пакутвалі б і не кахалі,

Не плакалі… і не былі б людзьмі».

Апошні пакуль што спектакль у праграме мае назву «Калі прачнецца Бог», ён створаны па вершах Ларысы Геніюш і застаецца абсалютнай таямніцай для гледачоў. Афіша спектакля яшчэ нават не з’явілася ў сацыяльных сетках тэатра, таму дваццаць чацвёртага лютага адбудзецца абсалютная прэм’ера. Тэатр юнага гледача вырашыў паказаць усе спектаклі з праграмы «Сустрэчы з класікамі і сучаснікамі»: з 23 па 26 лютага афіша запоўнена пяццю праграмнымі пастаноўкамі, а на квіткі дзейнічаюць акцыі.

Сцэна са спектакля «Майго юнацтва крылы».

Калі прыгледзецца ці — лепш — схадзіць і паглядзець усе спектаклі праграмы, можна заўважыць пэўны почырк, адмысловы падыход. Стваральнікі спектакляў імкнуцца пазбавіцца ад усяго лішняга на сцэне, максімальна знізіць візуальную нагрузку, каб пакінуць чыстыя вобразы, чыстую акцёрскую працу і чысты тэкст. Гэта даволі смелы эксперымент, улічваючы схільнасць сучаснай культуры да візуалізацый і дынамічных сюжэтаў. Але гэта і выклік для гледача — паспрабаваць сябе ва ўменні бачыць сэрцам, асэнсоўваць і ўспрымаць сканцэнтраваную ў тэксце энергію. І немагчыма выбраць для гэтых спроб больш прыдатнага матэрыялу, чым класічная беларуская літаратура. Хаця, хто ведае, якімі будуць наступныя пастаноўкі ў праграме, што яшчэ выберуць рэжысёры Тэатра юнага гледача для эксперыментаў з рэакцыяй аўдыторыі?

Дар’я СМІРНОВА

Фота з сайта Беларускага дзяржаўнага акадэмiчнага тэатра юнага гледача

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбор редакции

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.

Общество

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

«Мы заинтересованы, чтобы к нам приезжали».

Экономика

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Беларусь — один из мировых лидеров в области добычи и глубокой переработки торфа.