Вы здесь

У Мінску прайшоў інфармацыйна-асветніцкі марафон «Выбірай.BY»


17 лютага ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» прайшоў інфармацыйна-асветніцкі марафон «Выбірай.BY», які рэалізуецца па ініцыятыве маладзёжнага выбарчага клуба «Выбар», створанага ў Цэнтры па рабоце з насельніцтвам і выбарчым працэсе Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Падтрымку праекту аказаў Маладзёжны савет пры Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь.


Мерапрыемства адкрылі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава, прадстаўнікі маладзёжных саветаў Арцём Варвашэня, Павел Вандзееў, Аляксандр Ганчароў, Дзмітрый Муравейнікаў.

На кожным узроўні гандлёвага цэнтра Мінская гарадская арганізацыя «БРСМ» праводзіла акцыю «Паштоўка.бел». Кожны жадаючы мог адправіць сваім родным і блізкім паштовую картку «Выбіраем будучыню разам!».

Цікавасць у прысутных выклікалі 30 лепшых работ Адкрытага рэспубліканскага конкурсу малюнка «Выбары вачыма дзяцей», падчас марафону было арганізавана галасаванне, па выніках якога, вызначыўся пераможца ў намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў».

Была арганізавана і дэгустацыя харчовых тавараў беларускіх прадпрыемстваў.

Музычныя нумары ў выкананні Аляксандры Мелех, Данііла Мышкаўца, Віталія Дроба, Амаліі Сухан, Веранікі Цубікавай, Івана Зданюка і іншых маладых спевакоў нікога не пакінулі раўнадушнымі.

У марафоне прынялі ўдзел намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.

Удзельнікі Маладзёжнага савета пры Цэнтрвыбаркаме Беларусі маглі паспрабаваць сябе ў ролі членаў выбарчай камісіі. Студэнткі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Ганна Каламыцкая, Ангеліна Слюсар, Арыяна Булай, Анастасія Бінецкая, Аляксандра Галімская, Злата Грышчанка (на фота) выдавалі бюлетэні для галасавання, інфармацыйныя брашуры для будучых выбаршчыкаў, даводзілі да ўдзельнікаў мерапрыемства парадак галасавання.

Віктар ІВАНЧЫКАЎ

Фота аўтара

Выбор редакции